Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады памяркоўна ставяцца да прарасейскіх баевікоў у Беларусі


 Кіраўнік баявога аддзелу расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў
Кіраўнік баявога аддзелу расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў

Чаму прарасейскія баевікі недатыкальныя ў Беларусі? Ці сапраўды беларускія ўлады ня хочуць сварыцца з Масквой праз наёмнікаў?


Удзельнічаюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Валер Карбалевіч.

Ільяш: На гэтым тыдні ў цэнтры ўвагі беларускіх незалежных СМІ зноў апынуўся расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў — да яго ў Расею на трэніроўку прыяжджала група беларусаў з 12 чалавек. Беларусаў вучылі тактыцы і агнявой падрыхтоўцы. Паводле зьвестак Свабоды, пасьля вяртаньня ў Беларусь з гэтымі хлопцамі праваахоўнікі праводзілі размовы, але ніякіх праблемаў з законам у іх ня ўзьнікла. Апошні факт выклікаў вялікае абурэньне ў сацыяльных сетках — спэцслужбы цяпер абвінавачваюцца ў бязьдзейнасьці.

У дадзеным канкрэтным выпадку прэтэнзіі да ўладаў з боку карыстальнікаў сацыяльных сетак усё ж не зусім справядлівыя. Мне здаецца, што сам факт удзелу ў падобных трэніроўках не нясе ніякага складу злачынства. Іншая справа, што назапасілася ўжо дастаткова прыкладаў, калі словы ўладаў адносна стаўленьня да ўсялякіх баевікоў і сэпаратыстаў ідуць насуперак канкрэтным справам.

усё гэта не выключэньне з правілаў, не халатнасьць асобных сілавікоў, а праява сыстэмнага стаўленьня да праблемы

Мы ўсе памятаем неаднаразовыя заявы Лукашэнкі наконт тых беларусаў, што ваююць на Данбасе — прэзыдэнт абяцаў жорстка зь імі разабрацца, калі тыя вернуцца ў Беларусь. А між тым зьяўляюцца ўсё новыя сьведчаньні пра тое, што баевікам «ДНР-ЛНР», якія вяртаюцца ў Беларусь, нічога тут не пагражае. Ужо амаль да мыльнай опэры стала падобная гісторыя баевіка Івана Яравога, які то прыяжджае ў Беларусь, то зноў зьяжджае на Данбас, усе гэта падрабязна асьвятляецца ў прэсе, але яго ніхто не арыштоўвае. Вядомая гісторыя барысаўскага баевіка Фафанава, які вярнуўся ў Беларусь з вайны і цяпер спакойна працуе, ня маючы праблем з праваахоўнікамі. І гэта толькі тыя прыклады, які сталі агульнавядомымі. Нарэшце, можна ўзгадаць, што і сам Мільчакоў, як мы памятаем, без усялякіх перашкодаў прыяжджаў у Беларусь мінулай вясной, хоць улады маглі як мінімум забараніць яму ўезд у краіну, як яны забаранялі ў свой час уезд некаторым расейскім праваабаронцам.

Для мяне відавочна, што ўсё гэта не выключэньне з правілаў, не халатнасьць асобных сілавікоў, а праява сыстэмнага стаўленьня да праблемы. Сутнасьць стратэгіі відаць у наступным: трымаць руку на пульсе (то бок адсочваць дзейнасьць прарасейскіх баевікоў, праводзіць гутаркі зь імі, кантраляваць, каб тыя не прывезьлі зброю ў Беларусь), але пры гэтым не чапаць, не арыштоўваць.

Такім чынам, з аднаго боку, ёсьць зьмены ў крымінальным заканадаўстве наконт удзелу беларусаў у ваенных канфліктах за мяжой, ёсьць гучныя заявы Лукашэнкі і сілавікоў з абяцаньнямі перасьледаваць усіх, хто быў на Данбасе. А зь іншага боку — такое памяркоўнае стаўленьне да прарасейскіх баевікоў.

Могуць існаваць толькі два тлумачэньні ўсяму гэтаму. Або сілавікі сьвядома сабатуюць загады Лукашэнкі, або гэтыя публічныя заявы прэзыдэнта з абяцаньнямі разабрацца — проста пыл у вочы, а насамрэч, каб не ствараць дадатковых падстаў для сварак з Масквой, беларускія ўлады прынялі прынцыповае рашэньне не чапаць прыхільнікаў «русского мира». Апошняя вэрсія, як мне здаецца, больш падобная да праўды.

А як вы лічыце, калегі, чаму ўлады так памяркоўна ставяцца да прарасейскіх баевікоў у Беларусі? Ці ёсьць у вас тлумачэньне гэтаму?

Глод: Як парлямэнцкі карэспандэнт разам са сваімі калегамі я шмат разоў размаўляў у кулюарах Авальнай залі зь міністрам унутраных спраў Беларусі Ігарам Шуневічам. І кожны раз ён абавязкова падкрэсьліваў: для нас не існуе рознага стаўленьня да беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне. Нам абсалютна абыякава, на чыім яны баку. Для нас яны аднолькавыя. І стаўленьне да іх будзе аднолькавым.

Аляксандар Лукашэнка таксама ўбачыў пагрозу ў выхадцах зь Беларусі, якія ваявалі ва Ўкраіне па абодва бакі фронту. Ён заявіў наступнае:

«Я бачу, што некаторыя „сьмелыя людзі“, якія ваявалі ў Данбасе, баевікі поўзаюць у Менску са зброяй. Наша стаўленьне да такіх ваяк з абодвух бакоў вядомае! Разьбірайцеся імгненна разам зь міліцыяй ды КДБ. У краіне не павінна быць аніякіх баевікоў».

Аднак выглядае, што гэта не зусім так. Стаўленьне ўсё ж рознае. Да тых, хто на баку законных уладаў Украіны, ставяцца больш сурова. Да тых, хто абараняе са зброяй сэпаратыстаў, — мякчэй. І я тут згодны зь Ігарам Ільяшом: усё гэта не выключэньне з правілаў, не халатнасьць асобных сілавікоў, а праява сыстэмнага стаўленьня да праблемы.

Але церпяць толькі тыя, хто абараняў законную ўладу Ўкраіны

Удзел у баявых дзеяньнях за мяжой зьяўляецца злачынствам у Беларусі. Найперш наёмніцтва. За ўдзел у незаконных узброеных фармаваньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы за ўзнагароджаньне прадугледжанае пакараньне. Гэта прадугледжваюць апошнія зьмены ў крымінальнае заканадаўства. Зь юрыдычнага боку цяпер да адказнасьці можна прыцягваць і адных, і другіх.

Але церпяць толькі тыя, хто абараняў законную ўладу Ўкраіны. Чаму? А таму, што ў цяперашняй складанай геапалітычнай ды фінансавай сытуацыі беларускія ўлады ня хочуць сварыцца з Масквой. Бо няцяжка ўявіць, якую рэакцыю ў Расеі выкліча гіпатэтычны менскі працэс над «тэрарыстамі з ДНР».

Раней казалі, што ёсьць два магчымыя варыянты рэакцыі на баевікоў-сэпаратыстаў: прыцягнуць іх да адказнасьці або ўжыць тактыку выцісканьня гэтых людзей зь Беларусі. Але падобна, што зьявіўся і трэці — заплюшчыць вочы і рабіць выгляд, што такіх баевікоў на тэрыторыі Беларусі не існуе.

Карбалевіч: Сапраўды, папраўкі ў крымінальнае заканадаўства, якія прадугледжваюць пакараньне за службу наёмнікам, пакуль не працуюць. Яны былі прынятыя хутчэй для запужваньня, у прэвэнтыўным парадку. Былі асуджаныя толькі тыя людзі, якія ваявалі на Данбасе на баку Ўкраіны. Прычым не за сам факт наёмніцтва, а за незаконны правоз зброі.

паводле незалежных сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 60% беларусаў падтрымліваюць Расею ў яе канфлікце з Украінай

Што тычыцца паблажлівага стаўленьня да беларусаў, якія ваявалі на баку сэпаратыстаў, то, думаю, тут дзейнічаюць некалькі чыньнікаў. Найперш, сапраўды, улады ня хочуць сварыцца з Расеяй. Бо калі зьявіцца факт крымінальнага перасьледу за гэта, то ў Расеі гэта выкліча выбух асуджэньня ў мэдыях, сацыяльных сетках. І можа ўзьнікнуць новы канфлікты вузел у беларуска-расейскіх адносінах.

Па-другое, думаю, дзейнічае і такі чыньнік. Вядома, што, паводле незалежных сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 60% беларусаў падтрымліваюць Расею ў яе канфлікце з Украінай. Можна меркаваць, што сярод прадстаўнікоў праваахоўных органаў гэты працэнт яшчэ большы. Таму ўсе справы і спускаюцца на тармазах. То бок адбываецца тое, пра што шмат гаварылі экспэрты і незалежныя мэдыі: беларускія сілавыя структуры псыхалягічна не гатовыя абараняць краіну ад Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG