Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў плянуе пераехаць у Беларусь. На часовае жыхарства


Аляксей Мільчакоў

Аляксей Мільчакоў

Камандзір атраду расейскіх нацыстаў Аляксей Мільчакоў, які ваяваў супраць Украіны на Данбасе, цяпер трэніруе баявыя навыкі беларускіх грамадзян і набывае маёмасьць на Віцебшчыне.

У кастрычніку гэтага году Аляксей Мільчакоў правёў на тэрыторыі Леніградзкай вобласьці чарговую трэніроўку з групай беларусаў, падчас якой удзельнікі карысталіся баявой зброяй. Сёлета ён набыў дом у Віцебскай вобласьці. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў сам Мільчакоў.

— Вы казалі ў інтэрвію СМІ, што «маеце віды на Беларусь». Чым яна вас прываблівае?

Беларуская моладзь актыўна цікавіцца маімі трэніроўкамі, а гэта і добры камэрцыйны рэсурс, і магчымасьць праводзіць вайскова-патрыятычнае выхаваньне.

— Па-першае, Беларусь — наша саюзная дзяржава. Я маю пляны працягнуць набываньне маёмасьці ў Беларусі, бо зьбіраюся пераехаць туды на часовае месца жыхарства, у вёску. Па-другое, беларуская моладзь актыўна цікавіцца маімі трэніроўкамі, а гэта і добры камэрцыйны рэсурс, і магчымасьць праводзіць вайскова-патрыятычнае выхаваньне.

— Вы часта бываеце ў Беларусі?

— Так, бываў і да Данбасу, і пасьля. Беларусь — такая маленькая, акуратная краіна. Я са сваімі грашыма сярэдняга пецярбуржца ў Менску магу сабе ні ў чым не адмаўляць.

— Нядаўна вы і яшчэ адзін інструктар ДШВБ «Русіч» з баявым досьведам праводзілі трэніроўку з 12 беларусамі. Гэта праўда?

— Так, праводзілі такую трэніроўку. Група невялікая, бо я не магу адначасова трэніраваць 100-200 чалавек — гэта было б неэфэктыўна і няма тэхнічнай базы для гэтага. Беларусы, якія прыяжджалі, пагадзіліся, што факт іх удзелу і фота будуць апублікаваныя ў сацыяльных сетках. Мы «замазалі» твары на фота, каб гарантаваць ім бясьпеку, абараніць ад непатрэбных пытаньняў. Там была ня толькі моладзь, але і людзі сярэдняга веку, у якіх насамрэч я бачу велізарную цікавасьць да справы. А ўвогуле мы адкрытыя для дзяцей з 12 гадоў, калі тыя пачынаюць нешта разумець.

— Які характар насілі трэніроўкі, што канкрэтна адпрацоўвалася?

— Тактычная падрыхтоўка, тапаграфія (вывучэньне мясцовасьці), сапёрная справа — людзі вучыліся выяўляць і разьмініраваць небясьпечныя прадметы, міны-пасткі. Таксама элемэнты выжываньня ў балотна-лясістай зоне і прыёмы нажавога бою. Звычайна трэніроўка доўжыцца зь 9-ці раніцы да 7-8 гадзін вечару.

Аляксей Мільчакоў, архіўнае фота

Аляксей Мільчакоў, архіўнае фота

— Дзе праходзяць трэніроўкі і якім чынам група ўдзельнікаў дастаўляецца ў трэнавальны лягер?

— У асноўным — на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Наўгародзкая, Пскоўская і Ленінградзкая вобласьці. У Беларусі трэніроўкі я не праводжу, бо цяжка везьці туды тэхніку, перасячэньне мяжы са зброяй патрабуе належных дакумэнтаў, плюс цана падвысіцца. Удзельнікі прыяжджаюць у лягер за свае грошы, на машынах, часам на аўтобусах. Апошнім разам прыехалі на 2 дні, здымалі кватэру ў Піцеры.

— Колькі каштавала для беларусаў апошняя трэніроўка?

— 7 тысяч расейскіх рублёў з чалавека, з экіпіроўкай і расходнікамі.

— Вы выкарыстоўвалі баявую зброю падчас навучаньня беларусаў?

— Вядома. У нас ёсьць агнястрэльная зброя, у тым ліку з наразным ствалом, і ліцэнзія на яе захоўваньне і нашэньне. Ужо больш за 6 гадоў я зарэгістраваны як паляўнічы ў рэестры Мінпрыроды РФ, таму маю права. Так што беларусы на спэцыяльных стрэльбішчах у маёй прысутнасьці вучыліся страляць з баявой зброі. Мінімальная колькасьць патронаў — 120. Гэта так званая цывільная вэрсія баявых патронаў. Яны ня маюць сталёвага сардэчніка.

— Чаму імёны ўдзельнікаў трымаеце ў сакрэце?

— Утойваем іх імёны, бо пачнецца лямант, стос заяў у МУС, гістэрыка. Не хачу псаваць жыцьцё людзям, іх жа зацягаюць па міліцыі. Я незнаёмы асабіста з чалавекам зь Віцебску, які прывозіў дзяцей да Enot Corp., але ведаю дакладна, што яго абяцалі вытурыць зь Беларусі, закрылі клюб, які належаў яго жонцы (гаворка пра Міхаіла і Тацяну Гаўрыліных. — РС).

— Якая ідэалягічная праца праводзілася зь беларускімі ўдзельнікамі?

— Ідэалягічны складнік у мерапрыемстве адсутнічае. Беларусы прыехалі да мяне, бо яны па-прарасейску настроеныя і падтрымліваюць саюз дзяржаў, а значыць, такая праца ўжо не патрэбна.

— Які юрыдычны статус мае вашая структура?

Ня буду таіць: нам дапамагае Саюз дабраахвотнікаў Данбасу, я сябра гэтага саюзу. Хоць гэта некамэрцыйная структура, але мы атрымліваем адтуль пэўны рэсурс.

— Ёсьць афіцыйна зарэгістраванае адкрытае акцыянэрнае таварыства, назву я ня буду казаць. Навошта нам дадатковыя праверкі? Скажу адно: падаткі плацім, афіцыйная сфэра дзейнасьці — паслугі насельніцтву. Ня буду таіць: нам дапамагае Саюз дабраахвотнікаў Данбасу, я сябра гэтага саюзу. Хоць гэта некамэрцыйная структура, але мы атрымліваем адтуль пэўны рэсурс.

— У СМІ прайшла інфармацыя, што да вас прыяжджалі людзі з Магілёва, з суполкі «Сілавая група „Русіч“».

— Вашыя беларускія журналісты ня ўмеюць адгадваць (сьмяецца). Пра сілавую групу «Русіч» я ўпершыню даведаўся зь беларускіх выданьняў. Гэта агульная параноя і спроба паўсюль знайсьці супрацоўнікаў ФСБ...

— А як складваюцца вашыя стасункі з расейскімі сілавікамі? Вы можаце абвергнуць сувязі з ФСБ?

— Ну, пацьвярджаць ня буду. Сувязі з ФСБ? Ноў комэнт.

— Чакайце, а якім чынам вы атрымалі магчымасьць свабодна бегаць з баявой зброяй па лясах? Гэта магчыма рабіць у Расеі бязь ведама сілавікоў?

— Ёсьць такая структура — ДАСААФ, празь яе таксама рэгіструюць юрыдычных асобаў. Тут зусім не абавязкова нешта паведамляць ФСБ ці паліцыі. Нашай дзейнасьцю органы не цікавіліся. Напрыклад, дзіцячыя зборы праходзілі з дазволу адміністрацыі Масквы.

***

Ураджэнец Пецярбургу 26-гадовы Аляксей Мільчакоў (пазыўны «Сэрб») мае рэпутацыю нэанацыста. Яшчэ ў 2012 годзе ён пазіраваў з нацысцкай сымболікай і адразаў галаву шчанюку. Пасьля праходзіў тэрміновую службу ў дэсантных войсках. Амаль ад самага пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе Мільчакоў узначаліў ДВШБ «Русіч» і ўдзельнічаў у баях супраць украінскага войска. У забітых украінцаў ён адразаў вушы, фатаграфаваўся з паднятым дагары вялікім пальцам на фоне згарэлых і напалову разьдзетых трупаў. У 2015 годзе Мільчакоў вывеў свае падразьдзяленьне з Данбасу, матываваўшы гэта тым, што байцам «Русіча» патрэбныя сілы для новай вайны: «У будучай вайне, якая бліжэй з кожным днём, здаровыя патрыятычныя сілы будуць як мага дарэчы». У кастрычніку ўладамі Нарвэгіі быў затрыманы найбліжэйшы паплечнік Мільчакова — Ян Пятроўскі.

На сваёй старонцы «УКантакце» Мільчакоў неаднаразова зьняважліва выказваўся ў адрас беларускага народу. З нагоды прыбыцьця на сумесныя вучэньні ў Берасьце пскоўскіх дэсантнікаў — удзельнікаў анэксіі Крыму, Мільчакоў напісаў: «Трэба будзе — прыедзе ў 100 разоў больш нашых салдатаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG