Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атамная энэргія — адна з найдаражэйшых у сьвеце», — былы расейскі палітвязень, журналіст Грыгорый Пасько


Яго​, журналіста газэты Ціхаакіянскага флёту Расеі «Боевая вахта», арыштавала ФСБ і абвінаваціла ў здрадзе радзіме за публікацыі аб праблемах радыяцыйнай бясьпекі ў месцах базаваньня расейскіх атамных падводных лодак.

Яго асудзілі на 4 гады зьняволеньня за нібыта намер перадаць японскім СМІ шэраг запісаў, дзе была, як сьцьвярджала сьледзтва, сакрэтная інфармацыя.

Ён працаваў у расейскай «Новой газете», быў адным з арганізатараў першых у Расеі школ блогераў. Цяпер ён дырэктар расейскага Фонду падтрымкі журналістыкі дасьледаваньняў.

Ураджэнец Хэрсону, а цяпер грамадзянін Расеі Грыгорый Пасько ў праскай штаб-кватэры Свабоды вітаецца па-ўкраінску з калегамі з украінскай службы, а прыйшоўшы ў студыю беларускай рэдакцыі, кажа, што шкадуе, што дагэтуль ня быў у Беларусі.

Але зь Беларусьсю яго лучыць многае — сустрэчы з Васілём Быкавым, добрае знаёмства з Юрыем Бандажэўскім, Паўлам Шараметам і Ўладзімерам Някляевым, агульная праца з Ірынай Халіп і сустрэчы з Андрэеем Саньнікавым. А з другога боку — супольная альма-матэр, факультэт журналістыкі Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні з Аляксандрам Зімоўскім і Юрыем Казіяткам, якіх Пасько называе прапагандыстамі на высокіх пасадах.

Былы расейскі палітвязень, праваабаронца і журналіст Грыгорый Пасько ў першыя ж хвіліны размовы дае ацэнку кіраўнікам Беларусі і Расеі.

«Лукашэнка — вельмі хітры, выкрутлівы, умее добра здабываць карысьць з сытуацый, у якія трапляе то Пуцін, то Амэрыка. Ён яўна не апошні дыктатар Эўропы. Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін яго заткне за пояс сваім дыктатарствам адразу. Хаця б таму, што ў Пуціна значна больш зрэалізаваныя імпэрскія замашкі — Украіна, Сырыя, Абхазія... А Лукашэнка нікуды ня лезе, не заваёўвае...»

Паводле Грыгорыя Пасько, прафэсія журналіста — небясьпечная.

Памрэ Пуцін — мы таксама ня будзем ведаць, памёр ён ці не, нам ня скажуць адразу

«Пасьля распаду СССР нікуды не падзелася імпэрскае мысьленьне, нікуды не падзелася бізантыйскія замашкі кіраўнікоў постсавецкіх рэспублік. Сьмешна, калі не гавораць адразу пра сьмерць Карымава. Памрэ Пуцін — мы таксама ня будзем ведаць, памёр ён ці не, нам ня скажуць адразу. У іх заўсёды было царскае, хамскае стаўленьне да тых, хто гаворыць праўду. А журналіст абавязаны гаварыць праўду. Дык „адсекчы галаву“ адразу, каб не гаварыў, а лепей ня дыхаў, каб не было прафэсіі журналіста, а была прафэсія прапагандыста. А пра тое, што гэта адзін з асноватворных інстытутаў для дэмакратычнага грамадзтва, пасярэднік паміж грамадзтвам і ўладамі, нават думкі няма ў Лукашэнкі, Пуціна, Карымава ды іншых ім падобных. Стаўленьне да журналістаў было скоцкім і агідным і будзе такім, на жаль, яшчэ доўга ў нашых краінах».

— Як не было некалькі дзён дакладнай інфармацыі пра стан здароўя Карымава, гэтак жа ў Беларусі ня мелі каля месяца інфармацыі пра тое, што насамрэч адбылося на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы, дзе ўпаў корпус рэактара. АЭС будуюць за расейскі крэдыт, ім жа аплачваючы працу расейскіх спэцыялістаў, якія там працуюць разам зь беларускімі. Зважаючы на чарнобыльскі досьвед і ваш досьвед працы з тэмай радыеактыўных адкідаў, наколькі бясьпечнай можа быць беларуская АЭС?

— Я пачынаў асьвятляць экалягічную тэматыку на атамную тэму, на тэму радыеактыўных адкідаў з вывучэньня будовы ядра ў падручніку фізыкі. І яшчэ да ўсіх дакладаў МАГАТЭ, да вывучэньня сытуацыі з адкідамі ва ўсіх эўрапейскіх краінах і ў ЗША я 30—40 артыкулаў на гэтую тэму надрукаваў і ўжо лічу, што нешта на гэтую тэму маю права гаварыць. Калі мне кажуць прадстаўнікі атамнай прамысловасьці, што гэта адзін з самых бясьпечных відаў энэргіі і самы эфэктыўны, што 80% усёй электраэнэргіі ў Францыі здабываецца з дапамогай менавіта АЭС, я хачу прывесьці адзін аргумэнт, на які мне нічога адказаць ня могуць.

Атамная энэргія — гэта адзін з самых дарагіх відаў электраэнэргіі ў сьвеце ўвогуле

Я кажу, што я ня супраць атамнай энэргіі, я толькі супраць таго, што вы хлусіце, калі гаворыце, што гэтая энэргія танная. Давайце ўсе магчымая наступствы, усе рызыкі, якія могуць быць ад аварыі на ядзерным рэактары, ужо цяпер закладзем у кошт аднаго кілявату ядзернай энэргіі. Калі шчыра, то мы павінны гэта рабіць. А потым яшчэ ўкладзем сюды кошт дэмантажу ядзернай электрастанцыі, калі яна выпрацуе свой рэсурс, што ўжо праходзілі Францыя і Нямеччына... Тады мы пабачым, што атамная энэргія — гэта адзін з самых дарагіх відаў электраэнэргіі ў сьвеце ўвогуле. І калі Чарнобыль дагэтуль расхлёбвае ўся плянэта, то пра якую атамную энэргію можна казаць. Так, у Расеі ёсьць тэхналёгіі, якія больш-менш атрымліваецца ўвасабляць у жыцьцё, таму яна паўсюль будуе АЭС — у Іране, Індыі, Фінляндыі, Беларусі. Але гэта ня значыць, што гэта самы лепшы тып электраэнэргіі, і гэта ня значыць, што трэба ўсе грошы ўвальваць менавіта ў гэты тып.



— Як вы ацэньваеце ступень бясьпекі АЭС расейскай вытворчасьці, якую цяпер будуюць у Беларусі? Ці адбываліся на такіх АЭС надзвычайныя сытуацыі?

Ня маю пачуцьця даверу да кампаніі «Росатом»

— Большасьць зь іх даўно патрабуюць мадэрнізацыі. У Сасновым Бары пра гэтую мадэрнізацыю кажуць дзесяцігодзьдзі. Ужо даклалі, што яна там адбылася, але, паводле маіх крыніцаў, там ня ўсё так проста і ня так, як дакладаюць. Ня маю пачуцьця даверу да кампаніі «Росатом». Тыя матэрыялы, якія яны публікуюць, мяне не пераконваюць, таму што гэта альбо хлусьня, альбо ня ўся праўда, а гэта разнавіднасьць хлусьні, альбо гэта нежаданьне размаўляць з журналістамі на гэтую тэму. У іх ёсьць свае журналісты прыкормленыя, свае газэты, часопісы зь велізарнымі накладамі і аграмаднымі бюджэтамі. Яны ня любяць НДА, яны ня любяць, калі ўмешваюцца ў іхныя пляны завозу радыеактыўных адкідаў у Расею з розных краінаў (Францыі, Нямеччыны) для захаваньня.

— А ці ёсьць у вас давер да МАГАТЭ? Гадоў 10 таму была скандальная
справаздача атамнага агенцтва ААН, у якой сьцьвярджалася, што наступствы Чарнобыльскай катастрофы былі перабольшаныя і асноўныя праблемы са здароўем узьнікалі ў людзей не ад узьдзеяньня радыяцыі, а з прычыны нізкага ўзроўню жыцьця, адсутнасьці інфармацыі, неабгрунтаваных страхаў, няслушнай праграмы перасяленьня.


— Памятаю справаздачу і крытыку яе. Я давяраю Аляксею Ўладзіміравічу Яблакаву, які крытыкаваў гэты даклад, паколькі ён ня толькі для мяне сапраўдны аўтарытэт у гэтай галіне. Я доўга вывучаў стан ядзернай энэргіі ў Францыі. Яны адзін аднаго карпарацыйна ратуюць. Але мяне ўразіла, што ў стратэгіі атамнай прамысловасьці Францыі гаварылася пра тое, што рана ці позна атамную прамысловасьць Францыі трэба згортваць....

— Ці вы калі-небудзь вымяралі ў сябе цэзій-137?

— Калі здымаў фільм пра радыеактыўныя адкіды, не здымаў дазымэтар зь сябе гады два...

— І якія былі вынікі?

— Розныя. Аднойчы мяне ледзь ня зьбілі ядзернікі, калі я залез на дах радыеактыўнага магільніку. Там фаніла страшна... Я быў на аварыйных лодках на Ціхаакіянскім флёце, на танкерах, дзе вазілі радыеактыўныя адкіды. Ведаю, што гэта такое. Я вельмі часта лётаю на самалётах і ведаю, што там таксама вельмі высокі ўзровень радыяцыі. Таму што блізка да сонца, блізка да розных дзіраў. Калі ў студыі, дзе мы сядзім, 12—15, ня больш, то ў самалёце 400 мікрарэнтген...

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG