Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выклікала амбасадара Нідэрляндаў і заявіла, што галяндзкія сьледчыя ігнаруюць расейскую «аб’ектыўную інфармацыю»


Амбасадар Нідэрляндаў Рэгіна Джонс-Бос выходзіць з расейскага Міністэрства замежных справаў 3 кастрычніка.

Амбасадар Нідэрляндаў Рэгіна Джонс-Бос выходзіць з расейскага Міністэрства замежных справаў 3 кастрычніка.

3-га кастрычніка ў Міністэрства замежных спраў Расеі выклікалі амбасадара Нідэрляндаў Рэгіну Джонс-Бос. Паводле прэсавай службы МЗС, кіраўніцы нідэрляндзкай дыпляматычнай місіі былі заяўлена, што нельга ігнараваць «аб’ектыўную інфармацыю», якую даў расейскі бок аб расьсьледаваньні авіякатастрофы ў небе над Данбасам у ліпені 2014 году,

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Аляксей Мяшкоў сказаў амбасадару Нідэрляндаў, што ігнараваньне інфармацыі ад расейскага боку падрывае супрацоўніцтва расейскіх экспэртаў са сьледзтвам і кампрамэтуе расьсьледаваньне. Паводле Мяшкова, гэтым Расея тлумачыць адмову прызнаць прамежкавыя вынікі расьсьледаваньня, апублікаваныя 28 верасьня.

«Расейскі бок заклікаў Гаагу старанна вывучыць перададзеныя нядаўна Расеяй першасныя радыёлякацыйныя дадзеныя, якія зьяўляюцца найбольш аб’ектыўным доказам таго, што насамрэч адбывалася ў небе над Украінай у момант катастрофы», — заявілі ў МЗС Расеі. Расея просіць экспэртаў міжнароднай сьледчай групы даць ацэнку таму факту, што Ўкраіна не закрыла паветраную прастору над Данбасам, нягледзячы на баі з сэпаратыстамі.

28 верасьня сумесная сьледчая група апублікавала першыя вынікі расьсьледаваньня па справе аб крушэньні малайзійскага «Боінгу» ў Данецкай вобласьці 17 ліпеня 2014 году. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што самалёт быў зьбіты ракетай з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» у раёне населенага пункта Першамайскае, які знаходзіўся тады пад кантролем сэпаратыстаў.

Зэнітна-ракетны комплекс «Бук», зь якога была выпушчаная фатальная для Боінга ракета, быў дастаўлены з Расеі. Сьледчыя паказалі анімацыйную рэканструкцыю руху комплексу «Бук» з Расеі, пацьвярджаючы яе адпаведнымі відэазапісамі і фатаграфіямі ад сьведкаў ды аўдыёзапісамі з праслухоўваньня тэлефонных размоваў сэпаратыстаў.

Пасьля выпуску ракеты каля Першамайскага комплекс «Бук» вярнуўся ў Расею. У сьледзтва ёсьць запіс адпаведнай тэлефоннай размовы ад 18 ліпеня 2014 году, у якой паведамляецца, што «машына даўно ў Расеі».

XS
SM
MD
LG