Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерусаліме пахавалі Шымона Пэрэса


У Ерусаліме на галоўных нацыянальных могілках прайшла цырымонія пахаваньня былога прэзыдэнта Ізраілю Шымона Пэрэса. У ёй удзельнічалі лідэры і высокапастаўленыя палітыкі больш чым зь сямідзесяці дзяржаваў.

Сярод тых, хто прыехаў разьвітацца з Пэрэсам — прэзыдэнт ЗША Барак Абама і былы кіраўнік Белага дому Біл Клінтан. Прамова Абамы была завяршэньнем афіцыйнай цырымоніі. Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што Пэрэс зрабіў шмат для сваіх сучасьнікаў і жыў з думкай пра будучыню, у якой будзе гарантаваная бясьпека Ізраілю і трывалы мір у адносінах з суседнімі дзяржавамі.

На цырымоніі разьвітаньня таксама прысутнічаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Расею прадстаўляла старшыня Рады Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка. Ад Беларусі быў амбасадар у Ізраілі Ўладзімер Скварцоў.

Прадстаўнік МЗС патлумачыў Радыё Свабода:

«Гэта ня ёсьць нейкім знакам непавагі да Шымона Пэрэса, гэта выключна тэхнічнае рашэньне. Бо міністар замежных справаў Уладзімер Макей суправаджае Аляксандра Лукашэнку падчас візыту ў Кітай, а намесьнік міністра Валянцін Рыбакоў, які адказвае за дачыненьні з Ізраілем, удзельнічае ў сэсіі Генэральнай асамблеі ААН і знаходзіцца ў Нью-Ёрку».

У чацьвер труна зь целам Пэрэса была дастаўлена ў парлямэнт краіны, куды на працягу дня прыйшлі тысячы ізраільцянаў, каб ушанаваць памяць былога лідэра краіны. Перэс памёр у сераду ў бальніцы пад Тэль-Авівам ва ўзросьце 93 гадоў. Пасьля кровазьліцьця ў мозг лекары ўвялі палітыка ў мэдыкамэнтозную каму і падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Пэрэс быў прэзыдэнтам Ізраілю з 2007 да 2014 году. У 1994 годзе ён быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG