Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец: Маю доказы, што скаргі супраць мяне падробленыя


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец напісаў заяву ў міліцыю з прычыны падробкі дакумэнтаў. Чалавек, які падаў скаргу супраць Лагвінца, пацьвердзіў, што не зьвяртаўся ў акруговую камісію Сухараўскай выбарчай акругі № 101.

23 ліпеня ў акруговую камісію паступіў зварот ад настаўніцы Гродзь В.В. У ім напісана, што ў той час, калі Гродзь рухалася па МКАД, яе ўвагу адцягнулі сьцягі на пешаходным мосьце. Маецца на ўвазе акцыя са сьцягамі, якую ў той дзень зладзіў Алесь Лагвінец.

«На кіроўцаў з усталяваных вялікіх партрэтаў глядзеў кандыдат у дэпутаты Лагвінец А.І.», — напісана ў звароце.

Алесь Лагвінец піша заяву ў міліцыю

Алесь Лагвінец піша заяву ў міліцыю

Сьцягі адцягнулі ўвагу настаўніцы, і яна «стварыла аварыйную сытуацыю». А таму яна зьвяртаецца да сябраў акруговай камісіі, каб тыя «прынялі меры па выключэньні падобных сытуацый».

Па словах Лагвінца, ён датэлефанаваўся да настаўніцы, і тая толькі ад яго даведалася пра існаваньне такой заявы. У той дзень, 22 ліпеня, яе нават не было ў горадзе.

Лагвінец мае аўдыёзапіс размовы і смс-перапіску з настаўніцай. Таксама ў акруговай камісіі яму паказалі журнал, дзе зарэгістравана, што Гродзь сама падала скаргу.

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Маю доказы, што скаргі супраць мяне — падробленыя. Гэта факт, што скаргі цэнтралізавана пісаліся падстаўнымі людзьмі, часам тымі, хто пра гэта нават ня ведаў», — сказаў Лагвінец Свабодзе.

У памяшканьні акруговай камісіі Лагвінец выклікаў міліцыю і напісаў заяву аб падробцы дакумэнтаў. Ягоны зварот абяцаюць разгледзець «у межах заканадаўства» — цягам 10 дзён.

«Я хачу прыцягнуць (да адказнасьці. — РС) людзей, якія падрабілі подпісы, людзей, якія прынялі ад неўстаноўленай асобы падробленую заяву», — сказаў Лагвінец.

Пракамэнтаваць сытуацыю ў акруговай камісіі Свабодзе адмовіліся, прапанаваўшы прыйсьці на паседжаньне камісіі сёньня а 16-й гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG