Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэзій-137. Як Бураўкін не пусьціў мяне ў зону, а Шарэцкі суцяшаў студэнтаў, што радыяцыі няма


Журналістка Радыё Свабода Іна Студзінская стала жыве ў Менску. У чарнобыльскай зоне была толькі пры канцы 1980-х гадоў. Працуючы на Беларускім радыё, езьдзіла некалькі разоў у камандзіроўкі ў Брагінскі, Хойніцкі, Нараўлянскі, Валожынскі раёны на 2–3 дні. 23 жніўня 2016 году ўпершыню ў жыцьці праверыла, колькі цэзію ў яе арганізьме. Аказалася — 15,35 бэкерэля на кіляграм.




Як Міністэрства аховы здароўя СССР загадала засакрэціць усе зьвесткі пра радыяцыю


У 1986 годзе, калі выбухнуў Чарнобыль, я працавала на дзяржаўным радыё, на легендарнай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная».

Натуральна, даведаўшыся пра аварыю на ЧАЭС, мы адразу ж паспрабавалі здабыць аб’ектыўную інфармацыю пра ўзровень радыяцыі, выходзілі на Міністэрства аховы здароўя, каб чыноўнікі высокага рангу адказалі, як быць народу, якія рабіць захады бясьпекі. Інфармацыя паступала тады толькі з Масквы, беларускія чыноўнікі доўга маўчалі.

Міністрам аховы здароўя Беларускай ССР тады быў Мікалай Саўчанка. І толькі на 26 дзень пасьля аварыі ён выступіў у газэце «Советская Белоруссия»:

«У цяперашні час абстаноўка ў рэспубліцы нармальная, ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласьці вядуцца сельгасработы. Сёньня ўжо можна казаць аб бясьпечным узроўні на ўсёй тэрыторыі, за выключэньнем зоны адсяленьня. Хто знаходзіўся ў 30-кілямэтровай зоне: зьвярніцеся ў любую паліклініку. Гаворка не ідзе пра якую-небудзь пагрозу вашаму здароўю, а пра абавязковыя захады прафіляктычнага характару. У асобных выпадках не рэкамэндуецца даваць дзецям малако. Але гэта ня сьведчыць, канечне ж, аб наяўнасьці ў ім у небясьпечных колькасьцях радыеактыўных рэчываў...»

Пры канцы траўня ўрэшце журналісты «Беларускай маладзёжнай» дамагліся, каб на нашы пытаньні у суботнім радыёэфіры адказаў намесьнік міністра аховы здароўя (ён жа начальнік галоўнага санітарна-эпідэміялягічнага ўпраўленьня) Віктар Бур’як.

Праграма, якую я рыхтавала, называлася «Ваша пытаньне» і выходзіла па суботах у 9.15. Ніякіх FM-станцыяў тады яшчэ не было. Праграму слухалі вельмі добра — народ прачынаўся і сьнедаў, а радыёкропка была на кожнай кухні.

Гаворка не ідзе пра якую-небудзь пагрозу вашаму здароўю, а пра абавязковыя захады прафіляктычнага характару

Спадар Бур’як загадаў прынесьці пытаньні яму загадзя — маўляў, трэба ўзгадніць з вышэйшым кіраўніцтвам. Самыя вострыя ён выкрасьліў адразу ж. Ранішнія суботнія праграмы выходзілі тады ў жывым эфіры, спадар Бур’як настойваў на запісе, але мяняць фармат мы адмовіліся. У яго быў падрыхтаваны тэкст адказаў. У «Маладзёжцы» такое, калі «чытаюць па пісанаму», не віталася, і я паспрабавала разгаварыць яго, папрасіла распавядаць, а не чытаць.

Віктар Бур’як прызнаў, што «невялікае павышэньне радыяцыйнага фону адзначалася ў Брагінскім, Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах. Але няма падставаў лічыць, што ён уяўляе небясьпеку для здароўя насельніцтва. Пагрозы здароўю няма, радыяцыйная абстаноўка з кожным днём паляпшаецца, і ў самым хуткім часе хвалюючыя жыхароў рэспублікі праблемы будуць зьняты з парадку дня...»

Як я ні спрабавала адарваць чыноўніка ад тэксту — марна. Праўда, пры канцы ён разьняволіўся і распавёў, што сам толькі што прыехаў з Палесься, пахваліўся, што лавіў рыбу ў Прыпяці, а першыя клубніцы вырасьлі такія вялікія, якіх ён у жыцьці сваім ня бачыў...

Мэдык, безумоўна, ведаў пра рэальную радыяцыйную абстаноўку і пра наступствы, але маўчаў.

Пазьней мы даведаліся, што адразу ж пасьля аварыі было прынята сакрэтнае ўказаньне Міністэрства аховы здароўя СССР: «Засакрэціць зьвесткі аб выніках лячэньня, аб ступені радыяцыйнага забруджваньня пэрсаналу і ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Захворваньні ў асобаў, якія прыцягваліся да ліквідацыі аварыі, не павінны зьвязвацца з узьдзеяньнем іянізуючага апраменьваньня».


Як летам 1986-га я «з камсамольскім задорам» гойсала па забруджаных раёнах


У 1986 годзе я вяла цыкль праграмаў «Адрасы студэнцкага лета» — пра студэнцкія будаўнічыя атрады. Паехала ў камандзіроўку ў Гомельскую вобласьць, у Брагінскі і Хойніцкі раёны, дзе працавалі будатрады. Вельмі ўразіла паездка ў вёску Рудня Жураўлёва Брагінскага раёну. Ад Гомеля яна даволі далёка — кілямэтраў 150. Калі ехалі на абкамаўскай «Волзе», па дарозе лопнула кола. Пакуль кіроўца мяняў кола, дазымэтрам памералі ўзровень радыяцыі. Дакладных лічбаў ужо не прыгадаю, але памятаю, што як толькі збочылі з шашы ў поле, дазымэтар зашкаліла. Рудня Жураўлёва знаходзілася за 5 кілямэтраў ад Прыпяцкага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Я яшчэ магла б зразумець, каб у вёсцы будавалі лазьню ці краму — людзі засталіся, адсяляцца адмовіліся, трэба ж жыць па-людзку. Але тым летам у Рудні Жураўлёвай будавалі новыя жылыя дамы зь белай сылікатнай цэглы. Працавалі на будоўлі дамоў студэнты фізычнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсытэту. Я запыталася: не баіцеся «хапануць» дозу, вы ж фізыкі, ня можаце ня ведаць пра небясьпеку? «Баімся, — адказваюць, — але нам абяцалі вельмі добра заплаціць».

Памятаю, што езьдзіла па будатрадах тады я дні тры-чатыры. Калі вярнулася з той камандзіроўкі, мой муж (таксама фізык) выкінуў у сьмецьцеправод усё, у чым я езьдзіла ў Чарнобыльскую зону: дэфіцытныя ў той час джынсы, куртку-вятроўку колераў францускага сьцяга, нават бялізну. Асабліва шкада было белых скураных красовак, якія каштавалі тады ажно 50 рублёў (траціну майго заробку) — дастала іх па блату... Цяпер, вядома, сорамна, што шкадавала. Але тады ні пра небясьпеку, ні пра пагрозу здароўю ня думалі —гойсалі па забруджаных раёнах «з камсамольскім задорам».

А вось у лістападзе 1986 году ў камандзіроўку ў Чарнобыльскую зону мяне не пусьціў тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. У рэдакцыі было толькі дзьве друкаркі, прабіцца да іх было цяжка — заўсёды хтосьці сядзеў і «цюкаў». Займалі чаргу. Папрасіла юнага калегу Ігара Ганчарука пусьціць на пару хвілін надрукаваць камандзіровачнае пасьведчаньне. Не пусьціў, але пагадзіўся сам надрукаваць пару радкоў на камандзіровачным блянку. У рэдакцыі тады любілі розыгрышы і жарты. Там, дзе пазначана «мэта камандзіроўкі», надрукаваў: «захоронение реактора, а рядом — редактора». Я не заўважыла, панесла галоўнай рэдактарцы Жаньне Літвіной завізіраваць, яна падмахнула, відаць, таксама не чытаючы. І толькі пільны начальнік Генадзь Мікалаевіч Бураўкін заўважыў! Выклікаў нас з Жаннай Літвіной, адчытаў і забараніў наагул накіроўваць жанчын у камандзіроўкі ў Чарнобыльскую зону...



Як студэнтаў юрфаку падманулі ў Пяршаях

У верасьні 1989 году мне давялося паехаць у камандзіроўку ў Валожынскі раён Менскай вобласьці. У вёсцы Пяршаі ў 1986-м асела «чарнобыльская пляма». Дарэчы, і дагэтуль у пяршайскім малацэ, бульбе, гародніне час ад часу фіксуюць павышаны ўзровень радыеактыўных элемэнтаў.

У той час студэнты езьдзілі на так званую «бульбу» — на сельгасработы, дапамагаць калгасам і саўгасам зьбіраць ураджай. У перадавы калгас «Чырвоны сьцяг», якім тады, дарэчы, кіраваў Сямён Шарэцкі — будучы старшыня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, накіравалі студэнтаў юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту. Студэнты адмаўляліся працаваць — маўляў, тэрыторыя забруджаная. Да таго ж дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў — сын першага намесьніка міністра ўнутраных спраў Канстанціна Платонава, дачка міністра народнай адукацыі Міхаіла Дзямчука, як распавялі студэнты, ад бульбы «адкасілі», зьехалі на другі дзень, калі даведаліся, куды іх прывезьлі. А будучыя юрысты з «простых сьмяротных» пагражалі страйкам і дамагліся, каб да іх накіравалі спэцыялістаў праверыць узровень радыяцыйнага забруджваньня. Памятаю, што паехалі мы разам з навукоўцамі з факультэту радыёфізыкі БДУ на мікрааўтобусе-рафіку, начыненым адмысловым абсталяваньнем. Я займалася сваімі журналісцкімі справамі, запісвала інтэрвію зь мясцовымі жыхарамі, з кіраўніцтвам калгасу, са студэнтамі. Навукоўцы-фізыкі таксама рабілі сваю працу, езьдзілі на розныя палі, нешта замяралі...

Увечары на агульны сход у сельскі клюб прыйшоў сам старшыня калгасу Сямён Шарэцкі, і студэнтаў суцешылі: маўляў, «радыяцыі няма, апасацца няма чаго, так што працуйце спакойна, таварышы студэнты». Студэнты, мяркую, наўрад ці паверылі, але папрасілі мяне, журналістку «Беларускай маладзёжнай», перадаць па радыё, каб Каця Дзямчук і Платонаў-малодшы вярнуліся «на бульбу», калі ў Пяршаях усё чыста.

Позна ноччу вярталіся мы разам з навукоўцамі на РАФіку ў Менск. Калі я іх пачала распытваць, які насамрэч там узровень радыяцыі, яны «пад чэснае слова, што нікому не скажу», прызналіся, што прыборы «зашкальвалі» (лічбаў цяпер ужо не прыгадаю). Але быў загад зьверху студэнтам пра гэта не казаць. І, натуральна, журналістам таксама... Дагэтуль адчуваю згрызоты сумленьня, што ведала, але прамаўчала.

Я, праўда, спрабавала выканаць сваё абяцаньне — вярнуць «на бульбу» Платонава і Дзямчук. Кацін бацька, міністар народнай адукацыі Міхаіл Дзямчук, якому я датэлефанавалася, паведаміў, што дачка працавала летам у прыёмнай камісіі і мае права ня ехаць на сельгасработы. Платонаў-старэйшы пачаў блытана тлумачыць, што «сын захварэў, таму вярнуўся ў Менск. Але, здаецца, ужо паправіўся, бо папрасіў у мяне службовую машыну, каб вярнуцца».

Тэлефонныя званкі я тады пісала на студыйны магнітафон МЭЗ, але паводле і журналісцкай этыкі, і нейкіх іншых правілаў я павінна была папярэдзіць, што запісваю чыноўнікаў і выкарыстаю гэты запіс у эфіры. Каюся, я сваіх высокапастаўленых суразмоўцаў не папярэдзіла. І першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў, які ці то сам пачуў свае няўцямныя тлумачэньні па радыё, ці то яму далажылі, што чулі яго, патэлефанаваў старшыні Дзяржтэлерадыё Аляксандру Сталярову, каб мяне пакаралі. Натуральна, я мела тады непрыемнасьці. Але Платонаў-малодшы так і не даехаў да аднакурсьнікаў у Пяршаі...



Як прафэсар Яўген Дзямідчык прымусіў мяне праверыць шчытападобную залозу


На пачатку 2000-х я рыхтавала вялікі артыкул для аднаго замежнага выданьня пра наступствы чарнобыльскай аварыі. І мне пашчасьціла некалькі гадзін размаўляць з акадэмікам, выбітным лекарам-анколягам, заснавальнікам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пухлінаў шчытападобнай залозы Яўгенам Дзямідчыкам. Ён першым у сьвеце вывучыў клініка-біялягічныя асаблівасьці справакаванага радыяцыяй раку шчытападобнай залозы ў дзетак. Беларускі прафэсар-анколяг даказаў, што ўсплёск раку шчытападобнай залозы ў дзетак наўпрост зьвязаны з аварыяй на ЧАЭС. Першым ён паведаміў пра залежнасьць раку шчытападобнай залозы ад Чарнобыля ў штотыднёвым брытанскім навуковым часопісе Nature. За што, натуральна, меў непрыемнасьці...

Thyroid cancer and iodine deficiency in children of Belarus // Radiation and Thyroid Cancer. Eds. G.Thomas, A.Karaoglou, E.D.Williams. World Scientific, 1999 (with coauthors).

Thyroid Cancer in Chernobyl Children // Thyroid Cancer. Biersack H.-J., Grunwald F. (eds). Springer, 2001 (with coauthors).


Беларускага навукоўца тады падтрымалі японскія калегі, прысудзілі яму прэстыжную Мэмарыяльную прэмію міру доктара Нагаі (Нагасакі). За ўнёсак у вывучэньне гэтай хваробы Яўген Дзямідчык быў абраны каардынатарам праекту Эўрапейскага Зьвязу JSP-4 «Аптымальнае лячэньне дзяцей, хворых на тырэоідны рак».

Прафэсар Яўген Дзямідчык прывёў тады жахлівую статыстыку, колькі дзяцей маюць праблемы з шчытападобнай залозай. Узгадаў, што ў 1970-я гады на ўсю Беларусь было толькі 10 чалавек, якія хварэлі на рак шчытападобнай залозы, а пасьля Чарнобылю хворых на такую форму раку стала ўжо 10 тысяч. Праўда, гэты від раку навучыліся лячыць — шчытападобную залозу выдалялі, чалавек прымаў гарманальныя прэпараты. Але, памятаю, тады Яўген Паўлавіч выказваў занепакоенасьць, што пакуль невядома, як гэтыя лекі паўплываюць на пячонку, ныркі ды іншыя органы.

Тады Яўген Дзямідчык прымусіў мяне праверыць сваю шчытападобную залозу. Аказалася, праблемы ёсьць. З таго часу стаю на ўліку ў Менскім гарадзкім эндакрыналягічным дыспансэры.



Мой цэзій —15,35 бэкерэля на кіляграм


23 жніўня ўпершыню ў жыцьці я праверыла ўтрыманьне цэзію-137 у сваім арганізьме. Правярала ў лябараторыі спэктрамэтрыі Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад». Спэктромэтар выпраменьваньня чалавека — гэта адмысловы прыбор у выглядзе крэсла, у якім знаходзіцца спэцыяльны крышталь, які адзначае радыеактыўныя распады ў арганізьме. Затым спэктромэтар гэтыя сыгналы трансфармуе ў электрычны сыгнал і выдае вынік у бэкерэлях на кіляграм. Працягласьць вымярэньня — каля трох хвілін. Мой вынік па цэзіі-137 — 15,35 бэкерэля на кіляграм.



Як патлумачыў спэцыяліст «Белраду», калі ўтрыманьне цэзію ў арганізьме перавышае 400 бэкерэляў на кіляграм вагі, гэтая доза лічыцца небясьпечнай. Адмыслоўцы, якія робяць вымярэньне, паведамляюць пра гэта ў мясцовую санстанцыю, якая павінна расьсьледаваць, чым гэта выклікана. Так што, як сьцьвярджаюць навукоўцы, мае 15 бэкерэляў на кіляграм — цалкам бясьпечная доза.

Ад рэдакцыі: Вас чакае працяг расьследаваньня Свабоды пра Цэзій-137 у іншых рэгіёнах Беларусі, а таксама пра тое, што лічыцца нормай ў Беларусі і што насамрэч зьяўляецца бясьпечнай дозай, а таксама пра ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі на здароўе чалавека.

Паўраспад. Мой Цэзій-137

Вы — труп?

Журналіст з Магілёва ўпершыню праверыў узровень радыяцыі ў сваім арганізьме

Цэзій, які заўсёды са мною

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG