Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцюкевіч і Шчур — пра Дылана, Алексіевіч, літаратуру і жыцьцё


Ці заслужыў Дылан Нобэля? Што застанецца ад году Алексіевіч? Для каго пішуць беларускія аўтары? Чаму прэмія Гедройця штогод спараджае спрэчкі?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць пісьменьнікі, першы і сёлетні ляўрэаты прэміі Ежы Гедройця — Павал Касьцюкевіч і Макс Шчур. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Межы літаратуры

Дракахруст: На гэтым тыдні адбыліся важныя падзеі ў сьвеце літаратуры. У Беларусі першую прэмію імя Гедройця атрымаў удзельнік нашай сёньняшняй перадачы Макс Шчур. А са Стакгольму прыйшла навіна — сёлетнім нобэлеўскім ляўрэатам па літаратуры стаў сьпявак і паэт, легенда 60-х гадоў, Боб Дылан.

Прэмія Гедройця ня мае такой доўгай гісторыі, як Нобэль, але пэўную ўжо і мае. Першым гэтую прэмію атрымаў Павал Касьцюкевіч. Ну і каму ж разважаць пра ляўрэата, як не лаўрэатам жа?

Боб Дылан не разглядаўся, як самы імаверны кандыдат на Нобэля. На ваш погляд, ці заслужана далі яму прэмію? І што азначае гэтае пашырэньне паняцьця літаратуры: летась прэмію атрымала аўтарка нон-фікшн, сёлета — хутчэй сьпявак, бард, чым паэт?

Макс Шчур

Макс Шчур

Шчур: Мне здаецца, што рашэньні Нобэлеўскага камітэту заўсёды былі для кагосьці загадкавыя, і цяжка вызначыць чым яны ўласна кіруюцца, таму што там, натуральна, зусім ня толькі літаратурныя крытэрыі ўступаюць у гульню і яны нават у меншай ступені, але я лічу, што да гэтага трэба ставіцца досыць спакойна, таму што Нобэлеўская прэмія мае вагу, па-першае, для саміх ляўрэатаў, безумоўна для мэдыяў, для публікі чытацкай і г. д.

І заўсёды будзе пэўны працэнт скептыкаў, якія традыцыйна крытыкуюць гэтую прэмію, і іх колькасьць будзе толькі павялічвацца. Я ўпэўнены разам з тым, што будзе пашырацца дыяпазон вось гэтых галінаў мастацкага слова, за якія даецца гэтая прэмія. Аднак ня варта яе пераацэньваць.

А што да прэміі менавіта Дылану, мне здаецца, гэта абсалютна зразумелае рашэньне з увагі на ягоную асобу. Я ўчора прачытаў, здаецца, у New Yorker ці ў Guardian, камэнтар, што Дылану варта было даць прэмію асобную, «дыланаўскую», ужо за тое, што ён — Дылан. То бок на Захадзе на яго глядзяць як на абсалютна ключавую фігуру, мы гэтага ўжо ня памятаем, мы не перажылі тыя часы, прынамсі, мы, маладзейшыя, нават не нарадзіліся, калі Дылан быў на вяршыні сваёй грамадзкай значнасьці.

І я не разумею, калі людзі, якія ня маюць гэтага досьведу, раптоўна, у нас асабліва, ператвараюцца ў знаўцаў ягонай творчасьці. Я вось, напрыклад, ня знаўца ягонай творчасьці і не бяруся меркаваць пра ўзровень ягоных тэкстаў, але гэта вельмі адмысловая галіна творчасьці.

Эзра Паўнд, напрыклад, лічыў, што песенная паэзія — гэта найвышэйшы пілятаж наогул паэтычнага мастацтва. Я думаю, тут проста няма ў чым папракнуць камітэт, яны пастанавілі, што гэта важней за нейкія крытэрыі, калі казаць пра паэзію. Яны давалі прэміі досыць гермэтычным аўтарам кшталту Тумаса Транстрэмера, гэта іншая паэзія, якую нехта лічыць больш якаснай, а нехта лічыць, што гэта нешта накшталт вэрбальнага ананізму.

Дракахруст: Павал, у 60-ыя гады, у эпоху «разьюшанага пакаленьня» ў ЗША сапраўды такія мастакі, як Дылан, маглі разглядацца паводле формулы Еўтушэнкі — паэт у Амэрыцы больш, чым паэт.

Але колькі гадоў прайшло, і ўжо паэт роўны паэту. Камітэт другі год вядзе, так бы мовіць, «пашырэньне фронту». Наколькі вы лічыце гэта абгрунтаваным, дарэчным? Чаму далі прэмію Дылану?

Павал Касьцюкевіч

Павал Касьцюкевіч

Касьцюкевіч: Я заўсёды разглядаю літаратурныя прэміі ў інструмэнтальнай плашчыні, я не пытаюся, чаму і зь якой нагоды, я заўсёды гляджу, для каго гэта добра. Літаратурныя прэміі найперш добрыя для літаратуры, яны прыцягваюць да яе ўвагу, яна спадае зь цягам часу, але гэта магутны інструмэнт, і швэдзка-нарвэскі Нобэль, беларуска-польскі Гедройць — магутныя мэханізмы, якія спрыяюць папулярызацыі літаратуры.

Пытаньне ня ў Бобу Дылану, а ў тым, для каго гэта добра. Безумоўна, гэта добра для падтрыманьня самой прэміі, тых людзей, якія ўваходзяць у склад журы, якія лічацца ва ўсім сьвеце знаўцамі літаратуры. Менавіта такі нечаканы выбар, калі пасьля абраньня Сьвятланы Алексіевіч, пасьля літаратуры нон-фікшн, выбіраецца паэт, я думаю, што гэта выдатны ход для папулярызацыі самой прэміі.

Алексіевіч была ня вельмі вядомая ў сьвеце да ўзнагароджаньня. А цяпер раптам выбіраецца аўтар, якога ўсе ведаюць, які ва ўсіх на слыху, які ўвогуле з маскультуры.

Няма ніякіх пярэчаньняў да ўзнагароджаньня Дылана, вельмі люблю яго, слухаю, разумею, што ён таксама прыкладзецца да папулярызацыі паэзіі, якая сёньня ўсё менш і менш мае прыхільнікаў. Але я думаю, што зараз людзі кінуцца слухаць песьні, можа быць, выпісваць словы.

Ну а Боб Дылан, сама постаць — гэта канешне маскультура, паэт-песеньнік. Я памятаю, калі перакладаў «Аўтаспынам па галяктыцы» і калі там іранічная фантастыка, калі людзі спрабуюць сфармуляваць самае галоўнае пытаньне да супэркампутара: «У чым сэнс жыцьця?», яны спрабуюць сфармуляваць яго словамі, і адно з пытаньняў гучыць як радкі зь песьні Дылана «Blowin’ in the wind»: «Колькі шляхоў кожны мусіць прайсьці?»

Выдатная фраза, ні да чога не абавязвае, зь іншага боку, напэўна ёсьць у ёй і нейкі сэнс, значэньне, трэба думаць, што гэтая магія зь песень, якія пайшлі ад народных. Творчасьць Дылана — безумоўна гэта такі амэрыканскі фолк, створаны адным чалавекам.

Год Алексіевіч

Дракахруст: Год таму Нобэля атрымала беларуска Сьвятлана Алексіевіч. Што зьмяніла гэтая прэмія ў Беларусі, у беларускай літаратуры, у яе ўспрыманьні сьветам? І ці зьменшыць цікавасьць да яе зьяўленьне новага нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры?

Касьцюкевіч: Працягваючы свой погляд глядзеньня на прэміі як на магутны рухавік, безумоўна, гэта вельмі добра для Беларусі. Спадарыня Сьвятлана першымі сваімі крокамі пасьля ўручэньня прэміі дала зразумець нам, што гэта прэмія прысьвечаная Беларусі.

