Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я шчыры і сумленны» — Алесь Лагвінец хоча ачоліць рух «За свабоду»


Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец мае намер вылучацца на пасаду старшыні руху на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі, якая заплянаваная на кастрычнік.

Намер узначаліць арганізацыю палітык абвясьціў на прэсавай канфэрэнцыі 13 верасьня пра вынікі выбараў у Беларусі.

«Мой удзел у выбарах паказаў, што я здольны пашыраць зону свабоды ў Беларусі», — сказаў пра сябе палітык.

Да сваіх арганізацыйных і палітычных вартасьцяў ён дадаў веданьне замежных моваў, нараджэньне сыноў і тое, што як выкладчык падрыхтаваў сотні студэнтаў.

Свой намер палітык пацьвердзіў у адкрытым лісьце, апублікаваўшы яго ў Фэйсбуку.

«Я добра адчуваю настроі людзей, я раблю тое, у што веру, я шчыры і сумленны чалавек і здольны актыўна і адкрыта весьці грамадзка-палітычную дзейнасьць бяз штучнасьці і камбінаваньня, я маю адпаведную адукацыю, прафэсійныя дасягненьні і ведаю эўрапейскія мовы, я ганаруся тым, што сотні маіх студэнтаў удзячныя мне за атрыманыя ад мяне веды і навыкі, таму я буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду Старшыні Руху „За Свабоду“ і гатовы быць яго лідэрам і кандыдатам нумар 1 ва ўсіх бліжэйшых выбарчых кампаніях.

Мне будзе за гонар адстойваць каштоўнасьці, на якіх пабудаваны наш рух — свабода, нацыянальнае адраджэньне і эўрапейскасьць».

Алесь Лагвінец просіць падтрымаць пост тых, хто лічыць, што ён варты быць старшынём руху «За свабоду».

Алесь Лагвінец спрабаваў балятавацца ў дэпутаты ў Сухараўскай выбарчай акрузе Менску, але ня быў зарэгістраваны за распаўсюд друкаванай прадукцыі падчас збору подпісаў, што выбарчы закон забараняе. Лагвінец прызнае, што раздаваў выбарцам свае візытоўкі, запрашэньні на канцэрт музыкі Лявона Вольскага і газэту «Народная Воля», але ня лічыць гэтую прадукцыю зьвязанай з выбарамі. Падчас выбараў Алесь Лагвінец быў назіральнікам на выбарчым участку № 347 і сьцьвярджае, што ў дзень асноўнага галасаваньня там бралі ўдзел у выбарах толькі 355 чалавек, хоць камісія адрапартавала пра яўку 506 грамадзянаў.

Алеся Лагвінца зь міліцыяй прымушаюць пакінуць «межы ўчастку»

Алеся Лагвінца зь міліцыяй прымушаюць пакінуць «межы ўчастку»

«Адбыўся чарговы зьдзек зь людзей і падман», — сказаў пра мінулыя выбары Алесь Лагвінец.

Усяго на 101 Сухараўскай акрузе Алесь Лагвінец і ягоныя калегі з руху «За свабоду» змаглі назіраць за выбарамі на 18 з 34 участкаў. Паводле назіральнікаў, яўка на ўчастках склала меней за 25%, і таму нельга лічыць, што выбары там адбыліся. Асноўныя заўвагі пералічыў Алесь Лагвінец:

— застаецца блытаніна са сьпісамі выбарцаў, але ўлада ўпарта не жадае складаць дзяржаўны рэестар выбарцаў, таму што без такога рэестру лягчэй рабіць маніпуляцыі са сьпісамі;

— па ўчастках галасавалі «карусельшчыкі» — група жанчын у акулярах ад сонца, якія атрымлівалі пашпарты на ўваходзе, галасавалі і пераяжджалі на іншыя ўчасткі;

— падчас падліку галасоў усе бюлетэні складаліся ў адзін стос, таму немагчыма было пракантраляваць, колькі за каго пададзена галасоў;

Падлік галасоў на ўчастку, дзе Лагвінец быў назіральнікам

Падлік галасоў на ўчастку, дзе Лагвінец быў назіральнікам

— у выбарчых камісіях дамінуюць старшыня, намесьнік і сакратар, а астатнія сябры камісіяў — звычайна шараговыя настаўніцы, ім цалкам падпапаркаваныя. Таму наяўнасьць 1–2 незалежных сябраў камісіяў прынцыпова нічога не мяняе да лепшага;

— старшыні выбарчых камісіяў самаўпраўна выдаляюць назіральнікаў, правы якіх прапісаныя вельмі неканкрэтна.

Алесь Лагвінец адказаў на словы на свой адрас старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, якая назвала «несур’ёзнай» ягоную скаргу на тое, што на ўчастку, дзе камісіяй кіраваў бізнэсовец Павал Тапузідзіс, выбарцам зь дзецьмі бясплатна раздавалі паветраныя балёнікі.

«Гэта трэба лічыць яўным парушэньнем, бо я сам бачыў, як балёнікі надзьмувалі супрацоўнікі кампаніі „Табак інвэст“, якая належыць Тапузідзісу. Гэтая гульня на бацькоўскіх пачуцьцях выбарцаў — што яшчэ, як ня подкуп?» — мяркуе Алесь Лагвінец.

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Палітык сказаў, што паспрабуе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі на мясцовых выбарах у 2018 годзе.

«Мы даказалі, што з выбарцамі можна весьці працу, даводзіць да іх нашу пазыцыю, якую шмат хто падтрымлівае. Але яшчэ падчас раздачы выбарчых матэрыялаў палова выбарцаў, якіх мы наведалі, казала, што на выбары яны ня пойдуць, бо ня вераць у іх чысьціню. Праблема ў тым, каб аднавіць давер да выбараў, але я бачу, што гэта магчыма», — мяркуе Алесь Лагвінец.

У руху «За свабоду» Алесь Лагвінец з 2006 году, калі пачаўся збор подпісаў за ўтварэньне арганізацыі.

Паводле зьвестак з руху «За свабоду», дзейны старшыня арганізацыі, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч, які нядаўна перанёс апэрацыю на суставах, не плянуе вылучацца на канфэрэнцыі ў кастрычніку на пасаду старшыні.

Раней пра намер балятавацца на пасаду старшыні заяўляў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG