Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Азэрбайджан нагадвае Беларусь», — Алесь Бяляцкі пра азэрбайджанскі рэфэрэндум


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Унутраная грамадзка-палітычная сытуацыя ў Азэрбайджане вельмі нагадвае Беларусь, але міжнароднае становішча дзьвюх краінаў адрозьніваецца.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

У Азербайджане 26 верасьня пачаўся рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі краіны. У прыватнасьці, жыхарам Азэрбайджану прапануецца павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта з 5 да 7 гадоў, выключыць з Канстытуцыі ўзроставы цэнз для абраньня кіраўніка дзяржавы, надзяліць прэзыдэнта правам распускаць парлямэнт і прызначаць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары. Акрамя таго, прапануецца стварыць пасаду віцэ-прэзыдэнта краіны.

Азэрбайджанская апазыцыя, у сваю чаргу, лічыць, што папраўкі ў Канстытуцыю прымаюцца з той мэтай, каб у будучыні Ільхам Аліеў меў магчымасьць пры патрэбе перадаць уладу жонцы або сыну.

«Ільхам Аліеў нават больш жорсткі, чым ягоны бацька»

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа, што кіраўнік дзяржавы ініцыяваў рэфэрэндум, каб узмацніць аўтарытарную мадэль улады сямʼі Аліевых, што асабліва актуальна ва ўмовах эканамічнага крызісу, зь якім сутыкнуўся Азэрбайджан.

«Правядзеньне гэтага рэфэрэндуму — ініцыятыва азэрбайджанскіх уладаў. Яны спрабуюць неяк пераасэнсаваць сытуацыю, у якой яны цяпер знаходзяцца, бо падзеньне цэнаў на нафту паставіла і перад імі шэраг праблемаў. Крызіс эканамічны ў Азэрбайджане рэальна існуе, і людзі гэта адчуваюць. Цяпер улады спрабуюць адказаць на гэтыя выклікі і ўмацаваць структуру дзяржаўнай вэртыкалі», — кажа ён.

Бяляцкі бачыць шмат падабенстваў паміж цяперашнімі Беларусьсю і Азэрбайджанам:

«Азэрбайджан вельмі нагадвае Беларусь па сваёй грамадзка-палітычнай сытуацыі. Там пабудавана аўтарытарная вэртыкаль улады, якая зь верху да нізу падпарадкоўваецца прэзыдэнту. Палітычная апазыцыя ў Азэрбайджане ў такім жа стане, як і наша. Апазыцыянэры церпяць ад перасьледу, ціску, шмат каго выганяюць з працы. Багата хто з палітычных актывістаў у Азэрбайджане сядзеў у турме за апошнія 20 гадоў. Ідзе перасьлед журналістаў. То бок поўны набор таго, што ёсьць у Беларусі, ёсьць таксама ў Азэрбайджане».

Апошняя моцная хваля палітычных рэпрэсіяў у Азэрбайджане была пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2013 году.

«Тое, што ўлада перайшла ад бацькі да сына, ад Гейдара Аліева да Ільхама (ён прыйшоў да ўлады ў 2003 годзе. — РС), фактычна нічога не зьмяніла ў краіне. Больш за тое, Ільхама Аліева азэрбайджанскія праваабаронцы ацэньваюць як кіраўніка нават больш жорсткага, менш талерантнага, чым ягоны бацька. Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў 2013 году ў Азэрбайджане адбыўся шэраг арыштаў вядомых грамадзкіх і палітычных актывістаў, журналістаў. Сярод арыштаваных — журналістка Хадыджа Ісмаілава, праваабаронцы Лейла і Арыф Юнусы, Інтыгам Аліеў.

З 2013 году Азэрбайджан моцна крытыкавалі на Захадзе. Крытыка спачатку была досыць памяркоўная, але яна ўзмацнялася: усё ж такі эўрапейскія палітыкі вымушаны былі зьвяртаць увагу на сытуацыю з правамі чалавека ў Азэрбайджане. Тут зноў узьнікаюць паралелі паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам. Тое, што адбылося ў Беларусі ў канцы 2010 году, — гэта адразу выклікала на Захадзе хвалю пратэсту і абурэньня, якая прывяла да ўвядзеньня санкцыяў і ўрэшце змусіла беларускія ўлады адступіць на паўкрока, калі яны ў мінулым годзе вызвалілі палітзьняволеных. У Азэрбайджане сытуацыя практычна паўтарылася. У іх адбыліся затрыманьні ў 2013 годзе, калі багата людзей трапілі ў турму. Але ў 2016 годзе яны былі вымушаны выпусьціць такіх знакавых палітзьняволеных. Гэта паказвае, што міжнародны ціск можа ўплываць нават на такую больш эканамічна незалежную, багацейшую краіну ў параўнаньні зь Беларусьсю, як Азэрбайджан», — лічыць праваабаронца.

«Азэрбайджан займае больш незалежную пазыцыю ў параўнаньні зь Беларусьсю»

Сур’ёзныя адрозьненьні паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам Алесь Бяляцкі бачыць перш за ўсё ў міжнародным статусе дзьвюх краінаў.

Па-першае, у параўнаньні зь Беларусьсю Азэрбайджан — краіна багацейшая, яна экспартуе нафту і газ. Па-другое, Азэрбайджан займае больш выгаднае геапалітычнае становішча.

«Азэрбайджан удзельнічае ў пэўных кааліцыях змаганьня супраць радыкальнага ісламу. Геапалітычнае становішча Азэрбайджану робіць яго больш заўважаным суб’ектам на міжнароднай арэне, і яны гэта спрытна выкарыстоўваюць якраз для змаганьня з унутранай апазыцыяй. Статус краіны памяркоўнага ісламу яны актыўна прадаюць у Эўропу: азэрбайджанская мадэль ісламу ў параўнаньні зь іншымі ісламскімі краінамі прывабная для некаторых эўрапейскіх палітыкаў», — кажа праваабаронца.

Менавіта таму Ільхам Аліеў, у адрозьненьне ад Аляксандра Лукашэнкі, ніколі ня быў неўязным у Эўропу і захоўвае нармальныя кантакты з заходнімі партнэрамі.

«Што тычыцца стасункаў з Расеяй, то Азэрбайджан займае больш незалежную пазыцыю ў параўнаньні зь Беларусьсю. Яны не ў такой ступені залежаць ад Расеі — мабыць, зноў жа таму, што самі маюць нафту», — дадае Бяляцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG