Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы танец на інвалідных вазках

абноўлена

Амэрыканскі фонд «The Saviour» правёў дабрачынную акцыю ў Iвянцы, выкарыстоўваючы для дзіцячай імпрэзы беларускую мову.

У Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізычнага разьвіцьця прайшла штогадовая дабрачынная акцыя «Па імені дзяцінства», арганізаваная амэрыканскім фондам «Спас» («The Saviour»).

Для 78 дзяцей з захворваньнямі апорна-рухальнага апарату выступілі з канцэртам Рэгіна Багамолава, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, іх дачушка Альжбэта.

Рэгіна Багамолава зачытала вершы Цёткі, расказала пра творчы шлях паэткі.

Канцэртная праграма была прысьвечаная гісторыі беларускіх нацыянальных музычных інструмэнтаў. Дзеці ня толькі пазнаёміліся з рознымі старажытнымі музычнымі інструмэнтамі, але і пачулі ў выкананні Яраша Малішэўскага, як гучаць дудка, акарына, жалейка, варган, шархуны.

Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі

Жонка музыкі, Аксана Спрынчан, распавяла дзецям чароўную гісторыю пра пісьменьніцу і музыку, якія закахаліся адзін у аднаго і стварылі творчую сям’ю.

Арганізатарку дабрачыннай акцыі, прадстаўніцу фонду «The Saviour» Кацярыну Фаронда, кранула актыўнасць дзяцей, іх жаданьне паказаць на сцэне свае нумары, у тым ліку і танец на інвалідных вазках. Кацярына падзялілася сваімі ўражаньнямі:

«Такога выступу ніколі не бачыла! У мяне на вачах зьявіліся слёзы, бо заўжды мы для дзяцей ладзім асветніцкія праграмы, а цяпер дзеці самі паказалі, на што яны здольныя, хоць самі фізычна абмежаваныя».

На сцэне — Каця Захавеева
На сцэне — Каця Захавеева

Пасля канцэрту дзяцей чакаў салодкі стол і сяброўская гутарка з гасьцямі. У дадатак да гэтага, усе выхаванцы дома-інтэрната атрымалі падарункі з Амэрыкі.

Міхаіл Уладыка, Таня Упіт, Вадзім Стрэльскі (зьлева направа)
Міхаіл Уладыка, Таня Упіт, Вадзім Стрэльскі (зьлева направа)

Адметнасьць сёлетняшняй акцыі ў яе беларускамоўнасці. Упершыню канцэртная праграма была праведзена на роднай мове.

Кацярына Фаронда патлумачыла:

«Нашы акцыі — дабрачынныя, а не палітычныя. Пытаньне, якую мову выкарыстоўваць, ніколі не ўздымалася і не павінна ўздымацца. Нават калі б мы размаўлялі на англійскай мове, сутнасць імпрэзы не змянілася б. А перакласьці можна на любую мову, якую ты разумееш. Заўжды мы выкарыстоўвалі расейскую мову, яна больш запатрабаваная. Аднак сёлетняшняя акцыя — выключэньне. Пагадзіцеся, было б немагчыма сьпяваць беларускія песьні на расейскай мове. Вельмі спадабалася тое, што дзеці ўсё цудоўна разумелі і адказвалі вядучым па-беларуску» .

Наступныя акцыі таксама могуць загучаць па-беларуску, упэўненая Кацярына. Усё будзе залежыць ад тэмы акцыі, наколькі яна будзе прывязаная да нацыянальнай тэматыкі. Кацярына паводле нацыянальнасьці — беларуска. Сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці яна не цураецца і ў ЗША: носіць вышываныя кашулі, удзельнічае ў сьвяткаваньні Купальля. Калі там жанчыну блытаюць з расейкай, яна адказвае, што «Савецкага саюза даўно няма, Беларусь — асобная дзяржава, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. І ў нас, беларусаў, свая мова і культура...» За плячыма ў Кацярыны ўжо 8 дабрачынных акцый «Па імені дзяцінства», якія яна правяла для дзяцей розных раёнаў Беларусі. Кожная такая імпрэза — ўнікальная. Ніколі не паўтараюцца праграмы і тэмы. Былі акцыі, прымеркаваныя да Новага года, пачатку навучальнага года, Вялікадня.

«Акцыі — гэта аўтарскі праект, які быў прыдуманы спэцыяльна для Беларусі і праводзіцца з мэтай асьветы ды прыцягненьня ўвагі да існуючых сацыяльных праблем ня толькі ў самой краіне, але і ва ўсім сьвеце. Дабрачынныя акцыі маюць розныя формы правядзеньня. Яны ладзяцца для дзяцей-інвалідаў, для дзяцей з дзіцячых дамоў і шматдзетных сем’яў», — распавяла Кацярына.

Паводле Кацярыны, дзякуючы відэа, якое здымаецца пад час кожнай акцыі і выкладаецца на сайт фонду «The Saviour», хворыя дзеці могуць знайсці спонсараў на лекаваньне. І знаходзяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG