Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыя склала пратаколы на 14 удзельнікаў шэсьця 25 жніўня ў Менску

  • БелаПАН

Міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да 14 удзельнікаў несанкцыянаванага шэсьця ў Менску, якое адбылося 25 жніўня і было прысьвечана 25-годзьдзю ўваходжаньня ў сілу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

«25 жніўня 2016 году ў сталічным парку імя Я.Купалы сабралася група грамадзянаў, якая калёнай прайшла па ходніках да плошчы Незалежнасьці. У дачыненьні да 14 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях», — гаворыцца ў паведамленьні ГУУС Менгарвыканкаму.

Ініцыятарам акцыі выступіла міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Малады фронт» (зарэгістравана ў Чэхіі). Акцыя пачалася з Купалаўскіх чытаньняў у сквэры імя Янкі Купалы ля помніку народнаму паэту. Затым каля 70 удзельнікаў акцыі прайшлі сьвяточным шэсьцем па праспэкце Незалежнасьці да аднайменнай плошчы.

Калі ўдзельнікі практычна разышліся, пяцёра невядомых маладых людзей у байках з нацягнутымі на галовы капюшонамі закідалі ўдзельнікаў шэсьця яйкамі і пабеглі ў бок вуліцы Мясьнікова.

Нягледзячы на тое што ў пагоні за імі ўдзельнічала некалькі міліцыянтаў, якой-небудзь інфармацыі аб іх затрыманьні не паступала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG