Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казьбек Япрынцаў і Аляксандар Арабян асуджаныя на 8 год. Уладзімеру Япрынцаву далі штраф 10,5 тысяч рублёў


Суд Цэнтральнага раёну вынес прысуд па справе Япрынцавым. Уладзімер Япрынцаў атрымаў штраф 500 базавых велічыняў. Ягоны сын Казьбек і Аляксандар Арабян асуджаныя на 8 год.

Сёньня быў зачытаны прысуд па справе Япрынцавых. Крымінальная справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Уладзімер Япрынцаў быў прызнаны вінаватым па ч.1 артыкулу 405 (загадзьдзя неабяцанае ўкрывальніцтва). Яго прысудзілі да штрафу ў 500 базавых велічыняў - гэта 10,5 тысячаў рублёў. Япрынцава-старэйшага выпусьцілі з-пад варты ў залі суду.

Казьбек Япрынцаў і ягоны кампаньён Аляксандар Арабян асуджаныя на 8 год зьняволеньня па арт. 209, ч. 4 (махлярства​). Таксама ў іх будзе канфіскаваная маёмасьць.

Як перадае TUT.BY, судьдзя Міхаіл Хома адзначыў, што ў кампаній Япрынцава-малодшага і Арабяна было "самае жаласнае фінансавае становішча", яны працягвалі браць грошы ў пазыку і атрымліваць перадаплаты па кантрактах, якія не спрабавалі выканаць. Усе грошы ішлі на пакрыцьцё ранейшых даўгоў і іншыя мэты, не зьвязаныя з выкананьнем кантрактаў.

Пры гэтым Уладзімер Япрынцаў спрыяў ўтойваньню злачынства сына і яго партнэраў, усьведамляючы іх вельмі неспрыяльнае фінансавае становішча і гарантуючы іх зьдзелкі перад партнэрамі.

Суд не задаволіў пазоваў ад Юрыя Савяка і ягонай кампаніі «Ханліс» у памеры 24 мільёнаў даляраў, і пазову Андрэя Рабцэвіча ў памеры 7,915 млн даляраў. Дамагацца выплатаў можна будзе ў грамадзянскім працэсе.

11 жніўня пракурор Юры Шарсьнёў папрасіў асудзіць Казьбека Япрынцава і яго кампаньёна Аляксандра Арабяна на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. А Ўладзімеру Япрынцаву — прызначыць штраф у тысячу базавых велічынь (21 тысяча рублёў, або каля 10,5 тысячы даляраў).

Дзяржабвінаваўца настойвае, што падсудныя завалодалі грашовымі сродкамі пацярпелых, ня маючы намеру паставіць паліва па кантрактах.

Пракурор заявіў, што ён не знайшоў пацьверджаньня факту, што Ўладзімер Япрынцаў удзельнічаў у папярэдняй змове і меў намер падманным шляхам завалодаць сродкамі пацярпелых. Япрынцаў-старэйшы выконваў ролю гаранта, як падкрэсьлівалі пацярпелыя бізнэсмэны. Сумеснага намеру на супрацьпраўныя дзеяньні з Казьбекам Япрынцавым і Аляксандрам Арабянам у яго не было.

Аляксандар Арабян

Аляксандар Арабян

У сувязі з гэтым Шарсьнёў папрасіў суд перакваліфікаваць абвінавачваньне Ўладзімера Япрынцава на ч. 1 арт. 405 КК — укрываньне злачынства. На думку дзяржабвінаваўцы, Япрынцаў-старэйшы ведаў пра злачынныя дзеяньні сына і яго партнэраў, абяцаў ім укрываньне і не паведаміў пра гэтыя факты ў праваахоўныя органы. На падставе гэтага пракурор папрасіў суд пакараць Уладзімера Япрынцава штрафам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG