Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі фонд дапамагае беларускім дзецям-інвалідам


Замежныя беларускі зладзілі сьвята ў Чэрвеньскім доме-інтэрнаце для дзяцей і моладзі з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

Дзеці з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі аб’ядналі людзей бязь межаў: кіраўніцу амэрыканскага дабрачыннага фонду «The Saviour» («Спас») беларуску зь Нью-Ёрку Кацярыну Фаронда і скрыпачку зь Беларусі, якая жыве ў Вене, Юлію Лебядзенка.

Намаганьнямі Кацярыны Фаронда ў Беларусі прайшла штогадовая, ужо дзявятая па ліку, дабрачынная акцыя «Па імені дзяцінства». Гэтым разам яе прысьвяцілі ахове навакольнага асяродзьдзя. На думку Кацярыны, немагчыма казаць пра абарону дзяцей без абароны навакольнага асяродзьдзя — месца жыцьця дзяцей:

«На мой погляд, чысьціня прасторавая і чысьціня духоўная — ўзаемазьвязаныя паняцьці і фарміруюць асобу. Цяжка ўявіць адно без аднаго. Усе дзеці маюць чысьціню духоўную ад самага нараджэньня. Ці захаваецца яна і ці паболее яе, той чысьціні духоўнай, — залежыць ад асяродку, у якім расьце дзіцёнак. А тут ужо можна весьці гаворку ня толькі пра ўнутраны сьвет дзіцяці, яго маральныя якасьці, але і пра яго фізычнае здароўе. Гэта вельмі важна».

Гэтым разам для сваёй дабрачыннай акцыі Кацярына Фаронда абрала Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей і моладзі з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця ў Менскай вобласьці. Адметнасьць праграмы — у яе падыходзе: гэтым разам сьціпла і сур’ёзна, з клясычнай музыкай са сцэны — адмысловая музычная тэрапія. Дуэтам скрыпачка Юлія Лебядзенка і піяністка Сьвятлана Стэфаненка выканалі творы Нікола Паганіні ды Фрыца Крэйсьлера. Сьвятлана яшчэ і рамансы прасьпявала. Дзеці, абмежаваныя фізычна і разумова, не абдзеленыя эмацыйна. Яны вельмі тонка адчулі мэлёдыку, настрой скрыпкі: пляскалі ў далоні, усьміхаліся, махалі сьцяжкамі дабрачыннага фонду «Спас». У залі панаваў дабразычлівы настрой.

Па словах дырэктаркі дома-інтэрната Элы Барысавай, дзеці вельмі чакаюць, калі да іх прыедуць неабыякавыя людзі і зладзяць для іх сьвята. Для гадаванцаў дома-інтэрната гэта адзіная магчымасьць пабачыць новыя твары і адчуць да сябе прыязнасьць незнаёмых людзей.

Юлія Лебядзенка, скрыпачка, кажа:

«Для мяне няцяжка выступаць перад дзецьмі-інвалідамі са звычайнай маленькай сцэны. Бо музыка ня мае межаў. Калі знаходжуся бліжэй да слухача, то паміж намі няма прасторавых перашкодаў. Я адчуваю настрой залі. А дзеці такія шчырыя! Вельмі эмацыйна рэагуюць на маю музыку. І гэта толькі дае мне сілы, яшчэ больш запальвае.»

У Юлі гэта ўжо другі выступ для гэтых дзяцей. А ўвогуле, дзяўчына займаецца адраснай дапамогай беларускім дзіцячым дамам і шпіталям. Шмат разоў падтрымлівала акцыі ў дапамогу дзецям з Украіны, Расеі, Сэрбіі, іншых краінаў. Дабрачыннасьцю ня толькі ў Беларусі, але ў іншых постсавецкіх краінах займаецца і Кацярына Фаронда з фонду «The Saviour», які дапамагае і гуманітарнай дапамогай, і спэцыяльным харчаваньнем для дзяцей зь цяжкім генэтычным захворваньнем фенілкетанарыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG