Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абяцанае Аляксандрам Лукашэнкам падвышэньне заробкаў настаўнікам закранула толькі тых, хто мае стаж, і толькі за дадатковую працу.

Удзельнічаюць Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод і Юры Дракахруст.

Карбалевіч: 1 верасьня, пачатак новага навучальнага году, па даўняй традыцыі, якая сягае яшчэ ў савецкія часы, у Беларусі адзначаецца як Дзень ведаў. Лукашэнка звычайна наведвае школу. Перад пачаткам гэтага навучальнага году грамадзкасьць хвалявала хіба што адзінае пытаньне: ці павысяць заробкі настаўнікам?


Напачатку жніўня, за месяц да пачатку навучальнага году, на адмысловай нарадзе Лукашэнка канстатаваў, што заробкі ў настаўнікаў малыя, меншыя, чым у даяркі ці мэханізатара, а яны ж выконваюць важную палітычную функцыю, забясьпечваюць патрэбныя вынікі выбараў. Таму, зрабіў ён выснову, заробкі трэба падвышаць. Пра неабходнасьць падвышаць заробкі асабліва маладым пэдагогам доўга разважаў перад пачаткам навучальнага году і міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў. І ўсе чакалі. І дачакаліся. Як часта бывае ў Беларусі, зь вялікага грому апынуўся маленькі дождж.

Галоўная функцыя сыстэмы адукацыі — гэта забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці маладога пакаленьня існаму рэжыму

Напярэдадні 1 верасьня Саўмін зацьвердзіў надбаўкі пэдагогам. Але, па першае, толькі настаўнікам са стажам. Па-другое, толькі за аказаньне дадатковых адукацыйных паслугаў, за дадатковыя платныя заняткі са школьнікамі. Гэтым улада паказалі сапраўднае стаўленьне да адукацыі, да настаўнікаў. Калі б яны былі даяркамі ці мэханізатарамі, альбо міліцыянтамі, то была б іншая справа. Увогуле, стаўленьне да адукацыі ў беларускіх уладаў такое палітычна-прагматычнае. Хоць часам Лукашэнка правільна разважае пра вялізную ролю адукацыі ў эпоху бурнага разьвіцьця навукі, новых тэхналёгій, пра эканоміку ведаў, але рэальныя адносіны да гэтай сфэры іншыя.

Галоўная функцыя сыстэмы адукацыі — гэта забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці маладога пакаленьня існаму рэжыму. І яна яе выконвае. Уладам удалося сфармаваць новае пакаленьне беларусаў, людзей не з грамадзянскай пазыцыяй, а з псыхалёгіяй дзяржаўнага падданага. Гляджу цяпер выступы кандыдатаў у дэпутаты і зьвярнуў увагу, як шмат там кіраўнікоў адукацыйных установаў ідзе на выбары ад улады. Больш, чым міліцыянтаў ці гэбэшнікаў.

Беларускае настаўніцтва — гэта цікавы фэномэн, які, здаецца, яшчэ добра недасьледаваны. Гістарычна настаўнікі, работнікі адукацыі заўсёды былі носьбітамі перадавых поглядаў. Якуб Колас за ўдзел у арганізацыі настаўніцкага зьезду ў царскай Расеі тры гады прасядзеў у турме ў Менску. А сёньня ў Беларусі настаўнікі — гэта найбольш кансэрватыўнае асяродзьдзе, ідэалягічнае і палітычнае апірышча існага рэжыму, які цягне краіну ў мінулае. Можа зусім невыпадкова гэтаму спадарожнічае дэградацыя сыстэмы адукацыі. Гэтыя два працэсу ідуць поруч, паралельна.

Дракахруст: Сапраўды, зь вялікага грому малы дождж. Варта прыгадаць, што прыкладна тады ж, калі Лукашэнка выказваўся наконт заробкаў настаўнікам, расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў нехлямяжую фразу, якую ўся Расея з абурэньнем цытавала — што калі мала настаўнікам грошай, хай шукаюць іншую працу. Лукашэнка казаў зусім іншае, што настаўнікі — наша багацьце, наш гонар. Але па выніку атрымалася менавіта паводле формулы Мядзьведзева: шукайце іншую працу, вучыце дадаткова пасьля ўрокаў. Цікава, у чым прычына гэтага.

Настаўніцтва — даволі ляяльная катэгорыя, ад яе не асабліва чакаюць нейкіх выбухаў, пратэстаў, рэзкіх крокаў

Тут магчыма два тлумачэньні: адно — гэта традыцыя. У нас і пракуроры спасылаюцца на слаўнае савецкае мінулае наконт артыкулу пра спэкуляцыю. І так выглядае, што савецкае герархія заробкаў сядзіць і ў галаве беларускіх урадоўцаў. У савецкія часы так жа было — даярка атрымлівала больш, чым настаўнік. Вось значыць так павінна быць і далей. Другі момант зьвязаны з тым, што хто маўчыць, таго і ня слухаюць. Настаўніцтва — даволі ляяльная катэгорыя, ад яе не асабліва чакаюць нейкіх выбухаў, пратэстаў, рэзкіх крокаў. А іншыя, не маўчаць ці патэнцыйна могуць не маўчаць. Тым і даюць.

Карбалевіч: Вы кажаце, што ў савецкія часы даяркі і мэханізатары атрымлівалі больш за настаўнікаў. Гэта было ў самым канцы існаваньня СССР. А раней, у першыя пасьляваенныя гады, нават у 50-60-я, калі ў калгасах зараблялі зусім мала, у настаўніка быў цьвёрды бюджэтны аклад, і ён быў паважаным чалавекам.

Глод: Мне падаецца, спадар Карбалевіч знайшоў трапныя словы, калі назваў стаўленьне да адукацыі з боку беларускіх уладаў «палітычна-прагматычным». Сапраўды ўлады здолелі сфармаваць новае пакаленьне беларусаў з псыхалёгіяй дзяржаўнага падданага. Хтосьці вельмі дакладна сказаў, што «мэта міністэрства адукацыі — вывучыць на чыноўнікаў і рабацяг». То бок існуе агульнадзяржаўная задача — выпусьціць стандартных сацыялізаваных робатаў для працы чыноўнікамі і рабочымі на заводах. Таму, я думаю, можна казаць, што вышэйшыя ўлады ставяць настаўнікам сацыяльны заказ — дзяцей трэба выхаваць так, каб яны былі лёгка кіраванымі. Вось і плодзяцца ў нашых школах паслухмяныя, аднолькавыя вучні. Некаторыя затым працуюць у дзяржаўных установах, іншыя ідуць на канвэер.

Карацей, відавочна, што сыстэма адукацыі мае патрэбу ў рэфармаваньні і большай свабодзе. Яна гэтаксама цэнзураваная, як і іншыя сфэры жыцьця беларускага грамадзтва. Калі адмовіцца ад рэформаў, дык выпускнікі школаў застануцца такімі ж, як сёньня. І першае, што заўважаюць выкладчыкі вышэйшых навучальных установаў, што ўчорашнія школьнікі дыстанцуюцца ад палітычнай актыўнасьці. Студэнцтва зрабілася такім, як і грамадзтва. У цэлым, гэта непратэстная і досыць канфармісцкая група. Таму немагчыма ўявіць, што, напрыклад, у БДУ зьявіцца такая супольнасьць як філарэты і філяматы ў Віленскім унівэрсытэце ў XIX стагодзьдзі, якая аб’ядноўвала маладых людзей, што цікавіліся палітыкай.

першае, што заўважаюць выкладчыкі вышэйшых навучальных установаў, што ўчорашнія школьнікі дыстанцуюцца ад палітычнай актыўнасьці

Калі ж казаць пра школьную праграму, дык многія настаўнікі прызнаюць — яна састарэла. Таму атрыманыя навыкі і веды цалкам не адпавядаюць рэальна неабходным. Але зь іншага боку, праграма такая лёгкая і прымітыўная, што яе можна засвоіць за значна меншы інтэрвал часу, чым на яе адводзіцца. Таму прасьцей яе прайсьці, не ўступаючы ў супярэчнасьці з сыстэмай. А што тычыцца канкрэтных праблемаў, то вучні і настаўнікі скардзяцца на адсутнасьць дадатковай літаратуры для беларускіх школаў. Па некаторых прадметах, як, напрыклад, па інфарматыцы, наагул існуе толькі рускамоўны падручнік. Вельмі цяжка знайсьці «Альбом для маляваньня», а вось «Альбомов для рисования» хапае. Не хапае дадатковых дапаможнікаў: контурных картаў, геаграфічных атлясаў, насьценных табліц па хіміі, фізыцы. Усё гэта бацькі мусяць шукаць самастойна.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG