Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Маё цела выкіньце ля будынку, дзе сядзіць высокае кіраўніцтва»


Пётар Кучура

Пётар Кучура

Вязень ПК-15 Пётар Кучура пагражае скончыць жыцьцё самагубствам. Маці асуджанага на сьмерць Паўла Селюна спадзяецца ўратаваць сына.


Прычыны, якія прыводзяць да забойстваў, ёсьць самымі рознымі: злосны намер, няшчасьце, глупства, трагічны зьбег абставінаў. Адпаведна, розныя і самі забойцы.

...«Сьціплы і сарамлівы хлопец, вельмі любіць чытаць творы беларускіх пісьменьнікаў, таксама любіць black metal. Актыўна цікавіцца палітыкай, а вольны час імкнецца праводзіць на прыродзе і ў кампаніі сяброў».

Гэтыя радкі з газэты «Гимназист» вілейскай гімназіі № 1 ад 11 сакавіка 2008 году прысьвечаныя аднаму зь лепшых адзінаццаціклясьнікаў Паўлу Селюну.


«Ці ўсе асуджаныя сёлета на сьмерць яшчэ жывыя?»


Так, гэта той самы былы студэнт-гісторык БДУ, які за ўчыненае з асаблівай жорсткасьцю забойства дзьвюх асобаў ды зьдзек з трупаў сядзіць у камэры сьмяротнікаў на «Валадарцы» і пакінуць жыцьцё якому заклікаў беларускага прэзыдэнта спэцыяльны дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці. Тыя, хто ведае Паўла, кажуць, што з часу сканчэньня школы і да леташніх жнівеньскіх трагічных падзеяў ён заставаўся такім самым, як напісала пра яго газэта… Ужо кім, але галаварэзам гэты хлопец, чыё жыцьцё сёньня цалкам залежыць ад волі прэзыдэнта, ніколі ня быў…

Тым ня менш злачынства, учыненае гэтым «сьціплым ды сарамлівым» 23-гадовым хлопцам, — самае жорсткае з тых трох, за якія сёлета прызначаная вышэйшая мера пакараньня, расстрэл. Прагназаваць паводзіны чалавека ў памежнай сытуацыі цяжка. Гэты фэномэн не настолькі дасьледаваны, каб бацькі ды настаўнікі дакладна ведалі, калі і ў якіх выпадках варта біць трывогу. Што да іншых дваіх сьмяротнікаў — Рыгора Юзапчука ды Аляксандра Грунова, то пра іх асобы вядома яшчэ менш. Паколькі вакол іхніх спраў няма такога шырокага грамадзкага рэзанансу, невядома нават, ці жывыя яны ўвогуле. Пра выкананьне сьмяротнага выраку паведамляюць толькі сваякам. А калі іх няма ці калі яны ня маюць аніякіх сувязяў з расстралянымі?

Гэтымі днямі беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» ладзіў у краіне «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня». Як адзначыў на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску праваабаронца Валянцін Стэфановіч, «Мы зноў зьяўляемся сьведкамі падрыхтоўкі чарговага забойства. Дзяржава рыхтуе забойства забойцы, але для нас галоўнае ў гэтых словах — менавіта слова „забойства“. Грамадзтва ня можа прыпадабняцца чалавеку, які ўчыніў злачынства. Грамадзтва павінна вырашаць праблему цывілізавана і гуманна».

У рамках тыдня былі агучаныя вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня «Злачынства і пакараньне вачыма грамадзтва», якое сумесна правялі Маскоўскі офіс «Міжнароднай турэмнай рэформы», Беларускі Хэльсынскі камітэт і «Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне». Так 16,6% апытаных беларусаў выступаюць за тэрміновую адмену сьмяротнай кары, 12,4% — за мараторый, 15,5% лічаць, што трэба паступова ісьці да адмены сьмяротнай кары, а 36,2% перакананыя, што прымяненьне сьмяротнай кары трэба пакінуць у цяперашніх межах… Паводле сацыёлягаў, падчас дасьледаваньня немалая частка рэспандэнтаў выказала меркаваньне, што сьмяротны прысуд у Беларусі або ўжо адменены, або на яго ўведзены мараторый.


Расстрэл ці пажыцьцёвае?


У Горадні, дзе летась здарылася вычварэнскае забойства і дзе за апошнія колькі гадоў вынесеныя чатыры сьмяротныя прысуды, наша праграма правяла сваё, менш фармальнае апытаньне грамадзкай думкі. Яно прадэманстравала: поруч з рашучымі прыхільнікамі сьмяротнага пакараньня сёньня нямала і такіх, хто лічыць пажыцьцёвае зьняволеньне забойцы нашмат цяжэйшай, а таму больш апраўданай карай, чым расстрэл.


Характэрна, што беларускі прэзыдэнт, які мае канчатковае права пакінуць асуджанаму жыцьцё, пару гадоў таму ў інтэрвію вядомаму расейскаму журналісту ў сувязі з расстрэлам Канавалава і Кавалёва — фігурантаў справы аб выбуху ў менскім мэтро — таксама сказаў, што лічыць пажыцьцёвае нашмат цяжэйшай карай, чым сьмяротны вырак. Тым часам гарвыканкам Горадні, а таксама гарадзкія ўлады Бярозы, Віцебску, Магілёва, Жлобіна не дазволілі мясцовым праваабаронцам правесьці інфармацыйныя пікеты за адмену сьмяротнага пакараньня.

Як вынікае з афіцыйнай міліцэйскай статыстыкі, жорсткіх забойстваў ды іншых вычварэнскіх злачынстваў у Беларусі, аднак, з кожным годам усё больш, нягледзячы на пэрспэктыву самага жорсткага прысуду. На ўзроўні як айчыннай пэнітэнцыярнай сыстэмы, так і грамадзтва застаюцца нявырашанымі вельмі многія моманты. Напрыклад — якім павінна быць пакараньне, каб забойца ўсё ж пакаяўся? Што рабіць, каб сваякі ахвяраў у сваім горы не пачалі помсьціць забойцам ды іхнім сем’ям?


Як загаварыць з роднымі нябожчыка?


На прэсавай канфэрэнцыі, якую ў рамках «Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня» ладзіў у чацьвер праваабарончы цэнтар «Вясна», гэтым жанчынам задалі адно і тое ж пытаньне — ці гатовыя яны ісьці на кантакт з роднымі ахвяраў?

Маці асуджанага на сьмерць Паўла Селюна — Тамара кажа, што такую спробу рабіла:

«Я сустракалася ды спрабавала на людзях стаць перад імі на вуліцы на калені і пагаварыць. Але гэта дарэмна… Можа, больш цывілізаваныя людзі маглі б мяне выслухаць, аднак у той сытуацыі пачаўся крык на ўсю вуліцу: „Не! Ні ў якім разе!“ У мяне нічога не атрымалася, склалася ўражаньне, што гэтым людзям нехта сказаў менавіта так сябе паводзіць. Я ўсё ж маю жыцьцёвы досьвед, у мяне вышэйшая адукацыя, так што ў псыхалёгіі людзей нешта разумею… А хацелася сказаць ім шмат… Ну, здарылася такое, але ці ўратуе гэта вас, калі расстраляюць майго сына. Сёньня яго, заўтра іншага. І гэта можа цягнуцца бясконца. Але ўсяго гэтага я не змагла ім сказаць. Яны стаялі на сваім: сьмерць ды ўсё! Нібыта гэты расстрэл вырашыць усе праблемы ў нашай краіне».

