Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелы па справе Япрынцава: На рахунку ў «Трайпла» — мінус 250 мільёнаў даляраў


Уладзімер (зьлева) і Казьбек Япрынцаў у судзе, 4 ліпеня 2016 году

Уладзімер (зьлева) і Казьбек Япрынцаў у судзе, 4 ліпеня 2016 году

У судзе Цэнтральнага раёна працягваецца працэс па гучнай крымінальнай справе, дзе на лаве падсудных — вядомы бізнэсовец Уладзімер Япрынцаў, ягоны сын Казьбек і кампаньён апошняга Аляксандар Арабян.

20 ліпеня на працэсе зноў дапытвалі сьведак, перадае БелаПАН. Так, былы памочнік Япрынцава-старэйшага Вольга Скібская распавяла, што асабіста адносіла на подпіс начальніку гарантыйныя лісты ад кампаніі «Трайпл», у тым ліку тыя, што фігуруюць ў дадзенай крымінальнай справе.

«Трайпл» гарантаваў вяртаньне грошай па нейкіх кантрактах, — патлумачыла сьведка. — Тэкст ліста не мяняўся, мяняліся толькі назвы кампаній«.

У размове з Уладзімерам Япрынцавым Скібская пацьвердзіла, што бізнэсовец даволі часта даваў буйныя сумы ў пазыку, аднак не заўсёды яму вярталі грошы своечасова.

«Ці ствараў я ўражаньне чалавека, у якога фінансавыя праблемы? Да мяне прыходзілі калі-небудзь з патрабаваньнем вярнуць грошы?» — задаў ёй пытаньне Япрынцаў-старэйшы.

«Не, я такога ня памятаю», — адказала Вольга Скібская.

Сёньня на судзе таксама неаднаразова гучалі пытаньні ў адрас пацярпелага расейскага бізнэсоўцы Юрыя Савяка, які заяўляе, што абвінавачаныя вінны яму ня менш за 24 мільёны даляраў за невыкананьне кантрактаў на пастаўку паліва.

Уладзімер Япрынцаў, у прыватнасьці, спытаў, ці ведаў Савяк аб плацежаздольнасьці кампаніі «Трайпл».

«Наколькі я ведаю, у „Трайпла“ мінус 250 мільёнаў даляраў», — адказаў Савяк.

«Як ты лічыш, знаходзячыся на волі ці ў турме мне прасьцей было вяртаць даўгі сына і яго сяброў?» — зьвярнуўся Япрынцаў-старэйшы да пацярпелага.

«Вядома, на волі», — адказаў той.

«Тады каму выгадна, што я знаходжуся тут? — працягнуў Уладзімер Япрынцаў. — Ты ж ведаеш, што займалі грошы яны (Япрынцаў-старэйшы паказаў на Казьбека і Арабяна. — БелаПАН). І Чыж ведае. Дык чаму менавіта на мяне напісалі заяву? Не на Казьбека, не на Арабяна, а на мяне?»

Гэтае пытаньне засталося без адказу.

Адвакат Юрыя Савяка падаў грамадзянскі пазоў на пакрыцьцё шкоды (каля 24,5 мільёна даляраў). У судзе быў абвешчаны перапынак да 21 ліпеня. Сёньня працягнецца допыт сьведак.

Нагадаем, затрыманьне Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых зьвязана з буйнымі абавязкамі бізнэсоўцаў і няўдалай спробай іх вярнуць. Паводле інфармацыі пацярпелых, Казьбек Япрынцаў абяцаў пастаўкі паліва шэрагу замежных кампаній, але пасьля атрыманьня сродкаў не выконваў абавязацельстваў.

Зьдзелкі былі гарантаваныя групай кампаній «Трайпл». Грошы пералічваліся на рахунак кампаніі Edena Investments, мажарытарным уладальнікам якой зьяўляецца Япрынцаў-малодшы, але паліва партнэры так і не атрымалі.

Каб вярнуць даўгі, сума якіх складае некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, Казьбек Япрынцаў, паводле дадзеных сьледзтва, спачатку спрабаваў зарабіць на Форэксе, але прагарэў і зьвярнуўся па дапамогу да бацькі. Той у сваю чаргу зьвярнуўся па дапамогу да свайго сябра — прэзыдэнта Фэдэрацыі спартовай барацьбы Расеі, бізнэсоўца Міхаіла Маміяшвілі, які пагадзіўся даць Япрынцаву буйную суму пад гарантыі яго долі ў кампаніі «Трайпл». Пасьля затрыманьня Ўладзімера Япрынцава Маміяшвілі стаў саўладальнікам «Трайпла».

Япрынцаў-старэйшы быў арыштаваны на падставе заявы, якую напісаў у КДБ ягоны кампаньён, уладальнік групы кампаній «Трайпл» Юры Чыж. У ходзе судовага разбору высьветлілася, што менавіта з парады Чыжа заявы на Япрынцава ў КДБ таксама напісалі Андрэй Міхневіч, у мінулым вядомы лёгкаатлет, і расейскі бізнэсоўца Юры Савяк. Абодва праходзяць па справе ў якасьці пацярпелых.

11 сакавіка быў затрыманы сам Чыж. Ён абвінавачваецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Юры Чыж утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG