Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляціць у Пакістан павялічваць таваразварот


Прэм'ер-міністар Пакістану Наваз Шарыф (справа) і Аляксандар Лукашэнка ў Равалпіндзі, архіўнае фота 28 траўня 2015 году

Прэм'ер-міністар Пакістану Наваз Шарыф (справа) і Аляксандар Лукашэнка ў Равалпіндзі, архіўнае фота 28 траўня 2015 году

Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан адбудзецца 4–6 кастрычніка, паведамляе ягоная прэс-служба.

У часе візыту заплянаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Навазам Шарыфам, прэзыдэнтам Мамнунам Хусэйнам і кіраўніцтвам парлямэнту Пакістану. Таксама Лукашэнка возьме ўдзел у адкрыцьці беларуска-пакістанскага інвэстыцыйнага форуму ў Ісламабадзе. Па выніках візыту чакаецца падпісаньне двухбаковых дакумэнтаў у розных кірунках супрацы.

Лукашэнка сёлета ўжо сустракаўся зь міністрам замежных справаў Пакістану, называў яго «прадстаўніком свайго добрага сябра» (Шарыфа), а ягоную краіну — «ядзернай дзяржавай, вельмі ўплывовай у сьвеце». Лукашэнка казаў, што ён з Шарыфам хацеў бы, каб пад іхныя палітычныя і асабістыя стасункі была падведзеная магутная гандлёва-эканамічная база.

Тады гаварылася, што Пакістан купляе беларускія трактары, калійныя ўгнаеньні, шыны, газэтную паперу, дзіцячае харчаваньне ў сухіх сумесях, а Беларусь у Пакістану набывае бавоўну, тэкстыль, вырабы са скуры і спартовы інвэнтар, зацікаўленая ў рысе і экзатычных пладах.

Таваразварот між краінамі невялікі: 56 млн даляраў за 2015 год. Цяпер гаворка ідзе пра дасягненьне таваразвароту ў 1 млрд даляраў.

Гэта істотна на фоне агульнага падзеньня эканомікі. Абарот замежнага гандлю Беларусі ўпаў з 92 млрд даляраў у 2012 годзе да 57 млрд у 2015-м (з Расеяй — з 44 да 27,5 млрд). У студзені–жніўні 2016 году падзеньне працягнулася: мінус 15% да аналягічнага пэрыяду летась (і мінус 9,8% з Расеяй).

XS
SM
MD
LG