І Беларусь з ахвотнасьцю прыняла гэты фактычна дар для таго, каб пра беларускую літаратуру, незалежна ад мовы, і ўвогуле пра Беларусь даведаліся найперш у Эўропе і ў Амэрыцы.

І з гэтага гледзішча, безумоўна, гэта важная падзея, таму што літаратура тут выступае па-над нейкімі палітычнымі бар’ерамі, прынамсі, спрабуе. Алексіевіч — гэта такі лякаматыў, які мусіць выцягнуць беларускую літаратуру зь невядомасьці. У Эўропе пра нас ня ведаюць, у той самай суседняй Польшчы, ведаю дакладныя лічбы, сам займаўся гэтым, перакладаюць адну-дзьве празаічныя кнігі беларусаў на год, украінцы таксама адну. І прыблізна гэтак жа па ўсіх нашых суседзях, я ўжо не кажу пра далёкія краіны.

Казаць пра беларускую літаратуру ў сьвеце — гэта тое самае, што казаць пра македонскую літаратуру, пра нас нічога ня ведалі. З гэтага моманту пра нас ведаюць значна больш, і гэта вельмі важна для нашай літаратуры і для нашай краіны, а як мы распарадзіліся гэтым дарам, то гэта ўжо пытаньне іншае.

Ну, канешне, усё сьціраецца, усе прамільгвае. Вось прыклад Ізраілю: Шмуэль Ёсэф Агнон атрымаў прэмію 50 гадоў таму, і безумоўна гэта такі чыньнік, які кансалідуе калі ня нацыю, дык людзей, якія плацяць падаткі, таму што, выява Агнона — на грашовых купюрах Ізраілю. Таму я лічу, што прэмія Алексіевіч — гэта вельмі пазытыўная падзея.

Дракахруст: Макс, а як Вы ацэньваеце вынікі гэтага году Алексіевіч? Я прыгадаю, што да Нобэлеўскай прэміі нямала людзей сумняваліся, ці беларуская пісьменьніца Алексіевіч? Ну і ўлада рабіла выгляд, што такой пісьменьніцы проста няма. Здаецца, пасьля прэміі адбыліся нейкія зрухі. Ці гэта ня так?

Шчур: Мне цяжка меркаваць зь беларускай пэрспэктывы пра тое, наколькі гэта паўплывала на становішча беларускай літаратуры, але я ўпэўнены, што гэта так, што сапраўды ў Беларусі, а таксама ў Польшчы, Украіне, як згадваў Павал, прэстыж беларускай літаратуры проста ўзрос у разы, цікавасьць узрасла і г. д.

Але калі казаць пра такую краіну, як Чэхія, то інтэлектуалы тут даўно ведалі пра Алексіевіч, некалькі кніг было выдадзена, але не скажу, што гэтая цікавасьць тут неяк узрасла. Яна прыехала ў Прагу, дык яна заўсёды езьдзіла па Эўропе, з гледзішча ўспрыманьня літаратуры гэта абсалютна нічога не зьмяніла, па маіх назіраньнях, цікавасьць на тым самым Захадзе пачала спадаць літаральна адразу пасьля яе прэміі.

У вялікай колькасьці расчараваных, якія чакалі не таго, у іх прэмія не стымулюе цікавасьці да літаратуры, а наадварот адштурхоўвае ад яе.

Вяртаючыся да Дылана і Алексіевіч — гэта спроба самой прэміі і тых, хто за ёй стаіць, узьняць прэстыж у сьвеце. Таму менавіта прэміі даюцца такім знакавым асобам, якія ўжо загадзя маюць вядомасьць і якім сапраўды не патрэбна ніякай дадатковай папулярызацыі ў сьвеце.

Прэмія як бы даецца для таго, каб вярнуць ёй прыхільнасьць масаў. А што датычыць сытуацыі Алексіевіч, мы проста ня ведалі, ці ня ўсе ведалі, ці недаацэньвалі, ці не хацелі заўважаць, таму што яна піша па-расейску і ў пэўных колах не хацелі заўважаць, што гэта самы вядомы беларускі аўтар апошніх дзесяцігодзьдзяў.

Тое, што людзі недзе на Захадзе даведаліся пра Беларусь праз Алексіевіч, пра беларускую літаратуру, пра яе імёны — гэта абсалютная ілюзія. Яны, можа, даведаліся, што ў Беларусі ёсьць літаратура, але гэта ня значыць, што яны даведаліся пра нейкі яе зьмест або каштоўнасьць.

Для каго піша пісьменьнік?

Дракахруст: Макс Шчур, сёлетні гедройціят (па аналёгіі з набэліятам), сказаў у інтэрвію Свабодзе «Мая аўдыторыя патэнцыйна шырэйшая, чым тусоўкі вакол кнігарняў „Логвінаў“ і „Галіяфы“». А якая яна — аўдыторыя сучасных пісьменьнікаў, беларускіх, у прыватнасьці? Калісьці, у савецкія часы, было званьне народнага пісьменьніка. А наколькі гэтая мэтафара адпавядае рэальнасьці? І наколькі адпавядала? Народны — гэта ўвесь народ чытае? І наколькі гэтае паняцьце мае сэнс менавіта ў Беларусі зь яе моўным падзелам?

Шчур: Цудоўнае пытаньне, я спачатку пракамэнтую першую частку. Калі вас пытаюцца «Ці марыце вы, каб колькасьць вашых кніг павялічвалася на паліцах «Логвінава» і «Галіяфаў», то адказ на такое пытаньне лягічны — не, ня мару, таму што ўжо мае кнігі, дзякуючы ў тым ліку «Логвінаву» (карыстаюся нагодай, каб падзякаваць), ёсьць на паліцах гэтых кнігарняў.

Я разумею, што гэта пэўныя цэнтры культурнага жыцьця, але імкнуцца толькі да таго, каб зацікавіць дадаткова людзей, якія ўжо цікавяцца беларускай літаратурай, гэта ня можа быць мэтай, пагатоў марай. Таму мой адказ прагучаў так, як прагучаў. Можа, ня ўсе яго так зразумелі.

Шырэйшая аўдыторыя — гэта азначае сацыялягічна больш разнастайная, я маю на ўвазе людзей ня толькі гуманітарных прафэсіяў, ня толькі філёлягаў, якія прафэсійна займаюцца літаратурай, якія самі пішуць. Літаратура выходзіць крышку на іншы ўзровень, калі яна пачынае закранаць кагосьці яшчэ, апрача апрыёры зацікаўленых людзей.

Але гэта вельмі рэдка каму ўдаецца. Сьвятлана Алексіевіч ужо паводле жанру, у якім яна працуе, безумоўна мае лепшую стартавую пазыцыю ў гэтым сэнсе. І паводле мовы, на якой яна піша. Калі б так не было, то яна б не атрымала Нобэлеўскую прэмію.

Дракахруст: Я бачыў дадзеныя Лявада-цэнтру наконт вядомасьці Алексіевіч у Расеі http://www.levada.ru/2015/10/30/uznavaemost-svetlany-aleksievich/. Яны зрабілі апытаньне адразу пасьля таго, як яна атрымала Нобэлеўскую прэмію. Апытаньне па Расеі, але яе і выдаюць менавіта ў Расеі. Лічбы такія, што 2/3 расейцаў ня ведалі гэтага прозьвішча, 17 % нешта пра яе чулі, але нічога не чыталі, і 10% прачыталі па адной кнізе. Але як вымяраецца ўсенароднасьць?

Шчур: Усенароднасьць — гэта сканструяваны міт савецкага часу. Усенародным ці народным пісьменьнік можа быць толькі ў таталітарным грамадзтве, якое проста навязвае гэтага аўтара. 10% пасьля тых рэакцыяў, якія былі ў Расеі на прэмію Алексіевіч, у сёньняшняй Расеі, якая знаходзіцца ў патрыятычным угары — я лічу, што гэта вельмі добра.

Гэта таксама добра таму, што ў самой Расеі не такая і маладая традыцыя дакумэнтальнай літаратуры, у тым ліку пра вайну шмат дакумэнтальнага было напісана. Што да ўсенароднасьці — гэта нейкая асімптота, якая імкнецца заўсёды да павелічэньня колькасьці, але колькасьць тут не заўсёды пераходзіць у якасьць, ёсьць крытычная мяжа, да якой пісьменьнік можа дайсьці ў нарошчваньні сваёй аўдыторыі.

У кожнага пісьменьніка яна розная, я лічу, што ў Алексіевіч яна досыць высокая, яе чытаюць многія і будуць чытаць. Калі б прэмію атрымаў Алесь Разанаў, то я ня ўпэўнены, што гэта надта падвысіла б яго «ўсенароднасьць».

Дракахруст: Павал, як Вы ставіцеся да гэтага пытаньня народнасьці? У нас ва ўсіх ёсьць са школы — «Купала і Колас — народныя пісьменьнікі». А як вымяраецца народнасьць цяпер? А можа яна і непатрэбная, можа ў сучасным часе ў цябе ёсьць свая аўдыторыя аматараў, тых самых наведнікаў «Логвінава» і «Галіяфаў», ну дык і добра?

Касьцюкевіч: Калі кажуць пра прарокаў сваёй Айчыны, я заўсёды як аматар Бібліі як гістарычнага тэксту прыгадваю, што слова «прарок» у Бібліі мянялася зь цягам часу. У тыя біблійныя часы было і значэньне чалавека, які вяшчае на вуліцах, і прарока гасподняга, гэта фактычна быў кіраўнік краіны, ну і значэньне, якое мы ведаем цяпер — чалавека, які бачыць будучыню і прарочыць апакаліптычнае і крытыкуе ўлады.

Гэта можна перавесьці і ў наш час і сказаць, што літаратары — гэта людзі з тонкай скурай, чульлівым успрыманьнем часу, штосьці цяперашняе, будучае і мінулае ў іх галовах узаемадзейнічае, яны штосьці кажуць пра будучыню, што ўспрымаецца як прароцтва, альбо наадварот — яны выглядаюць як кепска апранутыя вешчуны на вуліцах.

І ў гэтым пляне сэнс літаратуры не мяняўся з часоў Бібліі, гэта такія прарокі ва ўсіх сэнсах гэтага слова: гэта і брудныя вешчуны, і людзі, якія думаюць, што бачаць будучыню, і шмат было літаратараў, якія кіравалі краінамі. Літаратура — вечная, такая, якая яна ёсьць, але часы розныя, і кім будзе літаратар у гэтыя часы — гэта заўсёды мяняецца.

Калісьці літаратары былі на кані ў грамадзтве, калісьці «пад канём», калісьці незаўважныя, калісьці выходзілі на першы плян маральнага аўтарытэту. Відаць, проста час нейкі такі зломны для літаратуры, менавіта для ўспрыманьня літаратуры ў грамадзтве.

Але мы ўсе ахвяры літаратуры, такой вялікай пачвары, Левіятана, аднак мы павінны трошкі адасоблівацца ад гэтых працэсаў. Пра папулярнасьць ня хочацца адказваць, хаця магу прыводзіць нейкія факты, але я думаю, што трэба адысьці ўбок ад такога пытаньня. Гэта трошкі не маё пытаньне, я раблю літаратуру, хачу пісаць, каб чыталі.

Літаратура ў Беларусі, Ізраілі і Чэхіі

Дракахруст: Павал, Макс, у мяне да вас пытаньне паводле вашага жыцьцёвага досьведу. Часам так здараецца, што нейкія зьявы — і грамадзкія, і культурныя — мы, беларусы, успрымаем ізалявана. І пачынаем разважаць, як гэта кепска ў нас. Але часам ня ўлічваем, што гэта ня мы, беларусы, нейкія асаблівыя такія, гэта людзі такія наагул.

У вас ёсьць досьвед жыцьця, пагружэньня ў іншае нацыянальнае, культурнае асяродзьдзе, у вас, Павал — у ізраільскае, у вас, Макс — у чэскае. Што б вы маглі сказаць пра параўнаньне літаратурных працэсаў, ролі пісьменьніка ў Беларусі, у Ізраілі і ў Чэхіі?

Касьцюкевіч: Безумоўна, габрэі — народ кнігі. Але пэўны іх працэнт, я кажу пра ўльтраартадаксальных юдэяў — гэта народ адной кнігі. Астатняе сьвецкае насельніцтва Ізраілю — гэта рэпатрыянты ў першым і другім пакаленьні, ім не да чытаньня кніжак, трэба зарабляць на жыцьцё, асвойвацца з новай мэнтальнасьцю.

Аднак ёсьць, натуральна, тыя, хто чытае, вялікая хваля эміграцыі і рэпатрыяцыі з Расеі, з былога Савецкага Саюзу, чытаюць па-расейску, але часу чытаць асабліва няма. І застаецца прыблізна такі самы працэнт чытачоў, як у Беларусі чытаюць. Няшмат, акрамя абавязковага чытаньня ў школе.

Ня мы такія адны ў Беларусі, у Эўропе, у краінах, якія атаясамліваюцца з кніжнай культурай. Гэта няўхільны працэс, кніжак чытаюць усё менш.

Хоць статус літаратара ў Ізраілі ўсё ж застаецца даволі высокім. Тое, што шмат гадоў не даюць Нобэлеўскую прэмію Амосу Озу, як у нас шмат гадоў не давалі прэмію Сьвятлане Алексіевіч і Алесю Разанаву, спараджае моцнае расчараваньне, нават у ізраільцаў, якія не чыталі Оза.

Пры гэтым Оз выступае як прарок, які вельмі крытычна ставіцца да ўладаў, які прарочыць ня вельмі ружовую будучыню для свайго народу, таму што гэта бачыць. У гэтым пляне мы падобныя зь Ізраілем.

Дракахруст: Макс, вы ўласна Гедройця сёлета атрымалі за кнігу, якая прыкладна пра тое, што я пытаюся — пра героя, які параўноўвае свой досьвед беларускі з эўрапейскім, свае чаканьні беларускія з эўрапейскімі. Роля літаратуры, роля пісьменьніка ў Чэхіі адрозьніваецца ад Беларусі?

Ну і ўрэшце Чэхія — адна зь нешматлікіх краін, дзе ня так даўно быў пісьменьнік, філёзаф на троне — Вацлаў Гавал.

Шчур: Грамадзтва заходняе, я думаю, ня толькі чэскае, складаецца з розных сэгмэнтаў, і абагульняць вельмі складана. Чэхі вельмі ганарацца, што ў іх ёсьць свая літаратура і мова, гэта драйв нацыянальнага Адраджэньня, які не спыняўся на працягу ўсяго ХХ стагодзьдзя. Паводле статыстыкі, чэхі — адзін з народаў, які найбольш чытае ў Эўропе, тут найбольш кніг выдаецца на чалавека.

Людзі па-ранейшаму шмат чытаюць, але калі параўноўваць з часамі сацыялізму, то сытуацыя зь якасьцю кніг, я ўпэўнены, пагоршылася. Таму што калі ня браць часы глухога застою, ці, як тут кажуць, «нармалізацыі» 70-х-пачатку 80-х гг., то выходзіла вельмі шмат і вельмі якаснай, цікавай літаратуры, перакладалася практычна ўсё. Я ў гэтым сэнсе абсалютна зайздрошчу чэхам.

Аднак пасьля таго, як, так бы мовіць, на трон прыйшоў філёзаф, адбылося тое, што адбываецца ва ўсіх заходніх, капіталістычных грамадзтвах — попыт на кнігі стаў абсалютна іншы і характар попыту зьмяніўся. Пасьля кароткай хвалі, калі вярнуліся забароненыя аўтары, настала засільле камэрцыі, чэхі па-ранейшаму чытаюць шмат, але чытаюць абсалютныя жахі.

Добрыя кнігі, нават той самы Філіп Рот, адзін з кандыдатаў на сёлетняга Нобэля, яны прадаюцца за бэсцань, выдавецтвы, якія выдаюць якасную літаратуру, банкрутуюць.

Чаму? Таму што людзі чытаюць нейкую ружовую дрэнь. Я думаў, што тут гэта не настолькі страшна, як у Расеі, але я бачу на ўласныя вочы, што здольная зрабіць камэрцыя, татальная камэрцыя з адукаваным, пісьменным народам, наколькі здольная падзяліць чытацкую масу на тых, хто рэзка перайшоў на шырспажыў і на папсьню, і на інтэлектуалаў, якія стараюцца стварыць такі імідж, што літаратура ў нас больш, чым проста літаратура.

Яны стараюцца стварыць такі выгляд, але ў іх гэта атрымліваецца ўсё менш, фінансаваньня ніякага, яны ўвесь час просяць у дзяржавы павелічэньня датацыяў на культуру. Нядаўна маладыя пісьменьнікі вырашылі, што зробяць свой зьезд для таго, каб проста прыцягнуць увагу да таго, што яны існуюць, што ім няпроста. Хаця гэта аўтары досыць пасьпяховыя, якія атрымлівалі прэміі.

Галоўная чэская літаратурная прэмія ня мае грашовага фонду. То бок сытуацыя вельмі далёкая ад ідэалу. Калі нехта думае, што нават у такой краіне, з такімі культурнымі традыцыямі, як Чэхія, якая не паддалася Нямеччыне, паўстала з попелу, немагчыма на працягу 10-20 гадоў ператварыць культуру ў гіпэрмаркет ці Дыснэйлэнд, то ён памыляецца. Калі ў нас прыйдзе на трон хтосьці больш пісьменны, чым цяперашні кіраўнік, то можа так здарыцца, што эфэкт будзе зусім адваротны таму, якога мы чакаем.

Жарсьці па Гедройцю

Дракахруст: Уручэньне прэміі Гедройця амаль штогод суправаджаецца гучнымі спрэчкамі і скандаламі, маўляў, паўсюль інтрыгі, не таму далі, былі ж і лепшыя, словам, «судзьдзю на мыла». Калі гэта адбылося раз-другі, можна было тлумачыць асаблівасьцямі выбару. Але калі гэта рэгулярна адбываецца каторы раз запар, гэта ўжо выглядае сацыяльнай зьявай.

Дык і чаму ж мы такія? Няма прарока ў сваёй Айчыне? Гэта і пра журы, і пра ляўрэатаў. І на Лукашэнку ня сьпішаш, ня ён жа судзьдзяў вызначае.

Касьцюкевіч: Я зноў хачу вырвацца з куба, які мне намалявалі, і расказаць трошкі іншую гісторыю. У мяне трошкі іншае бачаньне прэміі, як я ўжо сказаў, я бачу гэта як магутны інструмэнт для папулярызацыі літаратуры, культуры чытаньня, культуры кнігі. І на жаль ёсьць адваротныя, нэгатыўныя бакі, гэта безумоўна самі людзі, якія трапляюць у гэтыя колы, да гэтага молаха, які завецца літаратурай. І фактычна ўсе літаратары, усе сябры журы — гэта ахвяры літаратуры.

Літаратары хочуць, каб іх людзі чыталі, за гэта трэба плаціць. Гэтыя скандалы — яны вельмі балючыя на прыватным узроўні, ня толькі для саміх літаратараў і для іх сяброў, але і для іх сем’яў. Я ня думаю, што ў іншых краінах менш скандалаў на гэты конт. Краіна ні пры чым, проста літаратура патрабуе сваіх ахвяраў.

Дракахруст: Макс, а як вы гледзіце на гэта? Тут справа, так бы мовіць, у норавах літаратурнага цэху, ці ў асаблівасьцях беларускай сытуацыі, або гэта сапраўды сусьветная зьява?

Заўсёды і паўсюль літаратары — людзі амбітныя, заўсёды яны сварацца. І, дарэчы, калі мы гаворым пра беларускіх клясыкаў, то ў нашым Пантэоне яны стаяць такія прыгожыя, мірныя, добрыя адзін да аднаго, а пры жыцьці яны не былі такія.

Шчур: Па-першае, як сказаў Павал, гэта ўласьціва ня толькі беларусам, а пісьменьнікам як цэху, заўсёды будуць асабістыя крыўды. У якасьці прыкладу магу прыгадаць, як адзін мой знаёмы чэскі паэт сказаў, што напіша кнігу, за якую хоча атрымаць пэўную прэмію, кшталту нашага «Дэбюту». І ён яе сапраўды атрымаў.

Магчыма і такое, калі падаваць на правільную прэмію і ведаць слушныя парады, які і што трэба зрабіць, каб яе атрымаць. Я ўпэўнены, што ў любым грамадзтве можна такое знайсьці.

Я абсалютна нічога ня ведаю пра фармаваньне журы прэміі Гедройця, ні пра нейкія інтрыгі, я пра гэта нічога ня ведаю і не хачу ведаць.

Спэцыфіка Беларусі толькі ў тым, напэўна, што ў нас няма ўнівэрсальнага трацейскага судзьдзі, які называецца публікай. Значнасьць публікі пры пэўнай колькасьці чытацкай аўдыторыі пераходзіць пэўную крытычную мяжу, і сапраўды яе меркаваньне набліжаецца да аб’ектыўнасьці.

Пакуль такой масы чытацкай на жаль у беларускамоўнай літаратуры няма. Пакуль гэтая літаратура ня стала такой зьявай, як расейская аўдыторыя Алексіевіч у 10%, пра што сьведчыць апытаньне Лявада-цэнтру. Калі гэта будзе, то гэта будзе абсалютна непадкантрольна. А інакш гэтага будзе падкантрольна камусьці іншаму, камусьці, хто мае большы або меншы ўплыў.

Вось гэта спэцыфіка Беларусі, плюс вядома недастатковае фінансаваньне. Але калі б была зацікаўленасьць шырокай масы, то і фінансаваньне знайшлося б, і яго не давялося б шукаць недзе ў міжнародных арганізацыях. Там, дзе недастаткова сродкаў, там абавязкова ўзьнікнуць канфлікты між людзьмі. І дзеля гэтага ім неабавязкова быць літаратарамі, яны проста будуць змагацца за выжываньне ў пэўнай сфэры, у якой працуюць.

З гэтых усіх прычынаў мне ня дзіўна, што столькі шмат незадаволеных. Але калі падумаць, то гэта ўсё незадаволеныя аднаго тыпу, аднаго кола, аднаго роду заняткаў, з тым або іншым густам, якія якраз і сочаць, дзякуй Богу, за беларускай літаратурай.

І мне шкада такіх людзей, калі яны крыўдуюць, але дапамагчы я ім не змагу, таму што такая сытуацыя аб’ектыўная і яна будзе працягвацца далей, пакуль нешта ня зьменіцца ў самім грамадзтве, у самой краіне.

Да таго гэта будзе кожны год, кожны год будуць скандалы. На мой погляд, прэмія Гедройця пакуль што вельмі добрыя вынікі паказвае, то бок вынікі непрадказальныя — Някляеў, Казько за апошнія гады. Мяркую, што і маё ўганараваньне мела нейкі такі разьлік. Таму я рады ня толькі за сябе, але і за прэмію Гедройця сёлета.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG