Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумчык: Шантаж Масквы — звычайны спосаб трымаць Беларусь у сваёй арбіце


Чаму Менск і Масква не дамовіліся пра кошты на газ?

Глод: Загад Аляксандра Лукашэнкі застаўся нявыкананым. Такое, хоць зрэдку, але здараецца. Я маю на ўвазе заданьне кіраўніка Беларусі свайму ўраду да заканчэньня дня 14 верасьня дамовіцца з Расеяй аб цане на газ. Сёньня ўжо 15 верасьня, але подпісаў пад адпаведным дакумэнтам пакуль няма.

1 верасьня Лукашэнка даў сваім перамоўшчыкам на завяршэньне справы два тыдні. Але ўжо тады было ясна, што пагадненьне падпісаць будзе складана. Чаму? А таму, што беларускі кіраўнік прыадкрыў завесу над тым, як праходзяць перамовы. Высьветлілася, што нейкі дакумэнт падрыхтаваны. Але за ноч беларускі бок прывёў праект у той выгляд, якім бачаць яго ў Менску. У Маскве прапанавалі свой варыянт. Гэтыя два дакумэнты знаходзяцца ва ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі.

Нафта для беларускіх уладаў цяпер нашмат важнейшая за газ.

Аднак пакуль бакі не дамовіліся. Хоць Менск вельмі сьпяшаецца. І гэта імкненьне як мага хутчэй закончыць справу выразна бачна ў прызнаньні Лукашэнкі: беларускія спэцыялісты працавалі над дакумэнтам нават уначы.

Чаму ў Менску так сьпяшаюцца? Справа тут ня толькі ў газе. А найперш у нафце. Паколькі Беларусь не выплачвае сваю запазычанасьць за газ, Расея адмовілася павялічваць пастаўкі нафты. А нафта для беларускіх уладаў цяпер нашмат важнейшая за газ. Газ прадаецца беларускім вытворцам. І што зь іх асабліва возьмеш, калі амаль усе асноўныя спажыўцы блакітнага паліва павязаныя даўгамі перад урадам і банкамі. А вось бэнзін, мазут ды іншая прадукцыя зь двух буйнейшых на абшарах СНД нафтаперапрацоўчых заводаў — Наваполацкага і Мазырскага «з калёс» ідзе на заходнія рынкі і дае бюджэту жывую валюту. Лёгіка тут простая: чым больш нафты, тым больш бэнзіну. Чым больш бэнзіну, тым больш эўра і даляраў.

У Маскве кажуць: вяртайце 300 мільёнаў даляраў, якія вы вінныя за газ, і тады мы пачнём даваць болей нафты. На перамовы з расейскім віцэ-прэм’ерам Аркадзем Дварковічам з Менску накіравалі самага дасьведчанага перамоўшчыка — таксама віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку. Але і яго досьвед не дапамог. Яны не змаглі дамовіцца« — прызнаўся супрацоўнік беларускай амбасады ў Расеі спадар Ярашэвіч.

Некалькі тыдняў таму расейскае выданьне «Коммерсантъ» апублікавала інфармацыю пра тое, што нібыта пагадненьне фактычна ёсьць і хутка яно будзе падпісанае. Паводле зьвестак «Коммерсанта», асноўнае ў дакумэнце — пераход у разьліках на расейскі рубель замест даляраў. Гэта зьніжае цану на газ для Беларусі прыблізна на 30%. Зразумела, пасьля гэтага аналітыкі загаварылі, што ў газавай вайне перамог Менск. Але 5 верасьня расейскі ўрад абверг інфармацыю пра тое, што пагадненьне ўжо дасягнутае. У Маскве заявілі, што ёсьць толькі прапановы беларускага боку, але Расея на іх не пагадзілася.

Уладзімер Сямашка пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў журналістам: зацягваньне падпісаньня пагадненьня нясе ў сабе вялікія выдаткі для Беларусі — эканамічныя і палітычныя. Якія гэта канкрэтна страты, віцэ-прэм’ер не патлумачыў. Зь эканамічнымі выдаткамі для Беларусі зразумела. А вось, што меў на ўвазе спадар Сямашка, калі казаў пра палітычныя страты? Як вы мяркуеце, калегі?

Лукашэнка меркаваў, што шляхам нацыянальнага прыніжэньня можна атрымаць прымальныя цэны на газ

Карбалевіч: Гэтыя газавыя перамовы ўсё больш нагадваюць нейкі дэтэктыў. Там і зьліў інфармацыі ў мэдыі, узгадаем, што пісаў расейскі «Камэрсант» яшчэ ў жніўні.

Каб дамагчыся выніку беларускі бок пайшоў на беспрэцэдэнтную акцыю. Беларуская каманда на Паралімпіядзе выйшла на ўрачыстае адкрыцьцё з расейскім сьцягам. Лукашэнка разьлічваў, што ён лоўка навучыўся гуляць на імпэрскіх комплексах Расеі. Сапраўды, гэтая акцыя беларускіх паралімпійцаў выклікала чарговую шавіністычную хвалю ў Расеі. І Лукашэнка меркаваў, што шляхам нацыянальнага прыніжэньня можна атрымаць прымальныя цэны на газ. На хвалі эўфарыі ён дасылае тэлеграму Пуціну загадаў віцэ-прэмʼеру Сямашка за два дні вырашыць пытаньне і дасягнуць пагадненьня.

Аднак атрымаўся аблом. Цяжка сказаць, чаму Расея так жорстка гандлюецца. Магчыма, ня хоча ствараць прэцэдэнт. Бо, нагадаю, Беларусь явачным парадкам сама сабе вызначыла цэны на газ, парушыўшы кантракт. І ў Маскве думаюць, а калі і іншыя спажыўцы расейскага газу возьмуць гэта ў якасьці прыкладу? Думаю, цяпер Лукашэнка будзе дамагацца перамоваў з Пуціным падчас саміту АДКБ у Армэніі ці саміту СНД у Кыргызстане.

Навумчык: Тэма ўзаемаадносінаў афіцыйнага Менска і Масквы ў паліўнай сфэры існуе столькі, колькі існуе незалежнасьць Беларусі. З пачатку 90-х гадоў залежнасьць Беларусі ад расейскага паліва была прычынай саступак Крамлю, наперш палітычных, спачатку ўрада Кебіча, потым Лукашэнкі. Прычыны, канешне, палягаюць значна глыбей — найперш, у палітычнай мэнтальнай падпарадкаванасьці кіраўніцтва Беларусі, што старога камуністычнага, што лукашэнкаўскага, Маскве, а паліўная залежнасьць хутчэй была элемэнтам PR, тое, што народу тлумачылі.

Ціск Масквы — гэта звычайны спосаб трымаць у сваёй арбіце Беларусь

Адначасна ні ўрад Кебіча, ні Лукашэнкі, нічога не рабілі для таго, каб зьменшыць гэтую залежнасьць, а гэта можна было рабіць ужо ў 90-х гадах. Шукаць альтэрнатыўныя крыніцы нафты, праводзіць эканамічныя рэформы, перабудоўваць структуру вытворчасьці, рабіць яе менш энэргаёмістай. А пра гэта гаворка ішла, можна прыгадаць ідэю будаўніцтва балта-чарнаморскага нафтавага калектара.

Цяжка ўявіць, што меў на ўвазе Сямашка, але гэты ціск Масквы — гэта звычайны спосаб трымаць у сваёй арбіце Беларусь. Тое самае і гэткі паліўны шантаж Крэмль прымяняе да Кіева. Некалькі гадоў таму ў Расеі былі напружаныя адносіны з некаторымі краінамі Усходняй Эўропы адносна газу. Нічога новага тут няма. Колькі гэта будзе працягвацца, невядома. Апошнія зьвесткі кажуць, што нафтавыя запасы адносна лёгкай здабычы ў Расеі толькі на 20 гадоў. Час пакажа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG