Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні будуюць першую ў Беларусі аўтамыйку на сонечных батарэях


Прадпрымальнік Дзьмітры Сіцько

Прадпрымальнік Дзьмітры Сіцько

250 батарэяў ужо закупленыя і змантаваныя. Наладзіць аўтамыйку плянуюць да сярэдзіны лістапада.

За новы праект узяліся тры гарадзенскія прадпрымальнікі. На ўскрайку гораду, на іх уласнай паркоўцы ўжо змантавалі сонечныя батарэі, побач наладжваецца і тэстуецца абсталяваньне на аўтамабільнай мыйцы. За працу сонечных батарэяў адказвае Дзьмітры Сіцько.

Паводле Дзьмітрыя, усе сонечныя батарэі ўжо падключаныя да інвэртару, які пераўтварае пастаянны ток у пераменны. Блёк падключаны да ўнутранай сеткі. Першая частка сонечных батарэяў ужо выкарыстоўваецца; плянуецца, што ў далейшым іх будзе ў два разы болей, кажа Сіцько:

Сонечныя батарэі для аўтамыйкі

Сонечныя батарэі для аўтамыйкі

«Ужо сёньня батарэі цалкам сілкуюць асьвятленьне на ўсёй аўтастаянцы, на мыйцы і ў адміністрацыйным будынку, а таксама ацяпляюць яго. Кожны элемэнт забясьпечвае каля 250 Вт. Наш комплекс выпрацоўвае прыкладна 22-27 кВт·г. Маем надзею, што калі запусьцім яго ўвесь, то гэта сягне вышэй за 50 кВт·г. Свае патрэбы мы забясьпечым цалкам і нават зможам рэшткі прадаваць дзяржаве».

Але ці здолеюць батарэі назапашваць электрычнасьць, калі на вуліцы пахмурна і дождж? Аказваецца, што нават у самы пахмурны дзень эфэктыўнасьць батарэяў зьніжаецца толькі на 10%. Наагул, паводле Сіцько, 10 гадоў батарэі павінны працаваць без страты магутнасьці. На працягу наступных 20 гадоў эфэктыўнасьць можа зьнізіцца да 20%.

Абслугоўваньне батарэяў, кажа Дзьмітры, таксама не патрабуе спэцыяльнай адукацыі, паколькі фотаэлемэнты пакрытыя шклом і іх дастаткова толькі своечасова праціраць ад пылу. Згодна з арытмэтычнымі падлікамі, праект павінен акупіцца на працягу 5-6 гадоў.

— Думаю, што эфэктыўнасьць сонечных батарэй будзе расьці, паколькі іх цана з кожным годам памяншаецца, а тарыфы на электраэнэргію павялічваюцца.

Першая ў Беларусі аўтамыйка, якая працавацьме на сонечных батарэях

Першая ў Беларусі аўтамыйка, якая працавацьме на сонечных батарэях

У выкарыстаньні альтэрнатыўнай энэргіі дзяржава зацікаўленая і нават у нечым спрыяе, кажа Сіцько:

«Напрыклад, мы прывезьлі батарэі з-за мяжы без усякіх праблемаў і вялікага мыта, і з усталяваньнем таксама нечаканасьцяў не было. А яшчэ вельмі важна, што на тым участку, дзе стаяць сонечныя батарэі, ня плаціш арэнднай платы за зямлю. Вось гэта і сьведчыць аб тым, што дзяржава зацікаўленая ў альтэрнатыўных відах энэргіі».

Сіцько кажа, што ў хуткім часе многія прадпрымальнікі возьмуцца выкарыстоўваць альтэрнатыўныя віды энэргіі, бо гэта вельмі выгадна і адчувальна для бізнэсу:

«Калі мы мантавалі батарэі, падыходзілі цікаўныя, людзі пыталіся, ці выгадна паставіць такую батарэю на прыватным доме. Павінен сказаць, што ў кожным канкрэтным выпадку трэба ўсё разьлічваць, паколькі ў нас вельмі моцна адрозьніваюцца тарыфы для фізычных і юрыдычных асобаў. Але, напрыклад, калі чалавек недзе жыве на хутары і хоча падвесьці сабе электрычнасьць, то гэта ў любым выпадку будзе даражэй, чым змантаваць на даху падобныя сонечныя батарэі».

Цікаўлюся ў Дзьмітрыя, ці будзе таньней памыць машыну на іх аўтамыйцы, чым на звычайнай? Ён усьміхаецца і кажа, што цана плянуецца сярэдняй ад той, што ўжо існуе ў горадзе. Наагул, ідэяй усталяваньня сонечных батарэяў Дзьмітрый і ягоныя калегі захапіліся яшчэ некалькі гадоў таму, а летась пабывалі на практычнай канфэрэнцыі ў Менску, атрымалі шмат інфармацыі, правялі дакладныя падлікі і адважыліся ажыцьцяўляць праект.

«Гарадзенцы многія езьдзяць за мяжу і бачаць, што ў суседніх краінах сонечныя батарэі і іншыя альтэрнатыўныя віды энэргіі сустракаюцца даволі часта. І гэта нармальна, паколькі гэта чыстая, ці, як той казаў, зялёная экалягічная энэргія. Мы набывалі сонечныя батарэі ў Літве, там ужо пабудавалі сучасны завод. Пачыналі з таго, што напачатку набылі толькі некалькі сонечных батарэяў, а потым хуценька пераканаліся, што гэта вельмі выгадная справа. Спадзяюся, што зь сярэдзіны лістапада наша аўтамыйка першай у Беларусі запрацуе на сонечных батарэях», — кажа Дзьмітры Сіцько.

XS
SM
MD
LG