Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія навукоўцы і эколягі выступаюць супраць справаздачы ААН пра наступствы Чарнобылю


Ганна Соусь, Менск Расейскія навукоўцы і эколягі зьбіраюць подпісы пад зваротам да ўрадаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны з патрабаваньнем адмежавацца ад фальсыфікаваных дадзеных справаздачы МАГАТЭ пра мэдычныя, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы Чарнобылю.

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Расеі заяўляюць рашучы пратэст супраць “цынічнай прафанацыі наступстваў самай буйной тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі” і лічаць мэтадалёгію і высновы справаздачы блюзнерствам ў дачыненьні да ахвяраў Чарнобылю.

Нагадаю, што ў справаздачы МАГАТЭ – атамнага агенцтва ААН – сьцьвярджалася, што наступствы Чарнобыльскай катастрофы былі перабольшаныя і асноўныя праблемы са здароўем узьнікалі ў людзей не ад узьдзеяньня радыяцыі, а з прычыны нізкага ўзроўню жыцьця, адсутнасьці інфармацыі, неабгрунтаваных страхаў, няслушнай праграмы перасяленьня.

У заяве расейскіх навукоўцаў гаворыцца, што пры падрыхтоўцы справаздачы МАГАТЭ былі праігнараваныя тысячы работаў спэцыялістаў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны, а наступствы катастрофы ацэньваліся ў асноўным на падставе дасьледаваньняў заходніх аўтараў.

Пад зваротам да ўрадаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны ўжо падпісаліся член-карэспандэнт Расейскай Акадэміі навук, кіраўнік партыі “Зялёная Расея” прафэсар Аляксей Яблакаў, А.Зіменка з Маскоўскага Цэнтру аховы дзікай прыроды, ляўрэатка альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміі (1992) за праўду пра Чарнобыль А.Ярашынская, А. Каралёва з таварыства “Экаабарона” з Калінінграду, Г.Пасько з рэдакцыі часопіса “Экалёгія і права” ды іншыя. Збор подпісаў працягваецца.
XS
SM
MD
LG