Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзіцячым доме ў Жодзіне амэрыканскі фонд правёў акцыю супраць гвалту


Амэрыканскі фонд «The Saviour» правёў штогадовую дабрачынную акцыю «Па імені Дзяцінства» для гадаванцаў Жодзінскага дзіцячага дому.

10-я па ліку акцыя была прымеркаваная да Сусьветнага дня супраць гвалту, які адзначаецца 2 кастрычніка.

«Мы жывем у часы войнаў, тэрактаў ды забойстваў. Як спыніць гэтую жорсткасьць? Хіба толькі негвалтоўнымі мэтадамі, шляхам перамоваў. Пачынаць практыкаваць негвалтоўную філязофію варта зь сябе самога ды сваёй сямʼі. Тады сытуацыя пачне паціху зьмяняцца спачатку на побытавым узроўні, а пасьля і на ўзроўні дзяржаў. Юбілейная акцыя закранула сурʼёзную тэму, якая ня мае межаў і тычыцца кожнага з нас», — падзялілася сваімі думкамі Кацярына Фаронда, кіраўніца амэрыканскага фонду «The Saviour».

Дзетак весялілі клоўн Моня з дрэсіраванымі сабачкамі і яго памочніца Лана.

Дзяўчаткі і хлопчыкі сталі ўдзельнікамі чароўнага шоў з мыльнымі бурбалкамі, якія вырасталі большыя за дзіцячы рост. Моня запрашаў усіх ахвотных стаць, абняўшыся, у чароўнае кола і загадаць самае патаемнае жаданьне. А тым часам вакол іх вырастала мыльная сьцяна — гэты фокус найбольш спадабаўся малым удзельнікам.

Напрыканцы дабрачыннай акцыі дзеткі атрымалі падарункі з Амэрыкі.

«Мой аўтарскі праект „Па імені Дзяцінства“, які рэалізоўваўся ў Беларусі цягам 10 год, завершаны. Аднак яшчэ плянуем выдаць DVD-дыск зь фільмамі пра ўсе акцыі. За гэты час каманда фонду „The Saviour“ правяла акцыі ў розных гарадах Менскай вобласьці. Дзякуючы акцыям я змагла пазнаёміцца зь неабыякавымі і вельмі творчымі асобамі: Ярашам Малішэўскім, Аксанай Спрынчан, Рэгінай Багамолавай, Юліяй Лебядзенкай ды Сьвятланай Стэфаненкай», — сказала Кацярына Фаронда.

За плячыма Кацярыны ня толькі дабрачынныя акцыі ў Беларусі, але і гуманітарная місія ў Бэнін, што ў Заходняй Афрыцы, ды місія ў Гаіці пасьля землятрусу ў студзені 2010 году.

Кацярына Фаронда і надалей працягне свае візыты ў родную для яе Беларусь, каб апекавацца людзьмі, якія маюць у гэтым патрэбу.

Марына Яўсейчык для Радыё Свабода, фотаздымкі аўтара

XS
SM
MD
LG