Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямён Пэрскі зь Вішнева: добры ядзерны дзядуля, ляўрэат Нобэля, прэзыдэнт Ізраілю


Шымон Пэрэс у Празе ў 2011 годзе. Фота Michal Kalasek / Shutterstock.com

Шымон Пэрэс у Празе ў 2011 годзе. Фота Michal Kalasek / Shutterstock.com

Раніцай у сераду, 28 верасьня ня стала Шымона Пэрэса. 93-гадовы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, экс-прэзыдэнт Ізраілю з 13 верасьня знаходзіўся ў шпіталі каля Тэль-Авіву пасьля перанесенага два тыдні таму інсульту. Пэрэс пакінуў па сабе двух сыноў і дачку, меў шасьцёх унукаў.

Сямён Пэрскі нарадзіўся 2 жніўня 1923 году ў мястэчку Вішнева на Валожыншчыне, якая тады была пад Польшчай. У той час у Вішневе жыло каля двухсот габрэйскіх семʼяў. Маці працавала бібліятэкаркай. Бацька займаўся продажам дрэва. Найбольш Сямён быў прывязаны да дзеда, які пазнаёміў яго зь Бібліяй, Талмудам і гісторыяй габрэйскага народу, вучыў граць на скрыпцы. Так гісторыю Шымона Пэрэса пераказваў (PDF) у 2013 годзе на старонках «Беларускай думкі» прафэсар Эмануіл Ёфэ.

13-гадовы Сямён Перскі

13-гадовы Сямён Перскі

Пэрэс у палітыцы

Бацька Сямёна змог эміграваць у Палестыну ў 1931 годзе, а калі разбагацеў на гандлі насеньнем, вывез у 1934 годзе і ўсю сямʼю. Там Сямён стаў Шымонам, пазнаёміўся з будучай жонкай Соняй. Пазьней стаў лідэрам моладзевай сіянісцкай арганізацыі «Працоўная моладзь», у 1947 годзе — адным з дырэктараў падпольных узброеных сілаў — Хаганы, налета — памочнікам генэральнага сакратара Міністэрства абароны толькі што ўтворанай дзяржавы Ізраіль. У 1953-м, ва ўзросьце 29 гадоў, ён стаў генэральным дырэктарам Міністэрства абароны.

На гэтай пасадзе ён вырашаў дыпляматычныя пытаньні ў часе Суэцкага крызісу (Сынайскай вайны — другой араба-ізраільскай), пасьля вайны заняўся вайсковай супрацай з Заходняй Нямеччынай. З ініцыятывы Пэрэса і Бэн-Гурыёна ў Ізраілі была створаная камісія ядзернай энэргіі.

Ад 1959 году Пэрэс актыўна заняўся палітыкай у складзе партыі «Мапай», стаў дэпутатам Кнэсэту, у 1963 годзе выйшаў з «Мапай» і з Бэн-Гурыёнам заснаваў рух «Сьпіс працоўных Ізраілю». Пасьля Шасьцідзённай вайны рух абʼяднаўся з «Мапай» і рухам «Ахдут ха-Авода» ў Партыю працы, якую Пэрэс і ўзначаліў у 1977 годзе.

Шымон Пэрэс з камандзерам вайскова-марскога флёту Шломам Арэлем 1 жніўня 1967

Шымон Пэрэс з камандзерам вайскова-марскога флёту Шломам Арэлем 1 жніўня 1967

Пэрэс стаяў на чале ўраду дзяржавы ў 1984–86 і 1995–96 гадах, быў кіраўніком розных міністэрстваў і практычна не пакідаў кабінэт міністраў, пакуль актыўна займаўся палітыкай. У 1992 годзе правёў сакрэтныя перамовы зь лідэрам Арганізацыі вызваленьня Палестыны Ясірам Арафатам. Перамовы прывялі да падпісаньня пагадненьняў у Осьлё. Гэтае дасягненьне было адзначана прысуджэньнем Арафату, Пэрэсу і тагачаснаму прэмʼеру Ізраілю Іцхаку Рабіну Нобэлеўскай прэміі міру. З 2007 году па 24 ліпеня 2014-га быў прэзыдэнтам Ізраілю.

Пэрэс на малой радзіме

У Беларусь Шымон Пэрэс упершыню пасьля адʼезду вярнуўся ў 1994 годзе, у тым ліку пабываў на месцы дома сваёй сямʼі ў Вішневе. Затым вяртаўся ў 1998 годзе, пабываў у Валожынскай ешыве, усклаў кветкі на брацкую магілу, дзе ляжыць ягоны дзед, якога ў 1942 годзе спалілі гітлераўцы. Сам дом Пэрскіх не захаваўся — нацысты спалілі ўсю вёску. Застаўся толькі калодзеж, які стаяў у іхным двары.

Выстава ў вішнеўскім Доме культуры, прысьвечаная Шымону Пэрэсу

Выстава ў вішнеўскім Доме культуры, прысьвечаная Шымону Пэрэсу

«Хоць усё сваё сьвядомае жыцьцё я пражыў у Ізраілі, сёньня як ніколі разумею, што такое для мяне Вішнева. Хіба я магу яго забыць? Я часта думаю пра расейскіх, беларускіх і польскіх габрэяў. Яны зрабілі тое, чаго ніхто ніколі ў сусьветнай гісторыі не рабіў. Стварыць габрэйскую дзяржаву пасьля 2000 гадоў блуканьняў па сьвеце! Гэта ж нешта неверагоднае. Адрадзіць іўрыт, стварыць войска, прамысловасьць... увайсьці ў кагорту разьвітых эканамічна краінаў».

«Тут прайшло ня толькі маё дзяцінства, але і дзяцінства сіянісцкага руху, — казаў Пэрэс жыхарам Вішнева. — Дагэтуль я ўзрушаны, што з такога беднага, простага месца змагло выйсьці так шмат выдатных людзей: мастакоў, пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячоў. Ёсьць такая габрэйская прымаўка: бойцеся сыноў бедных — зь іх выйдуць навукоўцы. Яна даказвае, што людзі, якія нарадзіліся ў галечы і перанесьлі пакуты, могуць служыць вялікім мэтам». (Цытаты паводле артыкула Эмануіла Ёфэ).

«Добры дзядуля», — Пэрэса згадвае Аляксандар Ступнікаў

Беларускі журналіст-міжнароднік і дакумэнталіст Аляксандар Ступнікаў некалькі раз браў інтэрвію ў Шымона Пэрэса, працаваў зь ім пэўны час. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што Пэрэс ня меў глыбокай сувязі зь Беларусьсю:

«Пэрэс належаў да ліку першапасяленцаў, менавіта тых людзей, якія стваралі дзяржаву пасьля 1948 году, укладалі ў яе душу, — кажа Ступнікаў. — Паколькі ён займаў высокія пасады, ён глядзеў на сьвет з пункту гледжаньня сваёй дзяржавы. Яго хутчэй цікавілі, як кожнага вялікага палітыка, стасункі з Эўропай, Савецкім Саюзам, з цэлым сьветам.

Калі ў адным з інтэрвію я яго спытаў пра Беларусь, ён сказаў проста агульныя словы, што цёпла ставіцца да краіны. Асабліва ён падкрэсьліў, што гэта краіна на рэдкасьць талерантная да габрэйскага насельніцтва, згадаў унёсак вялізарнай колькасьці габрэяў у Беларусь, а тут іх было да 800 тысяч перад вайной.

Першы раз я браў інтэрвію ў яго ў 97 ці 98 годзе, ён ужо быў немалады, заставаліся зь ім у кабінэце сам-насам, толькі апэратар яшчэ быў. У нечым ён нагадваў Арыеля Шарона. Такі, ведаеце... добры дзядуля. Вельмі цярплівы, вельмі мяккі, у адрозьненьне ад Шарона. З такімі вельмі агульначалавечымі падыходамі да людзей. Адчувалася, што ён прафэсійны палітык і дыплямат, ніколі не было жорсткіх, для журналіста „смачных“ фармулёвак. Усё было абцякальна, але ў той жа час выразна і канкрэтна сфармулявана.

Тое, што ён сышоў, гэта вялікая страта, бо гэта Асоба. Мо гэта апошні з таго амаль сьвятога пакаленьня 1948 году, якое стварала і будавала Ізраіль. Шкада, можа, апошні вялікі палітык Ізраілю сышоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG