Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі зьбілі журналіста Грыгорыя Пасько


Грыгорый Пасько

Грыгорый Пасько

У Барнауле невядомыя напалі раніцай у аўторак на кіраўніка расейскай Садружнасьці журналістаў-даследчыкаў Грыгорыя Пасько і зьбілі яго.

Пасько удзельнічаў у рабоце чарговага сэмінару зь мясцовымі маладымі журналістамі-дасьледчыкамі. Як паведаміў сам Пасько на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, ён знаходзіцца ў аддзяленьні паліцыі Барнаулу і дае паказаньні. Пазьней ён напісаў, што яму выпісалі накіраваньне на мэдычны агляд.

Даніла Гальпяровіч, журналіст «Голасу Амэрыкі», напісаў на сваёй старонцы Фэйсбуку, што ён гаварыў з Пасько па тэлефоне і пацьвердзіў, што журналіст не атрымаў сур’ёзных пашкоджаньняў. Пасько сказаў яму, што тыя, хто нападаў крычалі: «Прэч з нашага гораду!», і папярэдзілі, што знойдуць яго.

За дзень да гэтага Пасько апублікаваў артыкул зь мясцовай газэты, у якой мясцовы актывіст-нацыяналіст сьцьвярджаў, нібыта Пасько «замежны агент». Пасько пісаў, што невядомыя людзі ішлі за ім і сноўдаліся вакол гатэлю, дзе ён жыве.

Журналіст Грыгорый Пасько ў 2001 годзе быў прызнаны вінаватым у дзяржаўнай здрадзе ў форме шпіянажу і па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні адпушчаны на волю ў 2003 годзе.

Суд устанавіў, што ён, працуючы вайсковым журналістам, неправамерна прысутнічаў на паседжаньні штабу Ціхаакіянскага флёту, зьбіраў і захоўваў па просьбе японскага журналіста сакрэтную інфармацыю пра вучэньні на флёце з мэтай яе перадачы ў СМІ Японіі.

Два тыдні таму Грыгорый Пасько быў госьцем Радыё Свабода і даў інтэрвію беларускай службе.

XS
SM
MD
LG