Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пра магчымае падвышэньне абвешчана менавіта цяпер? Калі яно будзе, то наколькі значным? Ці азначае гэтае абяцаньне зьмену сацыяльнай палітыкі апошніх месяцаў?

Цыганкоў: Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня заслухоўваў даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сыстэмы адукацыі да новага навучальнага году і зрабіў шэраг заяваў. «Пытаньне статусу пэдагагічнага работніка, скажу дакладней — настаўніка, перш за ўсё сярэдняй школы, ужо набыло не проста грамадзкае гучаньне, а і палітычнае. Па многіх прычынах. На настаўніку заўсёды ляжала цяжкая місія, і ніколі багатымі настаўнікі не былі. Не зусім багатыя яны і сёньня. Але нагрузку на іх, у тым ліку палітычную, мы ўскладваем вялікую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вазьміце парлямэнцкія выбары, нядаўнія прэзыдэнцкія выбары: хто складаў аснову палітычнага ядра, якое праводзіла галоўную палітычную кампанію? Настаўнікі, урачы, дзяржаўныя службоўцы. І сёньня гэтыя катэгорыі грамадзянаў, якія забясьпечваюць стабільнасьць у нашай дзяржаве, неабгрунтавана, напэўна, пакрыўджаныя. Але, перш за ўсё, настаўнік».

Ён гаварыў пра рэформы ў школе, паўтараючы свой тэзіс, што хопіць рэформаў у адукацыі, трэба ўдасканальваць тое, што ёсьць. Хопіць рэформаў, звычайная лукашэнкаўская мантра, паўтарылася і ў гэтым пытаньні.

«Сытуацыя з настаўнікам нецярпімая» — сказаў ён. — Таму давайце загрузім яго настолькі, наколькі ён можа быць загружаны, але будзем плаціць дастойны заробак«. Такім чынам, ніякіх пакуль афіцыйных рашэньняў не было аб’яўлена, але здаецца, што хуткім часам нешта будзе апублікаванае — менавіта рашэньне пра падвышэньня матэрыяльнага ўзроўню аплаты настаўнікаў. Наўрад ці гэта будзе нейкае радыкальнае падвышэньне, але калі ўжо Лукашэнка так сказаў, то нейкая пастанова Савету Міністраў ці прэзыдэнцкі указ як мінімум да пачатку навучальнага году, і, што важней, да пачатку галасаваньня, будуць прынятыя.

Тое, што дзяржава павінная падвышаць заробак настаўнікам і давесьці яго да сярэднебеларускага, кажуць столькі, колькі мы сябе памятаем.

Але гэта ня зьменіць сутнасьці таго, што адбываецца ў дачыненьні да настаўнікаў за усе гэтыя гады. Тое, што дзяржава павінная падвышаць заробак настаўнікам і давесьці яго да сярэднебеларускага, кажуць столькі, колькі мы сябе памятаем. Нават да Лукашэнкі казалі. Але гэта ніколі так і не было дасягнута. Заробак беларускіх настаўнікаў і на сёньня меншы за сярэдні па краіне. У сярэднім ён складае каля 570 дэнамінаваных рублёў.

Калі вясной віцэ-прэмʼер Натальля Качанава заявіла, што гэта «нядрэнны ўзровень», то ў незалежных СМІ і сацыяльных сетках узьнялася хваля абурэньня.

Цікавы палітычны аспэкт, пра які казаў Аляксандар Лукашэнка. Настаўнікі — тая частка грамадзтва, якая недаацэненая дзяржавай. У іншых краінах заробак настаўніка часта вышэйшы, чым заробак людзей, занятых фізычнай працай, і часта вышэйшы за сярэдні па краіне — у ЗША, у Вялікабрытаніі менавіта так.

Пры гэтым настаўнікі сапраўды складаюць аснову выбарчых камісіяў, фальсыфікацыйнай машыны падчас кожнай выбарчай кампаніі. Але тое, што Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што настаўнікі пакрыўджаныя, кажа пра тое, што ён адчувае іх нездаволенасьць — ці сам, ці празь нейкія закрытыя для публікі сацыялягічныя дасьледаваньні. І яна расьце шпаркімі тэмпамі. Таму ён вырашыў выступіць, і я прагназую, што будзе прынятае рашэньне, і менавіта перад выбарамі.

Дарэчы, гэта мяняе тую вэрсію, што ўлада цяпер ужо настолькі не хвалюецца пра вынікі выбараў, што яна не ідзе на падвышэньне заробкаў, папулісцкія крокі нават напярэдадні прэзыдэнцкіх, а цяпер і парлямэнцкіх выбараў. Ужо на гэты момант улада адчула пэўную небясьпеку такой занадта лібэральнай эканамічнай палітыкі. Ёсьць некаторыя зьвесткі, што выпускаюцца новыя грошы ў абарот, даюцца грошы прадпрыемствам, і магчыма напярэдадні парлямэнцкай кампаніі і далей мы будзем назіраць адыход ад гэтай, умоўна назавем, манэтарысцкай мадэлі, і дзяржава будзе грашыма спрабаваць заткнуць патэнцыйнае незадавальненьне грамадзянаў.

Карбалевіч: Сапраўды падчас дакладу аб сытуацыі ў сыстэме адукацыі Лукашэнка нагаварыў шмат цікавых рэчаў. Найбольш важная рэч, якую Лукашэнка прагаварыў, хоць і не напрост, — гэта тое, што галоўную функцыю настаўнікаў, як і школы увогуле, ён бачыць зусім не ў тым, каб забясьпечыць высокую якасьць ведаў.

З гэтым, на ягоную думку ў краіне ўсё нармальна. Маўляў , у нас нармальная сыстэма адукацыі. Ён кажа: «Нас ужо заходнікі папярэджваюць: вы адзіныя ў былым сацыялістычным лягеры, не кажучы пра Савецкі Саюз, засталіся, хто не разбурыў сыстэму адукацыі, і яна дае вам эфэкт, не разбурыце яе».

Хоць усім відавочна, што якасьць ведаў школьнікаў апошнімі гадамі катастрафічна ўпала. Пра гэта, напрыклад, кажуць вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Шмат гадоў сярэдні бал па фізыцы і матэматыцы быў каля 20-30 балаў па 100-бальнай сыстэме. І каб гэты правал не быў такі відавочным, апошнімі гадамі значна спрасьцілі заданьні падчас гэтага тэставаньня. Але якасьць навучаньня — задача другасная.

Паводле Лукашэнкі, галоўная ролі і функцыя настаўнікаў і школы — палітычная.

Насамрэч, паводле Лукашэнкі, галоўная ролі і функцыя настаўнікаў і школы — палітычная. Менавіта настаўнікі праводзяць выбары, працуючы ў выбарчых камісіях. Калі шырэй, то галоўная функцыя школы — гэта забясьпечыць палітычную ляяльнасьць маладога пакаленьня існаму рэжыму.

Таму лягічна, што галоўную праблему Лукашэнка бачыць вось у чым: «Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае — гэта погляд у будучыню. Не мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца не тымі пытаньнямі, якія сёньня надзённыя, надзённыя для нашай сыстэмы адукацыі». То бок трэба, калі перакласьці гэта на зразумелую мову, у падручніках гісторыі паказаць гістарычную ролю першага і адзінага прэзыдэнта Беларусі. І гэта самае надзённае пытаньне.

І тут узьнікае самая цікавая праблема. Настаўнікі выконвалі, выконваюць і павінны выконваць надалей гэтую сваю функцыю за проста так. Лукашэнка прызнае, што заробкі ў іх малыя, меншыя, чым у мэханізатара ці даяркі на вёсцы. Але яны настолькі паслухмяныя, што ня трэба асабліва і турбавацца за іх заробкі, умоўна кажучы, «купляць» іх ляяльнасьць.

Так, Лукашэнка дзяжурна канстатаваў, што заробкі павышаць трэба. Праўда, незразумела, хто перашкаджаў гэта рабіць дасюль? Але рост заробкаў настаўнікаў Лукашэнка абставіў умовамі. Па-першае, трэба загрузіць настаўнікаў яшчэ больш, хоць, здавалася б, куды яшчэ больш? Другі дзіўны тэзіс — статус настаўніка залежыць не ад дзяржавы, а «перш за ўсё ён залежыць ад самога настаўніка».

Гэта як? Трэба разумець, каб яны яшчэ больш стараліся хваліць Лукашэнку, «правільна» правялі выбары? Здаецца, менавіта гэта меў на ўвазе кіраўнік дзяржавы. Як кажуць, страшная рэч — рабства з-пад палкі. Але яшчэ страшнейшая справа — рабства без палкі.

Дракахруст: Адказваючы на вашае, Віталь, пытаньне, — так, заробкі настаўнікам падвысяць. Але ці пэўным катэгорыям, ці ўсім, але не нашмат. Аднак цікавыя гэтыя словы Лукашэнкі: «Вы ня проста падвысьце!» А як «складана» падвысіць?

Я прачытаў гэта як намёк на тое, што вось гэтае падвышэньне, якое, я лічу, што адбудзецца, павінна суправаджацца такой велізарнай, гучнай піяр-бурбалкай, каб настаўнікі адчулі, зразумелі, які добры ў Беларусі прэзыдэнт, як ён нарэшце прыгадаў пра іх патрэбы і які велізарны падарунак ён ім робіць. Думаю, мы яшчэ ўбачым ганаровае ўручэньне гэтага «падарунку» кшталту таго, як напачатку года было зьніжэньне камунальных тарыфаў, вызначаных нібыта «ад балды». Ізноў, магчыма, мы даведаемся, што хтосьці там аказаўся «балдой», заробкі для настаўнікаў вызначаў «ад балды», а прэзыдэнт, зразумела, пра ўсё даведаўся і ўсё паправіў.

У мяне склалася ўражаньне, што гэтая заява Аляксандра Лукашэнкі — пэўны адказ на нядаўнюю скандальную заяву расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Што тычыцца матываў, магчыма сапраўды, што ізноў робіцца больш мяккай, больш шчодрай сацыяльная палітыка. Але ў мяне склалася ўражаньне, што гэтая заява Аляксандра Лукашэнкі — пэўны адказ на нядаўнюю скандальную заяву расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева. Увесь Рунэт ад яе ў абурэньні, гэтая заява нават горшая за заяву беларускай віцэ-прэм’еркі Качанавай, пра якую вы, Віталь, прыгадалі.

Мядзьведзеў, калі настаўнікі яму паскардзіліся на малыя заробкі, сказаў: ну, малыя заробкі — ідзіце ў бізнэс. І гэта выклікала шок у расейскім грамадзтве. Гэта амаль як таксама знакаміты адказ Мядзьведзева на скаргі крымскіх пэнсіянэраў: «Грошай няма, але вы там трымайцеся, здароўя вам і добрага настрою».

Вось на фоне Мядзьведзева Лукашэнка такі мудры, добры і шчодры, ён грошы дае. У расейскай дзяржавы няма на сваіх настаўнікаў, а ў Лукашэнкі ёсьць. Я мяркую, што гэта таксама было нейкім фактарам, таму што, зразумела, што Лукашэнка жыве ў значнай ступені ў расейскай інфармацыйнай прасторы. І гэта было такой дэманстрацыяй: вось як расейская ўлада размаўляе з народам, а вось як я.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG