Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая Акадэмія не называла Дылана «грубым і ганарыстым»


Швэдзкая Акадэмія навук адхрысьцілася ад заявы аднаго са сваіх членаў — Пэра Вастбэрга — аб тым, што паводзіны новага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры «грубыя і ганарыстыя».

Як вядома, пасьля прысуджэньня прэміі Швэдзкая Акадэмія навук не змагла навязаць кантакту з нобэлеўскім ляўрэатам па літаратуры, амэрыканскім сьпеваком і кампазытарам Бобам Дыланам.

Сёньня Швэдзкая Акадэмія пацьвердзіла, што дасюль не зьвязалася са сьпеваком. Прэмія па літаратуры была прысуджаная 10 дзён таму, але Дылан з таго часу ні разу ня выйшаў на сувязь з арганізатарамі і ні разу афіцыйна не пракамэнтаваў падзею.

У фармулёўцы Акадэміі сьцьвярджалася, што прэміі прысуджана Дылану за «стварэньне новага паэтычнага выражэньня ў межах вялікай амэрыканскай песеннай традыцыі». Памер прэміі сёлета склаў 8 млн швэдзкіх крон ($ 900 тыс.) Аднак, хоць ужо прайшоў дастатковы тэрмін, і ўсе сусьветныя мэдыі паведамілі пра прэмію, Дылан ні разу ня выйшаў на сувязь з Нобэлеўскім камітэтам і нават афіцыйна не пракамэнтаваў прысуджэньне яму прэстыжнай ўзнагароды. Невядома таксама, ці прыедзе ён у Стакгольм на ўручэньне ўзнагароды.

У суботу швэдзкія мэдыі працытавалі заяву члена Акадэміі навук Пэра Вастбэрга, які заявіў, што падобныя паводзіны — «грубыя і ганарыстыя».

Аднак афіцыйна члены Акадэміі заявілі, што меркаваньне Вастбэрга — толькі яго ўласнае, і Акадэмія яго не падзяляе.

«Аўтар, якому была прысуджана прэмія, сам павінен вырашыць, ці будзе ён прысутнічаць на цырымоніі ўручэньня, — патлумачыла Сара Даніюс, сакратарка Акадэміі. — Незалежна ад таго, якое рашэньне будзе прынятае, Швэдзкая Акадэмія не ацэньвала і ня будзе ацэньваць паводзіны ляўрэата».

Дылан вядомы тым, што неахвотна кантактуе з журналістамі.

Уручэньне ўзнагароды адбудзецца ў Стакгольмскай філярмоніі 10 сьнежня, у дзень сьмерці Альфрэда Нобэля. З рук караля Карла XVI Густава ляўрэаты атрымаюць залаты мэдаль з партрэтам заснавальніка прэміі і дыплём.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG