Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уцёкі і экстрадыцыя Эдуарда Пальчыса. Храналёгія перасьледу Джона Сільвэра


Эдуард Пальчыс, вядомы як Jhon Silver, стваральнік блога 1863x

Эдуард Пальчыс, вядомы як Jhon Silver, стваральнік блога 1863x

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну пройдзе паседжаньне па справе экстрэмізму ў тэкстах сайту 1863x.com. Аўтара сайту, затрыманага ў студзені беларуса Эдуарда Пальчыса, на судзе ня будзе. Што адбываецца з Пальчысам цяпер, як ён уцякаў, калі яго экстрадавалі ў Беларусь — Свабода сабрала храналёгію ягоных перасьледаў.

Травень 2015 — падпіска аб нявыезьдзе і ўцёкі зь Беларусі

Крымінальную справу на Пальчыса завялі яшчэ ў 2015 годзе. Як распавяла ягоная жонка «Нашай Ніве», упершыню праблемы з праваахоўнікамі ў блогера ўзьніклі 5 траўня 2015 году, калі ён пайшоў на гутарку аб будучай працы, а вярнуўся толькі празь месяц. Тады супраць яго распачалі крымінальную справу.

Як пазьней паведамілі ў Сьледчым камітэце, першапачаткова да Пальчыса ўжылі меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

«Аднак абвінавачваны вырашыў схавацца ад крымінальнага перасьледу і ў кастрычніку 2015 году выехаў за межы Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі ён быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. Цяпер расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца, мужчына экстрадаваны з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту», — паведамляла Радыё Свабода Юлія Ганчарова, прадстаўніца Сьледчага камітэту.

Студзень 2016 — затрыманьне ў Расеі

У верасьні 2015 году Вікторыя і Эдуард пабраліся шлюбам і зьехалі ва Ўкраіну. Але потым Эдуард вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Ён меркаваў, што яго могуць затрымаць на ўкраінска-беларускай мяжы, а таму паехаў праз Расею.

Ягоная жонка кажа, што ён хацеў пасьпець убачыць бацькоў, а пасьля гэтага пайсьці здацца сьледзтву. Але не разьлічваў, што яго могуць затрымаць у Расеі.

23 студзеня 2016 году Пальчыса зьмясьцілі ў СІЗА Бранскай вобласьці ў Расеі. Яго затрымалі пры перасячэньні ўкраінска-расейскай мяжы. Пасьля гэтага больш за чатыры месяцы яго ўтрымлівалі ў Расеі. У гэты час ніхто са сваякоў зь ім ня бачыўся.

Чэрвень 2016 — экстрадыцыя ў Беларусь

Паводле словаў жонкі Пальчыса, яго экстрадавалі ў Беларусь 1 чэрвеня. Сьледчы камітэт па Менску расьсьледуе крымінальную справу ў дачыненьні да Пальчыса паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальваньне варожасьці» яму пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.

«Вызначана, што падсьледны, зьяўляючыся адміністратарам сайта www.1863x.com, разьмяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці або розьні, а таксама выявы парнаграфічнага зьместу. Гэта пацьвярджаецца вынікамі праведзеных экспэртызаў», — паведаміла Свабодзе Юлія Ганчарова, прадстаўніца СК.

Лета 2016 — утрыманьне ў ізалятарах Менску і Жодзіна

Спачатку Эдуард Пальчыс знаходзіўся ў СІЗА № 1 г. Менску. 9 чэрвеня там прайшла акцыя ў яго падтрымку. Пасьля Пальчыса этапавалі ў СІЗА № 8 г. Жодзіна, дзе ён знаходзіцца і цяпер.

У канцы ліпеня Вікторыя Пальчыс атрымала ад мужа ліст, у якім той паведамляў пра стосы лістоў, якія прыходзяць да яго штодня.

Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя

Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя

«Напісаў, гэта проста нейкае дзіва: штодня атрымлівае па 30–40 лістоў ад людзей, якія зь ім салідарныя і яго падтрымліваюць. Кажа, што пішуць нават сем’ямі: муж, жонка і дзеці, якія дасылаюць свае малюнкі. Ён усім страшэнна ўдзячны, спрабуе ўсім адказаць і падзякаваць асабіста, але калі ня ўсе яшчэ атрымалі адказы, дык таму, што нестае часу. Але прасіў перадаць усім яшчэ раз вялікі дзякуй, гэта яго сапраўды падтрымлівае», — распавяла Вікторыя Свабодзе.

16 жніўня прэс-сакратар Вярхоўнага суду Менску Юлія Ляскова паведаміла ў сваім Фэйсбуку, што матэрыялы крымінальнай справы Эдуарда Пальчыса накіраваныя ў суд.

XS
SM
MD
LG