Другая ўдзельніца прэсавай канфэрэнцыі, маці расстралянага фігуранта па справе выбуху ў менскім мэтро Ўлада Кавалёва — Любоў Кавалёва, якая з часу суду над яе сынам і яго сябрам Дзьмітрыем Канавалавым актыўна ўдзельнічае ў самых розных акцыях і мерапрыемствах супраць сьмяротнага пакараньня, кажа: яе выпадак інакшы:

«Улад быў абсалютна невінаваты. І яго, і Дзіму забілі як галоўных сьведак паводле вышэйшага загаду. У гэтым выпадку ані пракурор, ані суд нейкага іншага рашэньня прыняць не маглі…»

Як кажа Любоў Кавалёва, сама яна на нейкія кантакты са сваякамі загінулых падчас тэракту ў менскім мэтро не ішла. Але…

Кавалёва: «У залю суду хадзіла шмат людзей. У тым ліку і пацярпелыя, і родныя загінулых. Аднак зь іх боку я не адчувала нейкага нэгатыву. Наадварот, цягам двух месяцаў я адчувала падтрымку, я жыла на кватэры пацярпелых… Я думаю, што і сын мой гэта разумеў. І гэта надавала яму сілы. Калі б я ў дачыненьні да нашай сям’і, да майго сына адчула нешта іншае, я б проста не змагла хадзіць спакойна па горадзе».


«Майму мужу не пашанцавала, што паляваў у адных мясьцінах зь дзяржчыноўнікамі»


Жыхарка Менску Людміла Кучура змагаецца за жыцьцё свайго 58-гадовага мужа Пятра Кучуры ад сьнежня 2004-га. Пра трагічную гісторыю, якая здарылася зь ім, выдатным сем’янінам, кіроўцам-дальнабойшчыкам, сябрам таварыства паляўнічых і рыбаловаў, дзевяць гадоў таму, падчас зімовага паляваньня на Дзяржыншчыне, у свой час шмат пісалі незалежныя СМІ.
Людміла Кучура

Людміла Кучура


«Майму мужу не пашанцавала, што тады непадалёк ад вёскі Масьцішча паляваў ня толькі ён зь сябрам, але і кампанія беларускіх чыноўнікаў на чале з тагачасным дзяржсакратаром Рады бясьпекі Беларусі, а ў хуткім часе кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, — узгадвае жанчына. — Нейкім чынам у той фатальны дзень быў забіты дзяржінспэктар па ахове жывёльнага ды расьліннага сьвету. У выніку ў забойстве абвінавацілі Кучуру. Ён быў асуджаны на 18 гадоў, нягледзячы на шматлікія нестыкоўкі ў справе і паказаньні сьведкі-егера пра тое, што Пётар ніякага дачыненьня да забойства ня мае».

Як кажа Людміла Кучура, цягам гадоў, пакуль яе муж сядзіць за кратамі за злачынства, якога не рабіў, шматлікія просьбы сям’і перагледзець справу так і заставаліся без адказу. «Больш за тое, усе спробы мужа даказаць сваю невінаватасьць абярталіся супраць яго — перасьледам з боку адміністрацыі. Несправядлівае пакараньне прывяло мужа да інваліднасьці, а таксама да шэрагу хранічных захворваньняў»

«Мой муж, на жаль, ня першы і не апошні, хто знаходзіцца ў падобнай сытуацыі, — працягвае Людміла. — Начальства папраўчай магілёўскай калёніі № 15, дзе ён цяпер утрымліваецца, нядаўна паабяцала зрабіць зь яго жыцьця сапраўднае пекла. Гэта і робіцца. Для таго каб прэсаваць любога асуджанага, які не даспадобы, на яго пішуць рапарт. Прычэпкі, у выніку якіх робяцца самыя розныя спагнаньні, часам выглядаюць па-ідыёцку. Але зрабіць з гэтым нічога нельга. Апошнім часам адміністрацыя выкарыстоўвае такі прыём, як заявы іншых ЗК супраць канкрэтнага вязьня…»
Фотажарт з Сталіным аказаўся прароцкім. Фота зь сямейнага архіву

Фотажарт з Сталіным аказаўся прароцкім. Фота зь сямейнага архіву


…Цяпер Пятра Кучуру на шэсьць месяцаў кінулі ў памяшканьне камэрнага тыпу, ён пазбаўлены права на перапіску ды тэлефанаваньне родным. А пачалося ўсё, як кажуць, на роўным месцы. З паходу Людмілы ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і спробы давесьці кіраўніцтву, што кірзавы абутак, які мусяць у абавязковым парадку насіць вязьні, вельмі шкодны.

Кучура: «Акрамя цяжкай сардэчнай паталёгіі муж мае падагру, запаленьне суставаў, а таксама грыбковыя захворваньні на нагах. Гэта праблема многіх вязьняў… Мая размова з намесьнікам дырэктара ДВП адбылася ў адзін з гарачых летніх дзён. Я перадала агульную просьбу вязьняў. Хадзіць у такі час у „кірзавіках“ немагчыма. Дагэтуль многія сваякі куплялі для сваіх з дазволу адміністрацыі зручны белвэстаўскі абутак, чорнага колеру і пэўнага ўзору, без супінатараў. Потым у выніку нейкай праверкі прыйшла забарона на такія чаравікі і ўсіх абавязалі абуцца ў кірзу. Паслухаўшы мяне, прадстаўнік дэпартамэнту сказаў: „Людміла Міхайлаўна, вы хутка ўбачыце вынік вашага паходу да мяне“. Неўзабаве ўбачылі, працягваем бачыць гэта чым далей, тым болей».

Днямі былы асуджаны ПК-15, які выйшаў на волю, перадаў сям’і Кучуры цыдулку ад Пятра, у якой вязень папярэджвае Генпракуратуру: калі ціск адміністрацыі калёніі на яго ня скончыцца і зь ягонай сытуацыяй дэталёва не разьбяруцца, ён будзе вымушаны скончыць жыцьцё самагубствам.

У цыдулцы Пётар таксама зьвяртаецца да жонкі і сына. Ён просіць іх у выпадку ягонай сьмерці не забіраць цела з калёніі, але калі яго ўсё ж аддадуць, адвезьці да будынку, дзе сядзіць высокае кіраўніцтва краіны, і «выкінуць ля галоўнага ўваходу».

«Люблю вас», — зьвяртаецца асуджаны ў канцы пасланьня да сваёй сям’і. Ён таксама адзначае, што рашэньне прынятае ім пры цьвярозым розуме і памяці.
Калісьці гэтая сям’я была такой шчасьлівай

Калісьці гэтая сям’я была такой шчасьлівай



«Ты напісаў касацыю, і хопіць зь цябе!»


Паводле Людмілы Кучуры, сытуацыя нагадвае тую, якая здарылася зь яе мужам у 2006-м, калі яго трымалі ў ПК-1 на Кальварыйскай. Тады пачаўся невыносны псыхалягічны ціск на Пятра. Зьвязаны ён быў з тым, што вязень разам з адвакатам падаў наглядную скаргу па сваёй справе, а ў ёй фігуравала імя высокага дзяржчыноўніка: «Ты напісаў касацыю, і хопіць зь цябе!» У халодную зіму Пятра кінулі ў ШЫЗА, дзе была ледзь не мінусавая тэмпэратура.


Пазьней, у чэрвені 2010-га, Людміла Кучура дамаглася сустрэчы з тагачасным кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Макеем. На прыёме ў яго кабінэце прысутнічалі таксама адказныя прадстаўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Генпракуратуры…

«Мы спачуваем вам, Людміла Міхайлаўна, — сказаў жанчыне Макей. — Вы перажылі столькі, колькі не пажадаеш ворагу. Абяцаю вам разабрацца са справай, і якім бы ні быў яе вынік, запрасіць вас да сябе зноў».

Кучура: «Таксама мяне папярэдзілі — размова была за некалькі месяцаў да выбараў — нідзе нічога не пісаць, бо будзе адваротная рэакцыя. Паколькі размова ішла пра дарагога мне чалавека, я нічога нідзе не пісала. Ішоў час. На абяцаную сустрэчу мяне ніхто не запрашаў. Аднак некаторыя прыкметы сьведчылі пра тое, што справа ідзе да станоўчай разьвязкі. Тым ня менш вынік усіх маіх паходаў аказаўся адмоўны. Адна вельмі надзейная крыніца паведаміла мне: той чыноўнік, пра якога вы ўвесь час пішаце, прыходзіў на размову з прэзыдэнтам».

Наша праграма будзе інфармаваць вас пра разьвіцьцё сытуацыі вакол Пятра Кучуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG