Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйна: рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі Азэрбайджану адбыўся


Ільхам Аліеў галасуе на рэфэрэндуме

Ільхам Аліеў галасуе на рэфэрэндуме

26 верасьня ў Азэрбайджане праходзіць рэфэрэндум аб унясеньні паправак у канстытуцыю дзяржавы.

Галасаваньне ідзе на 5627 участках у 125 выбарчых акругах, а таксама ў 38 дыпляматычных місіях Азэрбайджану за мяжой. Права голасу на рэфэрэндуме маюць больш за 5 мільёнаў грамадзян.

Да 12.00 паводле мясцовага часу яўка на рэфэрэндуме склала 30,6%, сказаў дырэктар інфармацыйнага цэнтру ЦВК Азэрбайджану Фарыд Аруджаў. У адпаведнасьці з заканадаўствам лічыцца, што рэфэрэндум адбыўся, калі ў ім узялі ўдзел больш за 25% выбарнікаў.

Самая важная з прапанаваных зьменаў — падаўжэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў зь пяці да сямі гадоў. Цяперашні кіраўнік дзяржавы, 54-гадовы Ільхам Аліеў, займае пасаду прэзыдэнта ад 2003 году, пераняўшы яе ад хворага бацькі. Ён ужо тройчы перамагаў на прэзыдэнцкіх выбарах (у 2003, 2008 і 2013 гг.). Яго цяперашні прэзыдэнцкі тэрмін мае скончыцца ў 2018 годзе.

Іншая папраўка прадугледжвае стварэньне дзьвюх віцэ-прэзыдэнцкіх пасадаў. Абодвух віцэ-прэзыдэнтаў будзе прызначаць і звальняць прэзыдэнт, а першы віцэ-прэзыдэнт стане другім чалавекам у краіне. У выпадку, калі прэзыдэнт ня будзе ў стане выконваць свае абавязкі, менавіта да яго (або да яе), а не да прэм’ер-міністра, якога прызначае парлямэнт, пяройдуць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Толькі калі першы віцэ-прэзыдэнт ня будзе ў стане выконваць свае абавязкі, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пяройдуць да прэм’ер-міністра.

Яшчэ адна папраўка ўпаўнаважвае прэзыдэнта прызначаць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і распускаць парлямэнт, калі двойчы за год заканадаўцы абвясьцілі вотум недаверу ўраду або адхілілі прэзыдэнцкіх кандыдатаў на пасаду кіраўнікоў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду або ў праўленьне азэрбайджанскага Цэнтральнага банку.

Мінімальны ўзрост кандыдата ў прэзыдэнты (цяпер — 35 гадоў) прапануецца адмяніць, а ўзрост для абраньня ў заканадаўчую ўладу прапануецца панізіць з 25 да 18 гадоў. Гэтая папраўка, як лічаць экспэрты, распрацаваная спэцыяльна пад сына Ільхама Аліева Гейдара, якому нядаўна споўнілася 18 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG