Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарамета: без прарыву і зь мізэрнымі шанцамі на посьпех?


На месцы выбуху аўтамабіля, у якім ехаў Павел Шарамет. Кіеў, 20.07.2016

На месцы выбуху аўтамабіля, у якім ехаў Павел Шарамет. Кіеў, 20.07.2016

Кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ заяўляе, што сьледзтва ў справе пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета працягвае вывучаць відэазапісы з камэраў назіраньня і дапытваць сьведак.

«Калі б мы знайшлі людзей (падазраваных), вы б пра гэта ўжо ведалі. Я не магу зараз казаць пра прарыў, якога няма. Вы нават не ўяўляеце, якую маштабную працу робяць нашыя спэцыялісты — вывучаюць відэа, сотні дапытаных. Мы займаемся апэратыўным напрамкам. На жаль, пакуль я не магу сказаць пра прарыў», — сказала Хація Дэканаідзэ сёньня журналістам у Кіеве.

Журналісты выкарыстоўваюць кожную публічную падзею з удзелам кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, каб даведацца пра падрабязнасьці расьсьледаваньня. Але кожны раз навіны гучаць аднолькава — прагрэсу няма, вывучаем відэазапісы, сьледчыя працуюць.

Пэрыядычна крыніцы з праваахоўных ведамстваў на ўмовах ананімнасьці паведамляюць пра цяжкасьці ў расьсьледаваньні. Апошні раз яны паскардзіліся на Пячэрскі раённы суд Кіева, які зацягвае разгляд хадайніцтваў сьледзтва аб прадстаўленьні доступу да тэлефонных размоў Паўла Шарамета і дазволу на правядзеньне ператрусу.

Паводле інфармацыі Інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда», дзе апошнім часам працаваў Павал Шарамет, сьледчыя яшчэ на пачатку жніўня падрыхтавалі і накіравалі ў суд больш як 20 хадайніцтваў аб выдачы дазволу на часовы доступ да інфармацыі, што зьмяшчаецца ў апэратараў мабільнай сувязі. Але яны дагэтуль не разгледжаныя.

Ад чаго залежыць пэрспэктыва раскрыцьця гэтага злачынства, Радыё Свабода запытала ў экспэрта ў галіне крыміналістыкі, былога галоўнага рэдактара Інтэрнэт-выданьня «Ўкраіна крымінальная» Алега Яльцова.

Алег Яльцоў

Алег Яльцоў

— Тут шмат абставінаў. Першая — гэта прафэсіяналізм выканаўцаў, другая — прафэсіяналізм сьледчых. Гэта асноўныя прычыны.

— Цяпер усё часьцей гучаць нараканьні, што рэформа праваахоўных органаў «вымыла» прафэсійныя апэратыўныя кадры і з-за гэтай прычыны раскрывальнасьць злачынстваў зьнізілася. Можа, гэты працэс таксама ўплывае на марудную працу сьледзтва ў справе Шарамета?

— Ня ўсе прафэсіяналы былі звольненыя, тыя, хто хацеў — застаўся, таму што першапачаткова было зразумела, што разганяць апэратыўныя службы — гэта ня толькі злачынства, але і такое мэнэджэрскае глупства. Я думаю, што і Авакаў (міністар унутраных спраў), і Дэканаідзе (кіраўніца Нацыянальнай паліцыі) гэта разумеюць.

Пытаньне ў тым, што ў нас расьце ўзровень злачыннасьці, а сапраўдных прафэсіяналаў сапраўды засталося вельмі мала. Нашыя рэфарматары практычна пахавалі структуру. А расьсьледаваньне такой справы — гэта ж ня так, што вось сядзіць Шэрлак Голмс за сталом і нешта там расьсьледуе. Гэта велізарны вал працы, у якую маюць быць уцягнутыя ўсе службы, гэта іх каардынацыя, мноства вузкапрафэсійных рэчаў.

У нас чамусьці ўсе лічаць, што калі надзець на чалавека каску і даць яму гумовую палку і пісталет, то ён ужо праваахоўнік. Не атрымаецца. Нават вунь патрульныя паліцыянты не атрымаліся, а што казаць пра прафэсіяналаў, на падрыхтоўку якіх патрэбна шмат часу і гадоў. Вось як могуць нашыя героі антытэрарыстычнай апэрацыі кіраваць цэлай міліцыяй? Ён паняцьця ня мае, што гэта такое. Вось у гэтым прычына, што не раскрываецца ня толькі такая супэррэзанансная справа, але і шмат іншых спраў. Узровень раскрывальнасьці зьнізіўся на парадак, але гэтыя лічбы ад нас хаваюць.

— Значыць, арганізатары і выканаўцы забойства Шарамета аказаліся больш прафэсійнымі, чым сьледчыя?

— Нам увесь час рэфрэнам кажуць, што вывучаюцца відэазапісы з камэр назіраньня, якімі натыканы ўвесь цэнтар горада. Але я не лічу, што гэтую справу расьсьледуюць дылетанты. Група складаецца з монстраў вышуку, але камэры — толькі адзін з элемэнтаў расьсьледаваньня. Іншыя — праца з агентурай, якая ў нас даўно пахаваная, і праца ўчастковых, пакватэрны абыход дамоў, зноў жа зносіны з добра інфармаванымі бабулямі, дворнікамі і гэтак далей... У нас няма ўчастковай службы, у нас ёсьць людзі, якія ўжо не адзін год зьбіраюць грошы з вулічных гандляроў. Хто будзе раскрываць злачынствы? Гэтыя пяць ці дзесяць Шэрлакаў Голмсаў, якія ў групе пад кіраўніцтвам Дэканаідзэ? Не, самі яны ня могуць гэтага зрабіць. Павінна працаваць уся праваахоўная машына, а машына разбураная і не працуе. Вось гэта непасрэдная прычына. І тое, што забойцы спрацавалі высокапрафэсійна — у мяне няма ніякіх сумневаў.

— Нядаўна зьявілася інфармацыя, што нібыта Пячэрскі раённы суд Кіева зацягвае разгляд хадайніцтваў сьледзтва пра доступ да тэлефонных размоў Паўла Шарамета. Суд сабатуе сьледзтва?

— Гэта правільна, сьледчыя павінны зьвярнуцца па санкцыю ў суд. Калі суд не дае ў такой справе дазволу, значыць, гэтыя звароты, хадайніцтвы, складзеныя непрафэсійна і не пацьверджаныя нічым. Ёсьць нормы, якія трэба выконваць. І трэба ўмець іх выконваць. Я ня ведаю сутнасьці гэтых зваротаў і чым іх абгрунтоўвала сьледзтва, але ня думаю, што нехта злосны цісьне на суд, каб перашкаджаць раскрыцьцю гэтага злачынства.

— Пры якіх умовах і абставінах сьледчыя змогуць выйсьці на выканаўцаў і арганізатараў забойства Паўла Шарамета?

— Любая справа можа быць раскрытая. У дадзеным канкрэтным выпадку посьпех у расьсьледаваньні мог бы стаць джэкпотам для нашай цяперашняй праваахоўнай сыстэмы. Але я ў гэта, калі шчыра сказаць, ня веру. Ёсьць мізэрны шанец раскрыць гэтую справу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG