Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Снайпэрку з Барысава» ўсё ж забілі, — сьведчаньне былога баевіка «ЛНР»


Натальля Красоўская, архіўнае фота

Натальля Красоўская, архіўнае фота

Натальля Красоўская з Барысава, якая ваявала на баку сэпаратыстаў, загінула на Данбасе не пазьней за 2015 год.

Гэтую інфармацыю Свабода атрымала ад былога баевіка «ЛНР» Канстанціна Фафанава, які жыве цяпер у Барысаве.

Паводле Фафанава, на Данбасе ён пазнаёміўся з траімі беларусамі з Барысава.

«Я зь імі толькі на Данбасе пазнаёміўся, да вайны мы былі не знаёмыя. Адзін хлопец вярнуўся, ён з Печаў быў, — малады, гадоў 30. А дзяўчына загінула», — кажа Фафанаў.

На ўдакладненьне карэспандэнта Свабоды, ці ідзе ў гэтым выпадку гаворка пра снайпэрку Натальлю Красоўскую, Фафанаваў пацьвердзіў: «Так, здаецца». Дакладны час, калі яна была забітая, экс-баявік прыгадаць ня змог, але падкрэсьліў, што гэта здарылася не пазьней за 2015 год.

Натальля Красоўская — ці не самая вядомая беларуская грамадзянка, якая ваявала на баку прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Яна зьявілася там яшчэ ў траўні 2014 году, ваявала пад Славянскам.

Красоўская неаднойчы запісвала свае відэазвароты і выкладвала іх на YouTube. У адным з апошніх ролікаў, яшчэ ў жніўні 2014 году, яна сказала, што ёй перастаў падабацца Аляксандар Лукашэнка, «бо ён падтрымлівае Парашэнку». «Цяпер калі я прыеду ў Беларусь, то толькі са зброяй», — абяцала сэпаратыстка.

Некалькі разоў у інтэрнэце зьяўлялася інфармацыя пра яе гібель, якая потым абвяргалася.

Дакладна можна сказаць, што яна была жывая як мінімум да кастрычніка 2014-га: тады апошні раз зьявілася на публіцы, на мітынгу ў Маскве ў падтрымку «Наваросіі». Украінскія крыніцы пісалі, што ў жніўні 2015 году яе нібыта бачылі на фронце паблізу Новаазоўску. Значна пазьней у сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя, што яна загінула ў верасьні 2015-га, але ніякіх доказаў не было.

Цалкам інтэрвію з былым баевіком «ЛНР» Канстанцінам Фафанавым, які вярнуўся ў Беларусь, чытайце неўзабаве на сайце Свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG