Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праз два тыдні ў краіне адбудуцца парлямэнцкія выбары. Паводле беларускага заканадаўства шлях у парлямэнт ды мясцовыя органы ўлады не закрыты і для былых асуджаных з пагашанай судзімасьцю, якія тэарэтычна маглі б паўплываць на рэфармаваньне судовай ды турэмнай сыстэмаў.

Людзі з былой судзімасьцю — гэта плюс ці мінус для парлямэнту? Калі б яны траплялі ў дэпутаты, ці займаліся б гуманізацыяй беларускай турмы?

«У Палаце нам гаварылі: ну вы ж самі разумееце — што мы можам?»

Калі на волі, мяркуючы па апытаньнях самых розных СМІ, большасьць грамадзянаў дэманструюць сваё індыфэрэнтнае стаўленьне да гэтай падзеі, то за кратамі інтарэс да яе яшчэ меншы.

«Увогуле ў нашым атрадзе палітыкай цікавіліся, — піша былы асуджаны Бабруйскай калёніі Анатоль. — Шмат і з толкам гаварылі пра наш беларускі лад, пра прэзыдэнта, ягонае атачэньне. Калі глядзелі на зоне тэлевізар, дык навіны былі на першым месцы. Нават калі нейкі фільм быў, то казалі — глядзім навіны.

А выбары — гэта нешта несапраўднае. Усе ведаюць, што яны робяцца зьверху, таму на волі на галасаваньне ніхто ня ходзіць. Асабіста я на гэтыя выбары не пайду. Пайшоў бы толькі ў тым выпадку, калі б па маім участку кандыдатамі праходзілі былыя судзьдзі, пракуроры ды тыя, хто сам некалі сядзеў.

Сабраў бы на ўчастку цэлую каманду, каб не прайшлі судзьдзі ды пракурорскія, касьцьмі б лёг, абы з былых асуджаных не пралез нехта, хто сядзеў, напрыклад, за карупцыю пэдафілію. Падтрымаў бы „эканаміста“ і былога палітвязьня. Але ад апошняга б патрабаваў, каб ён рэгулярна агучваў у парлямэнце тэму выкананьня пакараньняў ды судовай сыстэмы. Калі ня дойдзе да зьменаў у законе, то хаця б выкліча рэзананс у грамадзкасьці».

«Ані самі сядзельцы, ані іх сямейнікі ня вераць у тое, што парлямэнт сапраўды стварае ды прымае законы», — кажа жонка асуджанага на працяглы турэмны тэрмін нібыта за забойства на паляваньні 60-гадовага Пятра КучурыЛюдміла. Разам з такімі ж жонкамі ды маці, як яны лічаць, «несправядліва асуджаных» Людміла Кучура цягам апошніх дзесяці гадоў ня раз зьвярталася ў адпаведныя парлямэнцкія камісіі. Якія высновы?

Людміла Кучура

Людміла Кучура

Кучура: «Вось мой сядзіць ужо 12 год. А наша ініцыятыўная група, якая выступае за справядлівасьць у судах, існуе 10 год. Увесь гэты час мы хадзілі ў Палату, былі на прыёмах у старшыняў парлямэнцкіх камісіяў, у сьпікераў. Былі ў цяперашняга парлямэнцкага кіраўніка Андрэйчанкі, у ягонага намесьніка... У каго толькі не былі, каму толькі не насілі свае справы. Як вынік — наступны адказ на запыт: ваша справа накіраваная далей, бо самі паўнамоцтваў ня маем. У вусных размовах чулі: ну вы ж самі разумееце — што мы можам? Гэта заканатворцы кажуць! Але я так разумею: калі ты дэпутат, то ты мусіш быць надзелены адпаведнай уладай. Гэтыя людзі павінны адсочваць, якія законы не адпавядаюць Канстытуцыі. Напрыклад, аб дармаедзтве, ці нешта іншае...

Ці ўзяць Крымінальна-выканаўчы кодэкс, выкананьне пакараньняў. Там шмат артыкулаў, якія не працуюць. Напрыклад, тое ж права асуджанага пабываць на пахаваньні сваіх блізкіх... Прааналізуйце, як выконваюцца або чаму не выконваюцца законы, якія самі ж вы і прымаеце. Бо на практыцы атрымліваецца, што вы, заканадаўцы, абсалютна абыякавыя да праблемаў гэтых ды іншых грамадзянаў. Вы проста тупа падтакваеце выканаўчай уладзе. А навошта вы тады?»

«Кожны мае права на памылку»

Фармальна беларускае заканадаўства дазваляе балятавацца ў дэпутаты былым асуджаным з так званай пагашанай судзімасьцю. Сёлета, як у мінулыя гады, свае кандыдатуры на выбарах вылучалі і людзі, якія непасрэдна зьведалі турэмную сыстэму. Гэта, напрыклад, колішнія палітвязьні Сяргей Скрабец і Алесь Міхалевіч. Таксама кандыдатамі ў дэпутаты зацьвердзілі некаторых асобаў, якія раней былі асуджаныя па крымінальных справах. Адзін зь іх, кандыдат ад АГП, у мінулым тройчы судзімы за крадзеж ды «хуліганку», аднак, усё ж вырашыў зьняць сваю кандыдатуру. Другая, аднойчы асуджаная кандыдатка ад партыі Гайдукевіча, зьбіраецца працягваць удзел у выбарчай кампаніі. Раней паведамлялася, што сябры ЛДПБ, якія мелі крымінальнае мінулае (прысуды за ўхіленьне ад алімэнтаў, махлярства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, крадзеж), бралі ўдзел і ў пазалеташніх выбарах у мясцовыя органы ўлады.

Намесьнік старшыні ЛДПБ, кандыдат у сёлетні парлямэнт Алег Гайдукевіч лічыць палітычныя амбіцыі гэтых людзей цалкам нармальнымі:

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч

«Кожны чалавек мае права зрабіць памылку і яе выправіць, стаць нармальным чалавекам і прынесьці карысьць краіне».

«Сёньня былую судзімасьць ужо не схаваеш»

Ці шмат людзей з пагашанай судзімасьцю становяцца дэпутатамі? Ці існуе ўвогуле такая статыстыка? — з такімі пытаньнямі «Свабода ў турмах» зьвярнулася да сакратара выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка.

Лазавік: «Шчыра кажучы, я нават ня памятаю, каб яшчэ пару-тройку год таму хто заявіў бы пра сваю былую судзімасьць. Больш за тое, людзі імкнуліся схаваць гэты факт сваёй біяграфіі. Нават калі тая судзімасьць і была зьнятая.

Да пазалеташніх мясцовых выбараў дзейнічала норма, што такія кандыдаты з пагашанай судзімасьцю не абавязаныя агучваць падобныя факты сваёй біяграфіі. У 2012-м, падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў, мы, аднак, сутыкнуліся з тым, што сваё крымінальнае мінулае схаваў двойчы судзімы чалавек, які абкрадаў людзей і краў аўтамабілі. Адносна яго ў выбаркам сталі паступаць сыгналы ды скаргі выбарцаў.

У 2013-м мы ўвялі норму, што раней судзімыя са зьнятай судзімасьцю па-ранейшаму могуць вылучацца кандыдатам, аднак абавязкова павінны пазначыць у сваіх біяграфіях для выбарцаў і сябраў выбаркамаў, калі і за што была судзімасьць.

Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

Пазалетась, калі трэба было агучваць гэтыя біяграфічныя зьвесткі, некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ня сталі вылучацца, нават калі зьнятыя зь іх судзімасьці былі за тыя парушэньні, якія не зьяўляюцца наўмыснымі. Напрыклад, зьвязанае з ДТЗ ці адказнасьцю па адміністрацыйнай лініі за нейкае надзвычайнае здарэньне на прадпрыемстве. Тым ня менш такія людзі не захацелі афішаваць гэтага, бо мелі добрую рэпутацыю ў сваіх калектывах...»

«Свабода ў турмах»: У Расеі, здаецца, на ўзроўні законапраекту прапануецца, каб людзі з пагашанай судзімасьцю і тыя, чые злачынствы былі няцяжкімі і ненаўмыснымі, усё ж не пазначалі свайго крымінальнага мінулага, бо гэта ставіць іх у няроўныя ўмовы зь іншымі, несудзімымі кандыдатамі. Ці згодныя вы з падобным аргумэнтам? І, па-другое, ці прагаласавалі б самі за раней судзімага кандыдата?

Лазавік: «Адносна першага пытаньня: мы толькі тры гады як увялі гэтую норму, і таму грунтоўна яшчэ ня ўзважылі ўсіх вынікаў... Што тычыцца другога пытаньня, то шчыра скажу: калі б злодзей, які абкрадаў ды ашукваў іншых, здолеў бы зарэгістравацца, то гэта б мяне асабіста як выбарцу абразіла б. Што тычыцца іншых фактаў судзімасьці, то лічу, што ў жыцьці бывае ўсё. Тое ж ДТЗ, якога сам кіроўца не жадаў. Тут для мяне істотнымі аргумэнтамі для прыняцьця ці непрыняцьця кандыдатуры былі б іншыя моманты — які ён працаўнік, грамадзянін, які ён сямейнік...»

«Прымаліся толькі законы на карысьць сілавікоў, а не на паляпшэньне турмаў»

Апазыцыйныя лідэры, калі заклікаюць людзей на плошчу, ня кажуць ім, што можа чакаць у турме. У Беларусі ж трапіць за краты вельмі проста, напрыклад, калі ты выйшаў на мітынг пратэсту, не пагаджаесься зь дзеяньнямі ўлады, лічыць сёлетні кандыдат у Палату прадстаўнікоў, былы дэпутат апазыцыйнай парлямэнцкай групы «Рэспубліка» (2000–2004), а пазьней палітвязень (2005–2006), Сяргей Скрабец. Ёсьць турмы зь вельмі дрэннымі ўмовамі, куды трапляў ён сам. Берасьцейская турма, Баранавіцкая. Паводле былога палітвязьня, сядзець там — проста жах.

Каб палепшыць умовы, трэба ў бюджэце прадугледзець грошы. Пры цяперашняй уладзе людзі з былой судзімасьцю наўрад ці змогуць выбіваць на гэта ў парлямэнце грошы, займацца паляпшэньнем пэнітэнцыярнай сыстэмы, бо самой уладзе зьмены не патрэбныя, кажа Сяргей Скрабец.

Просім колішняга парлямэнтара ўзгадаць, ці прымаліся падчас ягонага дэпутацтва нейкія законы ці папраўкі да законаў, якія тычыліся затрыманьня, турмы, пакараньня і які інтарэс выклікала гэтая тэма сярод дэпутатаў?

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

Скрабец: «Прымаліся толькі законы, якія дазвалялі нашым сілавым структурам разьвязваць рукі. А законаў, якія б паляпшалі ўмовы ўтрыманьня за кратамі, такіх не прымалася. Мала таго, дэпутатаў раз на год вазілі па турмах, каб паказаць умовы, у якіх яны апынуцца, калі будуць сябе дрэнна паводзіць».

Гэта цікава. А куды вазілі канкрэтна? — пытаемся ў Скрабца.

У Глыбокае, дзе сядзелі тыя, хто асуджаны да пажыцьцёвага і хто чакаў расстрэлу, — кажа былы дэпутат. —Уражаньне было цяжкае, калі вярталіся назад, то не хацелася нават размаўляць.

А ў чым была мэта такіх паездак?

Скрабец: «Азнаямленьне, экскурсія. Бо ніхто асабліва не прасіў, каб туды вазілі, але ў графіку было азнаямленьне зь беларускімі турмамі. Рэплікі былі такія: спэцыяльна вязуць, каб ведалі, што з вамі будзе, калі задумаеце некаму імпічмэнт абвясьціць або іншае дзеяньне. Бо тады парлямэнт выказаў недавер (на запыт генэрала Фралова, ужо нябожчыка) Папову. І гэта для ўлады быў жах, калі больш за палову Палаты прадстаўнікоў выказалася за недавер кіраўніку гэтай палаты».

Гэта быў, наколькі ён памятае, 2002 год, кажа Сяргей Скрабец. У парлямэнцкія гады яму даводзілася з калегамі наведваць турмы і ў мэтах грамадзкага кантролю:

«Наша дэпутацкая група „Рэспубліка“ шчыльна працавала з Хэльсынскім камітэтам, тады яго ўзначальвала Тацяна Процька. Мы езьдзілі разам зь імі ў магілёўскую турму, у іншыя, глядзелі, якія там умовы. Езьдзілі да Івашкевіча ў Баранавічы, паглядзелі, якія там жахлівыя ўмовы на „хіміі“. Рабілі запыты ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, калі сядзеў Марыніч, патрабавалі палепшыць умовы. Бо ў яго здарыўся інсульт, і ён ледзь не памёр тады за кратамі. Мы такую працу рабілі як дэпутаты».

Але гэта было вельмі складана, улада працівілася такой працы. У саміх турмах дэпутатам гаварылі, што дапусьціць туды ня могуць, што там усё добра і розныя скаргі на ўмовы — гэта хлусьня. Сяргей Скрабец працягвае:

«Калі я сам сядзеў на „Валадарцы“, там былі дрэнныя ўмовы для шпацыру. Мы выходзілі на паўгадзіны ў дворыкі, але там заўсёды ляжалі фэкаліі. І я паскардзіўся пракурору на гэта, што не прыбіраюць, што немагчыма там гуляць. І пракурор мне адказаў, што ён усё праверыў і што там усё добра».

Каб ён зноў трапіў у Палату, ці была б у яго надзея рэфармаваць турэмную сыстэму? Спадар Скрабец лічыць, што ў гэты склад ён ня трапіць, «бо ён ужо сфармаваны Лукашэнкам», а наагул трэба было б палепшыць умовы людзей, якія першы раз трапляюць за краты:

«Якія яшчэ не асуджаныя, але па году, па два чакаюць суду. Гэта жах, на мой погляд. І ў камэру іх саджаюць з тымі крымінальнымі „аўтарытэтамі“, якія ўжо сядзелі. Тыя забіраюць у іх рэчы, ежу. Там азартныя гульні, і ім могуць нават прайграць хату. Як у тым анэкдоце, дзе зэк піша сваёй маці: не мяці хату, яна ўжо ня наша».

«Усё менш людзей верыць у тое, што адвакат можа нечым дапамагчы»

Кандыдат у дэпутаты Нацыянальнага сходу, былы палітвязень ды палітэмігрант, юрыст паводле адукацыі Алесь Міхалевіч ня быў пад судом. Аднак распачатая ў дачыненьні да яго ў сьнежні 2010 году крымінальная справа аб «масавых беспарадках» усё яшчэ не закрытая, хоць яе і прыпынілі сёлета ў сакавіку. Згодна зь беларускім заканадаўствам, грамадзянскія правы Міхалевіча, у тым ліку права выбіраць і быць абраным у органы ўлады, не абмежаваныя.

У размове з нашай праграмай Алесь Міхалевіч сказаў, што тэму рэфармаваньня судовай ды пэнітэнцыярнай сыстэмы ён лічыў і працягвае лічыць вельмі важнай для грамадзтва. Як дэпутат мясцовых саветаў Пухавіцкага райсавету (2003–2007) ён выступаў за адмену ўсялякіх квотаў на перадачы ды пасылкі для асуджаных. Як кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году ўключыў у сваю праграму пункты, якія тычыліся перагляду самой філязофіі пакараньня. Напрыклад, выказваўся за амністыю асуджаных па эканамічных злачынствах, за тое, каб «у турму не траплялі тыя, каго ня варта туды саджаць».

«За кратамі ў СІЗА („Амэрыканка“ ды „Валадарка“) — кажа былы палітвязень, — я даведаўся, што ў Беларусі сярэдні тэрмін зьняволеньня, які атрымлівае чалавек па выніках суду, — шэсьць-сем гадоў. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Эўропе, дзе сярэдні тэрмін вымяраецца месяцамі, а само турэмнае зьняволеньне замяняецца хатнім арыштам з ужываньнем электроннага бранзалета. Не кажу ўжо пра тое, што ў беларускай сыстэме практычна няма апраўдальных прысудаў. Калі чалавек адседзеў у СІЗА, то ў пераважнай большасьці выпадкаў гарантавана, што ён будзе прызнаны вінаватым. З чаго робіцца выснова, што ў Беларусі так ці інакш высокі працэнт асуджаных або памылкова, або ўвогуле безь віны. Сама сыстэма СІЗА ў Беларусі — гэта спадчына саветаў, бо ў тыя часы сьледчыя ізалятары рабіліся вельмі жорсткімі, для таго каб людзі рабілі прызнальныя паказаньні, дзеля таго каб хутчэй зьехаць на адносна камфортную ў параўнаньні зь СІЗА зону».

— Нярэдка даводзіцца чуць, што нашы падсьледныя самі ідуць на папярэднюю дамову са сьледчымі. У абмен на абяцаньні карацейшага тэрміну пакараньня яны прызнаюцца ў тым, чаго не рабілі. У той жа час падсьледныя ўсё менш зьвяртаюцца да паслугаў адвакатаў. Гэта зьвязваецца зь недаверам як да судовай сыстэмы, так і да адвакатуры... Што думае наконт гэтага Алесь Міхалевіч?

Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Міхалевіч: «Я думаю, што вельмі шмат людзей у нас не зьвяртаюцца да адвакатаў таму, што мусяць заплаціць за нейкую паслугу без гарантыі таго, што яна ў нечым дапаможа. Ты плаціш, а верагоднасьць таго, што гэта хоць нечым дапаможа, вельмі малая. На жаль. у нас як і ў Расеі ў дапамогу адваката насельніцтва верыць усё менш.

Зь іншага боку, ня трэба забывацца пра тое, што значная колькасьць сапраўды прафэсійных беларускіх адвакатаў страціла свае ліцэнзіі. Фактычна адвакацкая супольнасьць да сёньняшняга дня спужаная. Людзі баяцца рабіць нейкія важныя для справы крокі. Праяўляючы ініцыятыву, адвакат разумее, што рызыкуе страціць свой статус ды хлеб.

Безумоўна, ёсьць адвакаты, якія дзеля апраўданьня свайго падабароннага праводзяць уласныя расьсьледаваньні, аднак ня думаю, што гэта робіцца досыць часта. На сёньняшні дзень засталіся ўсе тыя адвакаты, якія вымушаныя граць паводле правілаў беларускіх уладаў, і прафэсіяналізм выяўляецца ў вельмі невялікай колькасьці прафэсійных момантаў, калі адвакат можа знайсьці нейкія неадпаведнасьці падзаконным актам ці выяўляць нейкія нязначныя парушэньні, якія часам могуць дапамагчы выйграць тую ці іншую справу. І тое я кажу пра тыя справы, якія не зьяўляюцца публічнымі і тым больш палітычнымі...»

Алесь Міхалевіч кажа, што «параіў бы ўсім кіраўнікам ды дэпутатам падумаць над гэтым, бо ніколі ня ведаеш, калі там апынесься. Пытаньнем рэфармаваньня турэмнай сыстэмы трэба сур’ёзна займацца і на палітычным узроўні, і на грамадзкім, і на ўзроўні журналістаў, бо тэма турмы не павінна быць закрытай».

«Акадэмік Сахараў ня быў судзімы. Януковіч быў двойчы судзімы...І што?»

Палітоляг Аляксандар Фядута працаваў у перадвыбарчым штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Адразу пасьля выбараў — 20 сьнежня 2010 году — быў арыштаваны. Яго трымалі ў «Амэрыканцы» — сьледчым ізалятары КДБ. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.

Аляксандар Фядута не выступае сёньня за байкот выбараў, але і ня ўдзельнічае ў іх. Ён мяркуе, што сапраўдны байкот — гэта праца, гэта кантроль за галасаваньнем, за яго вынікамі. Для гэтага патрэбныя людзі, супольныя высілкі.

Чалавек, у якога была судзімасьць — ці месца яму ў парлямэнце? Ці могуць такія дэпутаты падбаць аб гуманізацыі пэнітэнцыярнай сыстэмы? Што мяркуе былы палітвязень Аляксандар Фядута?

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Фядута: «Акадэмік Сахараў ня быў судзімы. Януковіч быў двойчы судзімы...І што? Справа ня ў тым, судзімы ці не, а ў тым — які гэта чалавек. Мой сябра Фэлікс Пэкер адбыў тэрмін у зьняволеньні па эканамічных артыкулах. Пасьля ён шмат рабіў дзеля таго, каб людзі зьвярнулі ўвагу на лёс тых, хто за кратамі. Я лічу, што, напрыклад, Фэлікс сапраўды скарыстаўся б такой магчымасьцю, каб пэнітэнцыярная сыстэма зьмянілася. А ёсьць тыя, хто скарыстаўся б дэпутацкім мандатам перш за ўсё, каб вырашыць уласныя пытаньні».

— А што трэба было б зьмяніць перш за ўсё?

Фядута: «Перш за ўсё гэта пытаньне сьмяротнага пакараньня. Калі яно будзе адмененае, далей можна будзе казаць пра нешта іншае. Але першачарговае — менавіта яно».

«Адгадайце з аднаго разу, дзе б лепш хацеў сядзець беларускі вязень — у нас ці ў ЗША?»

Кандыдат у парлямэнт, рэжысэр Юры Хашчавацкі рэальнай надзеі стаць дэпутатам ня мае. Асабліва пасьля таго, як яму адмовіліся надрукаваць выбарчую праграму ў газэце.

Юры Хашчавацкі лічыць, што былыя палітвязьні, якіх судзілі па крымінальных артыкулах, маглі б паспрыяць зьменам турэмнай сыстэмы, калі б трапілі ў парлямэнт.

Валеры Шчукін нават за кратамі дамагаўся паляпшэньня ўмоваў арыштаваных у ізалятары на Акрэсьціна. Дарэчы, там давялося пабываць і самому Юрыю Хашчавацкаму.

На пытаньне, якіх зьменаў вымагае турэмная сыстэма Беларусі, спадар Хашчавацкі адказвае:

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

Хашчавацкі: «Перш за ўсё мы павінны мець на ўвазе галоўнае: што ў турме сядзяць людзі. Не жывёлы, хоць і да жывёл трэба ставіцца па-людзку. Няхай нават яны ўчынілі самыя страшныя злачынствы, тым ня менш дзеля таго, каб чалавек заставаўся чалавекам, нават забойца, грамадзтва павінна быць упэўненым, што да яго ў турме ставяцца па-людзку.

Што для гэтага неабходна? Нармальныя ўмовы, харчаваньне і, самае галоўнае, выкананьне ўсіх законаў. Паколькі ў нас даволі шмат нібыта нармальных законаў, якія хай сабе вымагаюць паляпшэньня, але ж іх ніхто не выконвае. Неабходны грамадзкі кантроль, вельмі жорсткі, за ўтрыманьнем людзей у турмах. Прычым гэта павінна быць абгаворана на заканадаўчым узроўні».

Мы нярэдка бачым у кіно турму, асабліва любіць гэта Галівуд. Там умовы іншыя, хаця ўнутраны сьвет амэрыканскай турмы, што да ўзаемаадносінаў паміж зьняволенымі, жорсткі. Аднак — што варта пераняць у Беларусі з амэрыканскай турмы, якую нам паказваюць у кіно?

Хашчавацкі: «Рэч у тым, што турма — гэта зусім ня райскае месца, і яно не павінна быць райскім. У той жа час трэба заўсёды ўлічваць, што там сядзяць людзі. Гэта вельмі важны момант. Нідзе няма дасканалай сыстэмы, але да гэтага трэба імкнуцца.

Мы ў любым разе ня ведаем амэрыканскай сыстэмы, на шчасьце. Але калі зараз у любога чалавека, якога тут арыштавалі і засудзяць на турэмны тэрмін, запытацца: дзе хочаш сядзець — у нашай ці ў амэрыканскай турме, то адгадайце з аднаго разу, што ён захоча выбраць. Бо амэрыканская турма ў цэлым ставіцца да людзей нашмат лепей, чым у нас.

Трэба імкнуцца да таго, каб пэрсанал, афіцэры, канваіры строга выконвалі закон, чаго не існуе насамрэч. Каб у зьняволеных было нармальнае месца, каб спаць. Каб камэры не былі перанаселеныя. Неабходнае месца для шпацыру, для заняткаў спортам, неабходна атрымліваць прэсу. Мы ж разумеем, што галоўнае пакараньне — чалавека пазбаўляюць волі, але не асуджваюць на катаваньні. А перанаселенасьць камэры — гэта катаваньне, хочацца вам ці не. Вось гэта трэба прыбраць, за гэтым трэба сачыць».

«Усё упіраецца у наша заканадаўства...»

Колішні начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў верыць у тыя часы, калі ў парлямэнт прыйдуць людзі, здольныя рэфармаваць карную палітыку. Усё залежыць ад законаў, якія будуць прымаць гэтыя людзі, кажа ён.

Алег Алкаеў

Алег Алкаеў

«Усё ўпіраецца ў наша тупое заканадаўства. Напішыце закон і дамагайцеся яго выкананьня. Напішыце, што начальнік турмы павінен зэкам каву на нары насіць, і ён мусіць гэта рабіць. Гэта вельмі небясьпечна, калі напрамак карнай палітыкі дзяржавы вызначаецца выключна міністрам ці ўвогуле прэзыдэнтам», — перакананы спадар Алкаеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG