Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед падазраваных у справе MH-17 пачнуць у бліжэйшыя месяцы, — Аўстралія


Міністарка замежных справаў Аўстраліі Джулі Бішап заявіла тэлеканалу ABC, што чакае зацьверджаньня сьпісу падазраваных у справе зьбітага над Данбасам «Боінга» у канцы бягучага года альбо пачатку наступнага, перадае The Guardian.

Пасьля зацьверджаньня сьпісу падазраваных (а міжнародная сьледчая група заявіла пра імёны сотні асобаў, датычных да гібелі лайнэра) мае пачацца іх судовы перасьлед.

На думку Бішап, Расея будзе блякаваць кожную спробу Рады бясьпекі ААН прыцягнуць вінаватых да адказу, таму Аўстралія як удзельнік міжнароднай сьледчай групы будзе разглядаць іншыя варыянты. Сярод такіх міжнародны трыбунал па ўзоры справы Локербі (у выбуху «Боінга» над шатляндзкім горадам Локербі ў 1988 годзе абвінавацілі лібійцаў, са згоды Кадафі суд адбыўся на амэрыканскай вайсковай базе паводле шатляндзкіх законаў) альбо нацыянальны суд, напрыклад, у Нідэрляндах.

«Абодва варыянты маюць плюсы і мінусы, — тлумачыць Бішап. — Я думаю, трыбунал у нацыянальнай юрысдыкцыі можа быць прасьцейшым у арганізацыі, але трэба будзе пераканацца, што ў яго ёсьць усе неабходныя паўнамоцтвы, як то для экстрадыцыі, каб быць абсалютна ў стане прыцягнуць да адказу вінаватых у гэтым».

Таксама міністарка заявіла, што, на яе думку, уад Аўстраліі ад пачатку бачыў, што Расея мусіць адказаць на шэраг пытаньняў у справе:
«Гэта вяртае Ўладзіміра Пуціна ў цэнтар увагі. Яны ўжо спрабуюць дыскрэдытаваць расьсьледаваньне, фактычна яны ўжо робяць гэта некаторы час. І шукаюць спосабы адцягнуць увагу ад Расеі да іншых. Іхныя тэорыі малаверагодныя, не падобныя да праўды».

Міжнародная сьледчая група пад кіраўніцтвам пракуратуры Нідэрляндаў заявіла 28 верасьня, што «Боінг-777» Малайзійскіх авіялініяў (рэйс MH-17), які пацярпеў крушэньне пад Данецкам у ліпені 2014 году, быў зьбіты ракетай з расейскага зэнітна-ракетнага комплексу «Бук». Сьледзтва ўстанавіла, што ракета была запушчаная з паселішча Першамайскае, якое было пад кантролем сэпаратыстаў. «Бук», зь якога была выпушчаная фатальная для Боінга ракета, быў дастаўлены з Расеі, пасьля пуску ракеты вярнуўся ў Расею. Кіраўнік МЗС Расеі адмовіўся выбачацца за зьбіты «Боінг».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG