Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмны нон-фікшн


Фрагмэнт рукапісу Ігара Аліневіча, перададзенага з-за кратаў
Фрагмэнт рукапісу Ігара Аліневіча, перададзенага з-за кратаў

Што такое турэмная літаратура? Гісторыя, палітыка — ці ўсё ж мастацтва? Каму яна патрэбная? Дзеля чаго пішацца? Які турэмна-лягерны досьвед неабходны для гэтай творчасьці?

Гэтыя пытаньні мы закранем у нашай сёньняшняй праграме. Нагодай для размовы стала ўручэньне ў Менску 10 сьнежня першай прэміі імя Францішка Аляхновіча за лепшы твор, створаны ў зьняволеньні. У абмеркаваньні тэмы возьмуць удзел як палітвязьні, так і асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў, прафэсійныя пісьменьнікі, а таксама тыя, хто дэбютаваў за кратамі як літаратар.

Ці чытаюцца гэтыя кнігі?


Аднак спачатку традыцыйны вокс-популі «Свабоды ў турмах». Што думаюць пра турэмную літаратуру жыхары Горадні, у чыёй гарадзкой турме ў свой час адседзела нямала беларускіх пісьменьнікаў?..

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00
Наўпроставы лінк

Як паказала апытаньне, мінакі на гарадзенскіх вуліцах найчасьцей узгадвалі Аляксандра Салжаніцына, і толькі адна жанчына заўважыла, што першым праўду пра ГУЛАГ напісаў беларус Францішак Аляхновіч. Сярод рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў мінулага стагодзьдзя называліся Валянцін Таўлай, Максім Танк, Ларыса Геніюш. Сярод сучасных турэмных аўтараў — Андрэй Пачобут, Павал Севярынец ды Эдуард Лімонаў. Далёка ня кожны апытаны ўпэўнена цьвердзіў, што падобныя кнігі маглі б яго сёньня зацікавіць, бо на гэтую тэму і так шмат пішуць незалежныя СМІ. Хоць, вядома, усё залежыць ад таленту, зь якім напісаная кніга...

Тым часам, адзначаюць літаратурныя экспэрты, усясьветны кніжны рынак перажывае цяпер сапраўдны бум нон-фікшн — літаратуры, у якой, адрозна ад бэлетрыстыкі, аўтар апісвае цалкам рэальныя падзеі. Гэта могуць быць мэмуары, эсэ, апавяданьні, нават раманы, але абсалютна дакумэнтальныя. Нявыдуманыя гісторыі дазваляюць зазірнуць у прыватнае жыцьцё іншых людзей, а праз гэта лепш зразумець сьвет, у якім мы жывём. Сёлета ў Расеі адным з самых папулярных аўтараў у жанры нон-фікшн стаў Міхаіл Хадаркоўскі, а яго кніга «Турма і воля» ўвайшла ў дзясятку тых, што найлепш прадаюцца. Турэмна-лягерны літаратурны дэбют Хадаркоўскага вылучаны на прэмію «Залатое пяро Расеі». У Беларусі сярод безумоўных лідэраў у гэтым жанры — літаратурны дэбютант Ігар Аліневіч. Ягоныя турэмныя дзёньнікі «Еду ў Магадан» выйшлі другім выданьнем, у інтэрнэце яны зьмешчаныя па-беларуску, па-расейску, па-ангельску. І кніга Хадаркоўскага, і кніга Аліневіча выйшлі ў той час, калі іх аўтары застаюцца за кратамі, а гэта значыць, што рукапісы трапілі на волю ня самым простым шляхам.


«Гэта заканамерна, што прэмію Аляхновіча ўручаюць палітычным»


На першым конкурсе імя Францішка Аляхновіча, заснавальнікамі якога сталі Радыё Свабода і беларускі ПЭН-цэнтар, галоўную прэмію атрымала кніга палітвязьня Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» (урыўкі зь яе неаднойчы гучалі ў нашай праграме). Акрамя гэтай кнігі былі прадстаўленыя творы яшчэ 11 аўтараў. Пераважна яны — фігуранты падзеяў 10 сьнежня 2010, палітвязьні СІЗА КДБ.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Як кажа былы сядзелец «амэрыканкі», аўтар зборніка турэмнай паэзіі «Да волі» Ўладзімер Някляеў, які быў сябрам конкурснага журы, «праз гэтую кантору прайшла ўся беларуская літаратура». Сам ён, седзячы там, не аднойчы ўяўляў сабе, «што вось, магчыма, тут, у гэтай камэры, на гэтых нарах, на верхніх ці на ніжніх, мог, скажам, Кузьма Чорны ляжаць і слухаць уважліва-ўважліва ўсе шолахі турмы... ці павядуць цябе на допыт, ці павядуць цябе катаваць, ці што невядома яшчэ станецца». Як адзначае Някляеў, у тых умовах у яго «вершы выпісваліся самі па сабе».

З гледзішча Някляева, сярод прадстаўленых канкурсантамі твораў «ёсьць вельмі моцныя тэксты, якія маюць непасрэдныя адносіны да сапраўднай літаратуры». Аднак, як ён лічыць, тэрмін «турэмная літаратура» — вельмі ўмоўны: усё залежыць не ад таго, дзе напісана, а ад таго, наколькі чалавек па-мастацку моцна гэта зрабіў.

​Удзельнік Плошчы, маладафронтавец Алесь Кіркевіч з Горадні атрымаў дыплём за твор «Няскончаная адысэя. Беларуская турма для пачынаючых». Гэтая кніга пакуль існуе толькі ў электронным варыянце. Яна створаная на падставе турэмных запісаў, якія ўдалося вынесьці на волю. Па сутнасьці, гэта таксама літаратурны дэбют. За кратамі Алесь адседзеў каля 10 месяцаў — у «амэрыканцы», на «Валадарцы», у наваполацкай калёніі. Падчас адседкі пазнаёміўся з сваім ідэалягічным апанэнтам Ігарам Аліневічам. Лічыць гэтага чалавека вельмі цікавым, адукаваным і таленавітым. На думку Алеся Кіркевіча, кніга «Еду ў Магадан» разьлічаная на людзей самых розных палітычных поглядаў.

На пытаньне, наколькі правільна, што ў конкурсе бяруць удзел пераважна палітвязьні. Кіркевіч адказвае:

«Сам Францішак Аляхновіч быў палітычным вязьнем. Таму мне здаецца заканамерным, што прэмія ўручаецца і будзе ўручацца тым людзям, якія сядзяць за палітыку, за свае перакананьні».

Алесь Кіркевіч пра Ігара Аліневіча і кнігу «Еду в Магадан»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:53 0:00


«Прыкмета турэмнай літаратуры — аўтарская аскеза»


Былы асуджаны Сяргей, лінгвіст паводле адукацыі, правёў за кратамі агулам 10 гадоў. Ён лічыць, што такі літаратурны конкурс Радыё Свабода і ПЭН-цэнтру шмат страціць, калі будзе залішне палітызаваным. Галоўная прыкмета турэмнай літаратуры — аўтарская аскеза, прычым ня толькі для цела ды страўніка, але і для людзкой сутнасьці, калі ты пазбаўляесься ад марнасьці жыцьцёвай шалупіннай мітусьні, іншымі словамі — вяртаесься да сябе самога...

Паводле Сяргея, прыкладам турэмнай літаратуры могуць быць тыя ж жаласьлівыя арыштанцкія песьні ці вершы, якія дакладна перадаюць пачуцьці вязьняў. Перапісаныя ад рукі вершы ды песьні вандруюць зь вязьніцы ў вязьніцу, відазьмяняюцца, перапісваюцца, дапаўняюцца, а іхніх сапраўдных аўтараў ніхто ўжо ніколі не назаве. Ці біяграфічныя ды аўтабіяграфічныя раманы, дзе няма аніякай выдумкі ды жаўцізны. Сам Сяргей кажа, што напісаў за кратамі даволі пацешную аповесьць. Для сябе.

Ігар Міхнавец
Ігар Міхнавец
​Актыўны аўтар «Свабоды ў турмах» Ігар Міхнавец адбыў у зьняволеньні не адзін тэрмін, а таму ведае беларускія вязьніцы як ніхто іншы з удзельнікаў нашай сёньняшняй праграмы. На конкурс імя Аляхновіча хацеў даслаць гумарыстычнае апавяданьне «Як турэмны конь уцёк на волю», але спазьніўся з заяўкай. Гэтая кранальная гісторыя пра рэальнага каня, які доўгі час лічыўся на балянсе Івацэвіцкай калёніі № 5, а потым ня вытрымаў ды ўцёк, у свой час была апублікаваная на сайце «Свабоды». На яе прыйшло нямала водгукаў як ад нашых чытачоў, так і ад наведнікаў сайту праваабарончай «Плятформы». Сам жа аўтар пасьля гэтай публікацыі займеў пэўныя праблемы з адміністрацыяй папраўчай установы...

«Справа ў тым, што там усё, што не адпавядае іхнім правілам, можа выклікаць пакараньне. Напішаш ты нешта ці зробіш штосьці іншае...Я атрымаў за „Каня“ ШЫЗА, а потым на камісіі па наглядзе мне прызначылі большы тэрмін, чым я чакаў, — год. Сказалі: „Менш пісаць на „Свабоду“ трэба было“. Хоць я ведаю, што нават у ДВП тыя, хто чытаў апавяданьне, рагаталі...»

Ігар Міхнавец адзначае, што ў няволі многія сядзельцы бяруць у рукі асадку ды паперу:

«Напэўна, таму, што там усе пачуцьці вельмі абвостраныя. Чаму менавіта я стаў спрабаваць пісаць? Пасьля таго як здарыліся падзеі 2010 на Плошчы, мне ў рукі трапіла „Народная воля“. Там быў надрукаваны адкрыты ліст аднаго беларускага пісьменьніка да прэзыдэнта Лукашэнкі. Свой зварот аўтар зрабіў празь нямецкі Der Spiegel. Гэтая публікацыя і падштурхнула мяне напісаць свой уласны зварот праз „Народную волю“. Напісаў штосьці накшталт: „Не зь Нямеччыны і не праз часопіс Der Spiegel, а знаходзячыся на тэрыторыі зоны строгага рэжыму, аточанай вышкамі з аўтаматчыкамі, патрабую: вызвалі людзей“ і г.д. „НВ“ надрукавала. Пасьля гэтага пачаў пісаць у розныя незалежныя СМІ».

На думку Ігара, з тых турэмных рукапісаў, якія давалі яму пачытаць некаторыя вязьні-крымінальнікі і якія нідзе так і не былі апублікаваныя, шмат што магло б выклікаць цікавасьць і на волі. Напэўна, і прадавалася б някепска. Каштоўнасьць такой літаратуры ў тым, што там усё рэальна, зь першых вуснаў...

«Магчыма, калі-небудзь я напішу кнігу пра свае адседкі... Напэўна, гэта таксама некага зацікавіць», — мяркуе Ігар Міхнавец і дадае:

«Увогуле, гэта добра, што зьявілася прэмія Францішка Аляхновіча. Вельмі слушна, што лепшай кнігай названая „Еду ў Магадан“, а ўсе астатнія творы ўганараваныя дыплёмамі. Усе гэтыя аўтары заслугоўваюць падтрымкі, бо напісаць тое, пра што думаеш, пра тую свабоду, якая ў цябе ўнутры, — гэта ўжо ўчынак».


«Праз турму ды зону праходзіць велізарны інфармацыйны паток»


Ня так даўно на паліцах беларускіх кнігарняў зьявілася кніга «Дзесяць гадоў і адзін дзень Ігара Саўчанкі». Яе аўтар — наш зямляк, у мінулым дацэнт БПІ, а потым пасьпяховы прадпрымальнік Фэлікс Пэкер. Пасьля чатырох гадоў, праведзеных у расейскіх ды беларускіх турмах, ён стала жыве ды працуе ў Расеі, а ў «Белгазете» вядзе турэмную рубрыку. Выдадзеную ў расейскім выдавецтве кнігу — свой літаратурны дэбют — ён напісаў цалкам за кратамі, а пры вызваленьні вынес адтуль пад выглядам судовых пратаколаў. Галоўны герой — асуджаны за забойства, якога не зьдзяйсьняў. Паводле аўтара, гэта нярэдкі выпадак, калі чалавека прызначаюць вінаватым за тое, што апынуўся ня ў тым месцы і ня ў той час. Герой Пэкера змагаецца з сыстэмай за сваё вызваленьне і ў выніку шматлікіх судовых разбораў вызваляецца праз 10 гадоў, а ня праз тыя 20, што прызначылі яму адпачатку. Прыкладна гэтак жа ўпарта змагаўся за вызваленьне і сам аўтар, якога асудзілі на 7 гадоў няволі за крадзеж у асабліва буйным памеры. За 3 гады да сканчэньня тэрміну рашэньнем суду яго справу закрылі. Сам Пэкер, нягледзячы на некалькі гадоў утрыманьня ў вязьніцы, афіцыйна прызнаны... несудзімым. Быццам бы нічога і не было.
Фэлікс Пэкер у праграме «Свабода ў турмах»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:23 0:00

«У кнізе няма сапраўдных імёнаў і рэальных назваў. Хоць за ўсімі выпісанымі ў ёй турэмнымі ўстановамі ды героямі — вязьнямі, сьледчымі, судзьдзямі — стаяць рэальныя СІЗА ды калёніі, рэальныя людзі... Прайшоўшы агулам 6 сьледчых ізалятараў у Расеі ды Беларусі, я бачыў, дзе і як сядзяць зьняволеныя. Я нічога не выдумляў, у кнізе ўсё апісана, як ёсьць на самой справе. І многія, прачытаўшы кнігу, казалі мне: я ведаю, хто той, той і той... Хоць гэта былі іншыя людзі», — кажа мой суразмоўца.

Фэлікс Пэкер, які зьбіраўся быў даслаць свой твор на конкурс Францішка Аляхновіча, але зь нейкай прычыны перадумаў, кажа, што ўручыць прэмію Аліневічу — гэта правільнае рашэньне. Бо гэта вялікая падтрымка асуджанаму на доўгі тэрмін маладому чалавеку. Публікацыя ж у той час, калі аўтар за кратамі, можа перакрэсьліць усе надзеі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, прынесьці шмат дадатковых праблемаў. Такую рызыку Фэлікс Пэкер не ўхваляе:
Любая публікацыя ў газэце, як правіла, заканчваецца ШЫЗА

Пэкер: «Ты выйдзі, а потым публікуйся. Любая публікацыя ў газэце, як правіла, заканчваецца ШЫЗА. Па вялікім рахунку, супрацоўнікам турмы, калёніі няма справы да ЗК, але гэта найманыя працаўнікі, якія мусяць адказваць за сваю працу. Калі ЗК ня хоча мець праблемаў, ён іх мець ня будзе, калі хоча — наадварот. А сэнс існаваньня там які? Любымі шляхамі як мага хутчэй адтуль вызваліцца. Спрабаваць даводзіць, што ты рэвалюцыянэр, — не атрымаецца. Сыстэма не дазволіць. Да таго ж, адседзеўшы там гадоў 5–6, ты атрымаеш вялікія зьмены ў псыхіцы і ўжо нічога не захочаш... Таму Саньнікаў вельмі слушна зрабіў, што напісаў прашэньне аб памілаваньні. Гэта ўсяго толькі паперка. Падпісаўшы яе, ён нікога ня здаў. Чалавек павінен выходзіць адтуль, каб быць свабодным. Гэта галоўны прынцып».

Карэспандэнтка: «Кажуць, у турме шмат хто цягнецца да пісьменьніцтва... Чаму?»

Пэкер: «Ёсьць такі тэрмін, як „гнаць“. Гэта калі чалавек пачынае зацыклівацца на сваёй крымінальнай справе. І бывае так, што ў яго ў выніку „зрывае дах“. Тая ж камэра — гэта вельмі выбухованебясьпечная атмасфэра, бо памяшканьне малое, а людзей шмат, прычым усе — асобы. Каб не звар’яцець, нехта займаецца спортам, нехта чытае, нехта піша. Праз турму ды зону праходзіць велізарны інфармацыйны паток, якога няма на волі. І ён закранае. Бо ня будзеш жа тупа сядзець за кратамі. І калі набіраецца пэўны матэрыял, ты гатовы сесьці і пачаць пісаць».


«Калі ня маеш пэўнага турэмнага досьведу, напісаць нешта немагчыма»


У гэтым аўтар кнігі «Дзесяць гадоў і адзін дзень Ігара Саўчанкі» перакананы:

Пэкер: «Для асэнсаваньня матэрыялу патрэбны час. Калі ня маеш пэўнага турэмнага досьведу, напісаць нешта немагчыма. Трэба яго спачатку набыць... Калі ж яго набываеш, пісаць лёгка, асабліва калі ёсьць сюжэтная лінія. Іншая справа, што ёсьць аўтары, якія пішуць аўтабіяграфічныя кнігі. Напрыклад, Хадаркоўскі, у якога турэмны тэрмін — больш як дзесяць гадоў. Ці ўзяць савецкіх лягерных клясыкаў. Гэта творчая праца людзей, якія маюць шматгадовую турэмную школу. Гэта творчы занятак. Няважна, ці будзе кніга выдадзеная ўвогуле. Гэта спосаб самавыяўленьня».

Карэспандэнтка: «Вас самога зьняволеньне неяк зьмяніла?»
Чаму людзі, якія адседзелі, вяртаюцца за краты зноў? Таму што ёсьць кодэкс „паняцьцяў“, зусім іншае, чым на волі, уяўленьне пра справядлівасьць

Пэкер: «Усяго адзін прыклад. Незадоўга перад пасадкай я стаяў у Менску позна ўвечары ля аўтобуснага прыпынку. Побач стаяла нейкая дзяўчына. Падышлі хлопцы і сталі да яе чапляцца. Я падумаў: улазіць ці ня ўлазіць? У выніку праявіў маладушнасьць. Цяпер бы паводзіў сябе інакш, чым бы гэта ні скончылася... Я там ужо быў, і я гэтага ўжо не баюся... Чаму людзі, якія адседзелі, вяртаюцца за краты зноў? Таму што ёсьць кодэкс „паняцьцяў“, зусім іншае, чым на волі, уяўленьне пра справядлівасьць».

Карэспандэнтка: «Што з турэмнай літаратуры вам самому хацелася чытаць за кратамі? У вас есьць нейкі ўлюбёны турэмны пісьменьнік?»

Пэкер: «На першым месцы ў мяне Лімонаў. Ягоная аповесьць, дзе ён апісвае сваё ўтрыманьне ў закрытай турме „Лефортава“. Калі я сядзеў у Расеі, я апынуўся ў камэры з чалавекам, які правёў год у той піцерскай турме і шмат пра яе расказваў. І калі я чытаў Лімонава, я разумеў, што той не хлусіў. Праўда — адна з галоўных вартасьцяў турэмнай літаратуры. Кніга Лімонава — адна зь нямногіх, дзе вязьніца апісваецца без нагнятаньняў... Так, маскі-шоў бываюць, але ня так, як гэта часам апісваюць. У Беларусі пад маскі-шоў я трапіў у Віцебску, куды мяне этапавалі з Расеі. Тады начальнікам турмы быў Кузаўкоў. Першае, што ён сказаў нам, этапаваным: „Спадары расейцы, вітаю вас на роднай беларускай зямлі. Хутка вы даведаецеся, што гэта такое“. На другі дзень нас зьбілі. Але такое было адзін раз...»


«Госпад раздае талент налева і направа»


Эдуард Лімонаў
Эдуард Лімонаў
Расейскі пісьменьнік Эдуард Лімонаў, які на пачатку 2000-х быў асуджаны паводле некалькіх крымінальных артыкулаў, у тым ліку і за тэрарызм, напісаў за кратамі 7 кніг. Сярод іх — зборнік турэмных эсэ «Кантрольны стрэл», «Па турмах», «Кніга вады»... Гэтыя творы, паводле крытыкаў, балянсуюць на мяжы паміж мэмуарнай прозай ды правакацыйнай журналістыкай ды закранаюць найбольш адчувальныя вузлы нэрвовай сыстэмы расейскага грамадзтва.

Лімонаў перакананы, што турэмную літаратуру нельга падзяляць на крымінальную ды дысыдэнцкую палітычную. Як сказаў ён у інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь», «Госпад раздае таленты налева і направа». У тым ліку і тым, каго кінулі за краты паводле саміх жорсткіх артыкулаў. Той жа Франсуа Віён быў забойцам ды рабаўніком, Жан Жэнэ — злодзеем. Сам Лімонаў кажа, што свае лепшыя творы напісаў менавіта за кратамі.

Лімонаў: «Я ў любым месцы аўтаматычна цягнуся да паперы і да алоўка. І калі я трапіў у „Лефортава“, то папрасіў паперы, і мне яе далі. Потым я пісаў увесь час, пакуль сядзеў. Мае кнігі выходзілі практычна ў час адседкі. Толькі ў „Лефортава“ я напісаў 6 кніг, а потым адну ў саратаўскім цэнтрале. Ніхто мне, вядома, не дапамагаў выносіць тэксты з турмы. Як я гэта зрабіў — ніколі не раскажу. У імя будучых геніяў, каб яны, апынуўшыся за кратамі, маглі гэтым скарыстацца. У турме я перажыў уласную Болдзінскую восень. Там была напісаная адна зь лепшых маіх кніг — „Кніга вады“. У розных людзей, зразумела, па-рознаму. Няволя — гэта экстрэмальная сытуацыя, яна напружвае ўсяго чалавека. Некаторыя пачынаюць пісаць за кратамі вершы, а выйшаўшы адтуль, спыняюць гэты занятак. Дарэчы, ёсьць два тыпы паводзінаў за кратамі. Першы — гістэрычнае выкрэсьліваньне з агідай кожнага дня ў клетцы каляндарыка, які вісіць над шконкай. Ёсьць другі тып, які мне бліжэйшы. Калі ў турме пачынаеш жыць. Мне было 58, і я адразу сказаў сабе, што, магчыма, зь вязьніцы больш ня выйду, а таму я мушу жыць там. Гэтаму мяне навучылі бандыты, зь якімі я сядзеў. Яны кажуць: „Ты праездам, а мы тут жывем“. І я пачаў гаварыць потым, што я жыву тут. І гэта гучала вельмі пераканаўча. Я жыў, працаваў».

Што думае Эдуард Лімонаў пра аднаго з самых чытаных сёлета ў Расеі аўтараў літаратуры нон-фікшн — Міхаіла Хадаркоўскага, якога маскоўская «Новая газета» вылучыла на прэмію «Залатое пяро году»?

Лімонаў: «Будзем шчырымі. Я лічу яго магутным чалавекам, вельмі мужным, бо ён ужо 10 гадоў у гэтай цемры. Я да яго стаўлюся зь вялікім спачуваньнем, але прызнаць яго за калегу не магу. Пісьменьнік — гэта ўсё, гэта біяграфія. У нас няма вялікіх пісьменьнікаў цяпер, дый нідзе ў сьвеце няма. Цяпер зусім іншы час. Апошнім вялікім быў Жан Жэнэ, які памёр у 1986-м у гатэлі для бедных у Парыжы. А ўсё астатняе — гэта не літаратура».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG