Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцэ-прэм’ер Сямашка абяцае вырашыць газавае пытаньне на наступным тыдні


Канчаткова па цэнах на газ Расея і Беларусь дамовяцца на наступным тыдні. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, які днямі безвынікова правёў перамовы са сваім расейскім калегам Аркадзем Дварковічам:

«Не хвалюйцеся, дамовімся абавязкова. Проста пакуль не прыйшлі да ўзгадненьня пазыцыяў. Мы абмяркоўваем тры варыянты ўмоваў паставак расейскага газу, пра якія ў панядзелак на працоўнай сустрэчы я даклаў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. На наступным тыдні перамовы працягнем. Беларусь настойвае на першым варыянце, самым выгадным для нас. Але, хутчэй за ўсё, будзем абмяркоўваць трэці варыянт, які прапанавала Расея — пэўныя субсыдыі для нас. Не перажывайце, дамовімся», — заявіў Уладзімер Сямашка.

Спрэчкі пра цэны на газ ідуць з пачатку году. Цяпер Беларусь плаціць 132 даляры за 1 тысячу кубамэтраў. Афіцыйны Менск з улікам падзеньня ўсясьветных цэнаў на энэрганосьбіты справядлівым коштам лічыць цану ў 73 даляры за куб.

Другі варыянт прадугледжвае прывязку да ўнутрырасейскіх цэнаў і яшчэ шэраг умоваў для Беларусі.

Трэці, варыянт, які прапануе разгледзець расейскі бок, — пэўныя субсыдыі для Беларусі.

Пакуль ідуць перамовы, Газпрам налічвае Беларусі запазычанасьць, якую беларускі бок ня лічыць абгрунтаванай. У ліпені кіраўнік Міністэрства энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што беларускі доўг за газ Расеі складае 270 мільёнаў даляраў.

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад журналістамі 11 верасьня на выбарчым участку, заявіў, што «толькі гэтай ноччу, позна ўвечары ўчора знайшлі прыймальныя для нас і для Расеі разьвязкі ў гэтым пытаньні». На наступны дзень, 12 верасьня, прымаючы віцэ-прэм’ера Сямашку, ён паставіў задачу вырашыць пытаньне да 14 верасьня. Цяпер тэрмін прыходу да кансэнсусу зноў адсоўваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG