Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У расьсьледаваньні забойства Шарамета 97 судовых рашэньняў; магчыма, зьявіліся падазраваныя


Павал Шарамет, архіўнае фота

Павал Шарамет, архіўнае фота

У справе расьсьледаваньня забойства ў Кіеве Паўла Шарамета ўжо ёсьць 97 судовых рашэньняў на пазовы сьледчых, але пры гэтым абнародаваная толькі нязначная іх частка.

Ва Ўкраіне ад моманту забойства журналіста ўсе — ад прэзыдэнта да кіраўніцтва праваахоўных органаў — называюць яго раскрыцьцё справай гонару. Прайшло больш як тры месяцы, а сьледзтва ўтрымліваецца ад абнародаваньня хоць бы якіх дэталяў расьсьледаваньня справы. Магчыма, таму забойства «абрастае» вялікай колькасьцю здагадак, якія, напэўна, больш шкодзяць сьледзтву, чым рэальная інфармацыя пра ход расьсьледаваньня.

Фактычна адзінай крыніцай інфармацыі аб прасоўваньні справы пра забойства Паўла Шарамета стаў Адзіны дзяржаўны рэестар судовых рашэньняў Украіны, у якім, хоць і са спазьненьнем, публікуюцца ўсе судовыя пастановы ў справе Паўла Шарамета. Яшчэ летам сьледзтва зьвярнулася ў Пячэрскі раённы суд Кіева зь вялікай колькасьцю хадайніцтваў, каб атрымаць доступ да інфармацыі, якая б дапамагла ў раскрыцьці злачынства: зьвестак мабільных апэратараў, відэазапісаў з камэр вонкавага назіраньня, разьмешчаных на будынках вакол месца злачынства. Паводле намесьніка кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Вадзіма Траяна, у справе Паўла Шарамета ўжо 97 судовых рашэньняў, але пры гэтым у рэестры абнародаваная зусім ня значная іх частка.

Што мае сьледзтва?

На месцы забойства Паўла Шарамета. Машына, у якой Павал ехаў на працу. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

На месцы забойства Паўла Шарамета. Машына, у якой Павал ехаў на працу. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

Мяркуючы па судовых пастановах, у сьледзтва ад пачатку ўзьнікла шмат праблемаў з доступам да інфармацыі нават ад тых ведамстваў, дзейнасьць якіх каардынуецца празь міністра ўнутраных спраў: сьледчым даводзілася праходзіць усе фармальныя працэдуры, прадугледжаныя Крымінальна-працэсуальным кодэксам.

У прыватнасьці, адно з такіх ведамстваў — Дзяржаўная памежная служба — адмовілася апэратыўна перадаць сьледчым відэазапісы з камэры, разьмешчанай на будынку арганізацыі паблізу зь месцам забойства. Гэта, прынамсі, вынікае з рашэньня суду, у якім адзначаецца:

«Паводле рапарту апэратыўнага ўпаўнаважанага Шаўчэнкаўскага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве пры абсьледаваньні па адрасе г. Кіеў, вул. Уладзімерская, 30 выяўленыя камэры відэаназіраньня, якія, магчыма, зафіксавалі асобаў, што мелі дачыненьне да крымінальнага злачынства. У час праведзенай гутаркі з прадстаўніком Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, якая знаходзіцца па названым адрасе, устаноўлена, што відэазапіс будзе прадастаўлены ў адпаведнасьці з судовым рашэньнем аб часовым доступе». Пры гэтым доступ да гэтых запісаў быў атрыманы толькі 6 кастрычніка — праз 2,5 месяца пасьля забойства.

Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве. 21 ліпеня 2016 году

Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве. 21 ліпеня 2016 году

У верасьні сьледзтва атрымала доступ да дакумэнтаў Кіеўскага ўпраўленьня Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях пра хімічны састаў пенаўтваральніку, які выкарыстоўваўся пажарнымі пры тушэньні ахопленай полымем машыны. Такія зьвесткі, як вынікае з рашэньня суду, сьледчым былі неабходныя ў працэсе правядзеньня экспэртызы выбуховай прылады, закладзенай пад аўтамабіль журналіста.

Верагодна, што сьледчыя таксама ўжо вызначылі і кола асобаў, патэнцыйна датычных да забойства Паўла Шарамета. Паводле рашэньняў суду, такіх грамадзян мінімум шэсьць: 2 верасьня Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў сьледзтву вывучыць зьвесткі пра ўсе ўваходныя ды выходныя тэлефонныя злучэньні, а таксама паведамленьні з чатырох тэлефонных нумароў апэратараў «Київстар» ды МТС, якія належалі дзьвюм асобам. У рашэньні суду, згодна з нацыянальным заканадаўствам пра абарону канфідэнцыйных зьвестак, іх прозьвішчы не называюцца — яны пазначаныя словамі «АСОБА_4» і «АСОБА_5». Аналягічныя рашэньні суд ухваліў 26 верасьня датычна «АСОБЫ_3», якая 19 ліпеня знаходзілася на месцы забойства, і датычна «АСОБЫ_6». 21 кастрычніка сьледчыя атрымалі магчымасьць вывучыць дадатковыя дадзеныя мабільных апэратараў пра тэлефонныя размовы ды паведамленьні ўжо згаданых вышэй «АСОБЫ_3», «АСОБЫ_4» і «АСОБЫ_5».

Разьвітаньне з Паўлам Шараметам у Кіеве. 22 ліпеня 2106 году

Разьвітаньне з Паўлам Шараметам у Кіеве. 22 ліпеня 2106 году

Як вынікае яшчэ з аднаго рашэньня суду ад 6 кастрычніка, такія запыты сьледзтва зрабіла па выніках аналізу відэазапісаў за 16 і 18 ліпеня з камэраў відэаназіраньня, разьмешчаных паблізу месца пражываньня Паўла Шарамета, месца паркоўкі ягонага аўтамабіля і месца забойства, калі была «выяўленая група асобаў, якая можа быць датычная да падрыхтоўкі і ўчыненьня гэтага злачынства».

Але, паколькі сьледзтва маўчыць, застаецца невядомым, атрымалі гэтыя асобы статус падазраваных ці пасьля вывучэньня ўсіх дадзеных іх наагул выключылі з кола «магчыма датычных» да забойства.

Цяжка і журналістам-расьсьледавальнікам

Адразу пасьля забойства Паўла Шарамета паралельна з афіцыйным расьсьледаваньнем чацьвёра журналістаў таксама пачалі пошук злачынцаў. Альтэрнатыўнае расьсьледаваньне адбываецца ў межах праекту Слідство.info пры падтрымцы OCCRP — міжнароднай сеткі журналістаў-расьсьледавальнікаў. Кіраўнік гэтай групы Дзьмітро Гнап падзяліўся ў размове са Свабодай сваімі думкамі наконт расьсьледаваньня — афіцыйнага і альтэрнатыўнага.

— Ці могуць сьведчыць абнародаваныя рашэньні судоў, што сьледзтва ўжо мае падазраваных?

— Уласна тыя судовыя рашэньні, а іх амаль сотня, мы яшчэ вывучаем. Цяжка сказаць, які аб’ём доказаў мае сьледзтва і якія ёсьць дасягненьні. Яны ж усю інфармацыю засакрэцілі цалкам, але кажуць, што быццам нейкі прагрэс ёсьць. І вось месяц за месяцам ідзе, а нічога няма. Мне здаецца, што калі б быў прагрэс, яны б ужо чымсьці пахваліліся. Тут цяжкая сытуацыя, мала што можна камэнтаваць. Мы працуем, і яны працуюць. У нас ёсьць, у прынцыпе, пэўныя зачэпкі, але нам таксама трэба яшчэ шмат зрабіць. На жаль, я не магу пра гэтыя зачэпкі вам сказаць.

Падчас разьвітаньня з Паўлам Шараметам у Менску. 23 ліпеня 2016 году

Падчас разьвітаньня з Паўлам Шараметам у Менску. 23 ліпеня 2016 году

— Адразу пасьля забойства вы абвясьцілі, што таксама шукаеце асобаў, якія маглі закласьці выбуховую прыладу пад аўтамабіль. Вам удалося знайсьці гэтых людзей?

— Пакуль няма дакладнай інфармацыі, хто гэтыя людзі і адкуль яны ўзяліся. Ёсьць толькі пэўныя прыкметы, напрыклад марка іх адзеньня. Але яшчэ мала інфармацыі. Пра іншае я проста не магу пакуль расказваць у інтарэсах нашага журналісцкага расьсьледаваньня.

— Ці супрацоўнічаеце вы з афіцыйным следзтвам? Кажуць, што нават прозьвішчы сьледчых засакрэчаныя... І колькі часу спатрэбіцца, каб завяршыць расьсьледаваньне? Можа, журналісты змогуць гэта зрабіць хутчэй?

— Прозьвішчы некаторых сьледчых вядомыя, іх можна знайсьці нават у гэтых судовых пастановах. З афіцыйным следзтвам мы не супрацоўнічаем, таму што яны ня хочуць гэтага. А значыць, яны цалкам закрытыя. Ну не дык не. Мы самі працуем. Колькі будзем яшчэ працаваць, ня ведаю. Гэтая справа вельмі цяжкая, нават найбольш цяжкая з тых, якімі наагул калі-небудзь даводзілася займацца. Гэта можа працягвацца вельмі доўга.

XS
SM
MD
LG