Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як толькі Эўропа пачне прымаць Лукашэнку, ён там будзе ўвесь час», — экспэрт пра візыт Лукашэнкі ў Пакістан


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

4 кастрычніка пачынаецца афіцыйны візыт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан.

Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, заплянаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Навазам Шарыфам, прэзыдэнтам Мамнунам Хусэйнам і кіраўніцтвам парлямэнту Пакістану.

Таксама Лукашэнка возьме ўдзел у адкрыцьці беларуска-пакістанскага інвэстыцыйнага форуму ў Ісламабадзе. Па выніках візыту чакаецца падпісаньне двухбаковых дакумэнтаў.

Раней Лукашэнка заявіў, што пад палітычныя стасункі, якія знаходзяцца на высокім узроўні, трэба «падвесьці магутную эканамічную базу». Кіраўнік Беларусі выказаўся за павышэньне таваразвароту з Пакістанам да 1 млрд даляраў (цяпер ён складае ўсяго 50-65 мільёнаў даляраў за год).

«Мы ўзаемадапаўняльныя дзяржавы. Трэба наладзіць мост эканамічнага супрацоўніцтва, і гэта галоўнае на пэрспэктыву», — сказаў Лукашэнка.

Папярэдні візыт Лукашэнкі ў Ісламабад адбыўся ў траўні 2015 году.

Што зьвязвае Беларусь з Пакістанам? Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка сказаў у інтэрвію Свабодзе, што Беларусь ня мае асаблівых пэрспэктываў у Пакістане.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

— Беларусы апынуліся на дзіва дрэннымі партнэрамі. Бо першы праект па продажы недзе ста тысяч трактароў быў падпісаны, калі прэм’ерам быў яшчэ Міхаіл Чыгір. Цэны яны запусьцілі нізкія, а потым калі падлічылі, то выявілася, што гэта нявыгадна вырабляць. Таму Пакістан як аграрная краіна, вытворца, і Беларусь, як саўгасна-калгасная краіна, маюць ярка выражаныя агульныя інтарэсы. Гэта сельская гаспадарка. Для Беларусі важны продаж угнаеньняў, бо на нашы ўгнаеньні ў Кітаі цэны нізкія, усясьветныя цэны нізкія. Што да лёгкай прамысловасьці, то Пакістан гэта найбуйнейшы сусьветны вытворца адзеньня розных відаў. Таму тут таксама можна шукаць нейкія сумесныя тэмы. Ну, а ў асноўным, Аляксандар Рыгоравіч парлямэнцкія выбары правёў, да прэзыдэнцкіх яшчэ далёка. Надыходзіць сэзон дажджоў, што яму ў Менску рабіць? З расейцамі цяпер лепш не зьвязвацца. Лепш пакатацца і ён катаецца, на поўдні цяпер «бархатны» сэзон.

— Лукашэнка кажа пра павелічэньне таваразвароту да аднаго мільярда даляраў, пра падвядзеньне «магутнай эканамічнай базы»...

— Пакістан, Кітай, Індыя гэта краіны, якія даволі шчыльна апякаюць свой унутраны рынак. Нейкай новай прадукцыі, хай-тэку ў нас няма. А потым далёка везьці. І як туды везьці? Хіба калёну трактароў сваім ходам пусьціць на Ісламабад, а наперадзе на белым трактары міністра прамысловасьці?! Памятаю і раней былі візыты ў Інданэзію, Філіпіны, Сінгапур. Гэта быў такі палітычны турызм. А тое, што пішуць і патасна навокал выкрыкваюць, то я ўжо чалавек немалады і больш чым трэба наглядзеўся гэтага патасу. Як толькі Эўропа пачне прымаць Лукашэнку, ён там будзе ўвесь час — Францыя, Нямеччына, Італія, Андора... У Манака будзе езьдзіць разьвіваць сумесны бізнэс. Таму ёсьць чыста чалавечыя рашэньні. Не трэба ніколі думаць, што ўсё робіцца ў імя краіны. А пэрспэктываў у Пакістане асаблівых няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG