Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы КДБ абяцаў Казьбеку Япрынцаву волю за інфармацыю пра бізнэс Чыжа. Але той ня выдаў


Пасьля суду журналісты доўга чакалі пакуль з залі выведуць Юрыя Чыжа, але так і не дачакаліся. Магчыма, выводзілі праз вакно

Пасьля суду журналісты доўга чакалі пакуль з залі выведуць Юрыя Чыжа, але так і не дачакаліся. Магчыма, выводзілі праз вакно

Экс-алігарх Юры Чыж, які сам знаходзіцца ў СІЗА, сёньня даў паказаньні на сваіх былых паплечнікаў па бізнэсе Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых, на якіх ён раней напісаў заяву. У судзе стала вядома, што КДБ абяцала Казьбеку Япрынцаву волю за інфармацыю пра бізнэс Юрыя Чыжа.

Юры Чыж коратка падстрыжаны, але не нагала, як звычайна робяць зь вязьнямі. Ён у шэрым двубортным строі, адказвае спакойна, але ня гучна.

Пра гандаль нафтапрадуктамі

Юры Чыж адразу распавёў, што пазнаёміўся зь Япрынцавым яшчэ да таго, як была створаная ягоная «Трайпл», яны сустракаліся на трэніроўках.

Чыж заявіў у судзе, што ад пачатку дзейнасьці ў кампаніі «Трайпл» Япрынцаў-старэйшы меў да продажу нафтапрадуктаў «самае мінімальнае дачыненьне».

«У перамовах удзелу ня браў, атрымліваў мінімальную інфармацыю, падрыхтоўка гарантыйных лістоў у яго паўнамоцтвы не ўваходзіла».

Юры Чыж зазначыў у судзе, што ўвогуле гарантыйныя лісты рыхтавалі рэдка, калі гэта было неабходна, бо пастаўкі нафтапрадуктаў ішлі нерэгулярна. Калі рыхтавалі такія лісты, былі абавязаныя інфармаваць пра гэта банкі. Пра гарантыйныя лісты за подпісам Уладзімера Япрынцава, якія фігуруюць у справе, Юрыю Чыжу не было вядома.

Пра Казьбека Япрынцава

Пра Казьбека Япрынцава Юры Чыж сказаў, што ведае яго каля 20 гадоў. Пасьля вучобы той нейкі час працаваў у іншых кампаніях — «канкурэнтах нашага бізнэсу» — а потым перайшоў у «Трайпл».

Сказаў таксама, што паводле службовых паўнамоцтваў Казьбек Япрынцаў не адказваў за гандаль нафтапрадуктамі, а Аляксандр Арабян, па словах Чыжа, увогуле не працаваў непасрэдна ў структурах «Трайплу».

Пра тое, што Казьбек Япрынцаў і Арабян займаюцца нафтавымі зьдзелкамі, паводле Чыжа, «былі чуткі», але дакладна ён не ведаў. Але згадаў, што былі аднойчы прапановы ад Казьбека і Арабяна аб продажы нафтапрадуктаў у Літве, але ён іх выслухаў і ня больш за тое. На размову зь імі яго запрасіў Уладзімер Япрынцаў.

Але ў 2011-2013 гадах Чыж ня ведаў пра нейкія зьдзелкі Казьбека Япрынцава і Арабяна з нафтапрадуктамі.

Пры гэтым Юры Чыж згадаў, што аднойчы на просьбу Япрынава-старэйшага давалі паручніцтва для зьдзелкі, але якой, ня памятае. Кажа, што тады ўсё было выканана добра, «без наступстваў».

Пра кантакты з расейскімі бізнэсоўцамі

Юры Чыж згадаў, што ў Маскве размаўляў з расейскім бізнэсоўцам Юрыем Савяком, ад якога даведаўся, што Казьбек і Арабян займаюцца нафтавымі зьдзелкамі. Савяк яму прапаноўваў супрацоўніцтва. Тады Чыж сказаў, што Казьбек і Арабян ў яго гэтым не займаюцца. У Маскве ж ён бачыў у кампаніі Міхаіла Маміяшвілі ( старшыня фэдэрацыі грэка-рымскай барацьбы Расеі) Казьбека Япрынцава і Аляксандра Арабяна.

На пытаньне пракурора Юры Чыж патлумачыў, чаму адмовіў Япрынцаву-малодшаму і Арабяну ў іх прапанове аб продажы партыі нафтапрадуктаў у Літву — «дастаткова вялікая ступень рызыкі».

Адказваючы на пытаньне пракурора, Юры Чыж згадаў пра прыезд у Менск Маміяшвілі і бізнэсмэна Растоўцава, яны сустракаліся ў рэстаране гатэля «Эўропа». Растоўцаў зьбіраўся набыць у Менску нерухомасьць. Іх з Чыжом зьвёў Маміяшвілі. Гэтыя падзеі тычацца 2013 году. Чаму пра іх згадвае пракурор, пакуль незразумела.

Пра даўгі Япрынцава

У 2014 годзе Чыж ведаў пра праблему Япрынцава-старэйшага адносна вяртаньня грошай Савяку і Маміяшвілі. Яны аднойчы размаўлялі чацьвёра — ён, Савяк, Маміяшвілі і Япрынцаў-старэйшы, але Япрынцаў сказаў, што гэта ягоная праблема і ён сам будзе яе вырашаць. І яны сышлі. У 2015 годзе Чыж ведаў, што гаворка ідзе пра даўгі ў памеры 10-15 мільёнаў даляраў. Тады ж ён даведаўся, што ў Маміяшвілі ёсьць нейкі дакумэнт аб даўгах Япрынцава.

Адносна пазыкі Савяку Чыж разумеў гэтак, што грошы насамрэч былі ў Маміяшвілі і Аксенцьева (расейскі партнэр Маміяшвілі), а Савяк займаўся кантролем за вагонамі, адгрузкай, аплатай.

У 2015 годзе Чыжу стала вядома, што агульная сума прэтэнзій да Япрынцава — 32 мільёны даляраў, зь іх 15 даў Аксенцьеў. «Недзе мільён даляраў быў працэнтамі, туды-сюды. Ведаю, што былі затрымкі зь вяртаньнем».

У 20-х чыслах ліпеня 2015 году яны сустрэліся зь Япрынцавым, той прапанаваў прадаць сваю долю, бо ў яго «згарэлі ўсе грошы». Яму трэба было 60-70 мільёнаў даляраў. «Я сказаў, што такіх грошай ў кампаніі няма, прадавай усё, што ў цябе ёсьць».

Чыж даведаўся ад Япрынцава, што ягоны сын на Форэксе прайграў шмат грошай:

«Япрынцаў прапанаваў мне сваю долю — 33 працэнты, а я б узяў на сябе абавязкі па вяртаньні яго даўгоў,— такой была прапанова ад Япрынцава. Але ў мяне не было магчымасьці набыць яго акцыі», — сказаў Чыж.

Пра сустрэчы перад арыштам Япрынцавых

У пачатку жніўня 2015 году Чыж сустрэўся з Маміяшвілі, Аксенцьевым, Савяком. Абмяркоўвалі сытуацыю з даўгамі Япрынцава, кажа Юры Чыж у судзе:

«Я сказаў, што не гатовы купляць долю Япрынцава ні за 60, ні за 30 мільёнаў, бо складаная сытуацыя з акцыямі, ідзе падзеньне коштаў. Магчыма, калі прададзім нейкія актывы, тады. Такім чынам, сустрэча выніку не дала. Ведаю, што потым яны афармлялі нейкія дамовы-абавязацельствы, але якія, ня ведаю».

Чыж кажа, што з жніўня 2015-га Маміяшвілі ледзь ня кожны дзень тэлефанаваў, што яму патрэбныя грошы. За дзень да арышту Япрынцавых у Менск прыляцелі Савяк і Маміяшвілі. Яны сказалі, што ў іх ёсьць зьвесткі, што Япрынцаў заўтра зьедзе з краіны за мяжу. Нібыта ў яго ёсьць грошы на замежных рахунках, таму трэба яго спыніць.

«Я на гэта сказаў, каб пісалі заяву, іншага варыянта ў мяне няма». Але дакумэнтаў яны ніякіх не паказвалі, што Япрынцаў зьбіраецца зьбегчы.

На наступны дзень, 11 жніўня (калі былі арыштаваныя Япрынцавы), яны сустрэліся з Маміяшвілі і Савяком у гатэлі «Пэкін». Чыж яшчэ раз перапытаў іх пра іх рашэньне. Яны пацьвердзілі, і тады ён таксама напісаў заяву на Япрынцава.

Маміяшвілі і Савяк тады не паказвалі яму гарантыйныя лісты за подпісам Япрынцава, але казалі пра іх.

«З гэтага я зразумеў, што гэта можа тычыцца ўсёй кампаніі «Трайпл», таму і вырашыў таксама напісаць заяву.

Пра злачынства Япрынцавых

Пракурор спытаў Чыжа: «У чым вы бачыце злачынства ў дзеяньнях Япрынцава?» Чыж папрасіў паглядзець на сваю заяву ў справе. Пракурор яму паказвае і зачытвае. Там Чыж кажа пра «махлярскія дзеяньні» Япрынцава. Маўляў, ён узяў 32 мільёны даляраў са сродкаў кампаніі, і яны з сынам перавялі гэтыя грошы на падкантрольныя яму афшорныя кампаніі, але потым грошы згубілі, страціўшы іх на біржы, бо нявыгадна ўклалі ў акцыі замежных кампаній. Цяпер Чыж мяркуе гэтаксама: што грошы уклалі на біржы і згубілі.

Пракурор спытаў: «А Маміяшвілі напісаў заяву ў КДБ?» — Чыж сказаў, што Маміяшвілі пагадзіўся даць тлумачэньні, а заяву, сказаў, напіша Савяк.

Пракурор: «Ці падалі б вы заяву ў КДБ без удзелу Маміяшвілі і Савяка?» Чыж адказаў, што магчыма, не 11 жніўня, але пазьней, бо пачаліся судовыя пазовы ад іншых кампаній і прыватных асобаў.

Чыж сказаў, што ўжо да 11 жніўня былі зьвесткі пра гарантыйныя лісты, падпісаныя Япрынцавым-старэйшым.

Чыж сустракаўся з Савяком і высьветліў, што насамрэч сума ў 32 мільёны не пацьвердзілася:

«Былі прагоны грошай туды-сюды, былі вяртаньні. Таму я сказаў Савяку, што яны двайныя махляры, бо завалодалі акцыямі „Трайплу“ за падманныя грошы».

Паводле Чыжа, там былі грошы «толькі Аксенцьева», а не Маміяшвілі і не Савяка.

Асноўную інфармацыю пра гэтую сытуацыю, паводле Чыжа, ён атрымліваў ад Маміяшвілі. Чыж ведаў пра тое, што Япрынцаў мае аддаць доўг пацярпеламу Андрэю Рабцэвічу (гаворка пра 3 мільёны даляраў). «Ведаю, што выкананьне зьдзелкі затрымлівалася, і тады яны селі і падпісалі дамову пра пазыку».

Пра ахову

Чыж сказаў, што «пэрыядычна» карыстаўся паслугамі асабістай аховы ў мэтах бясьпекі, што было зьвязана з гэтай складанай сытуацыяй.

Пра афшоры

На пытаньне адваката Япрынцава, ці ведаў ён дакладна, што Япрынцаў цалкам у курсе складанага становішча зь бізнэсам сына, Чыж адказаў: «Ён са мной пра гэта не дзяліўся». Чыж пра магчымую датычнасьць Япрынцава-старэйшага да кампаній «Эдэна», «Дата-крос» заявіў:

«Ня ведаю пра гэта».

Гаворка пра афшорныя кампаніі, празь якія выводзіліся грошы па зьдзелках з нафтапрадуктамі. Што ў Япрынцава-старэйшага ёсьць афшорныя кампаніі, Чыж ня ведае. Пры гэтым у заяве ў КДБ напісаў, што ў Япрынцава ёсьць падкантрольныя афшорныя кампаніі. «А як інакш бы перавялі грошы?» — кажа Чыж у судзе.

Адвакат: «Ці вядома вам, што Ўладзімер Япрынцаў вяртаў частку грошай па пазыках?»

Чыж: «Так, вядома. Была інфармацыя, што частку праз банк, частку гатоўкай. Япрынцаў гэта пацьвярджаў. Пра пэўныя сумы гаворкі не было».

Адвакат: «Ці праўда, што Савяк, як ён кажа, атрымаў ад вас каардынаты Казьбека Япрынцава і Аляксандра Арабяна. Што гэта было яшчэ да ліпеня 2014 году?

Чыж: «Не. Я падчас сустрэчы з Маміяшвілі і Савяком у ліпені 2013 году ад іх даведаўся, што яны ведаюць Казьбека Япрыцава і Арабяна. Я іх ня зводзіў».

Цяпер Чыж кажа, што не казаў, нібыта Казьбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян зусім не займаюцца нафтавымі справамі, а што толькі «ў структуры „Трайплу“ яны гэтым не займаюцца, ня маюць такіх паўнамоцтваў». Пра гэта перапытала адвакат Казьбека Япрынцава.

Адвакат: Вы казалі, што Маміяшвілі і Савяк сказалі вам, што калі Япрынцаў уцячэ за мяжу, тады разьбірацца будуць з вамі. А чаму прэтэнзіі да вас?

Чыж: «Як да кіраўніка кампаніі «Трайпл».

Паводле Чыжа, ініцыятарам напісаць заяву ў КДБ быў Міхаіл Маміяшвілі.

Чыж сказаў, што Арабяна затрымалі ў Маскве, туды ён прыехаў на сустрэчу з Маміяшвілі. На пытаньне адваката Арабяна: «Яго затрымалі і экстрадавалі?» — Чыж адказаў, што пра гэта ён ня ведае.

Пытаньні Чыжу ад пасудных

Пытаньні да Чыжа пачалі задаваць падсудныя. Першым падняўся Казьбек Япрынцаў.

Япрынцаў-малодшы спытаў пра нейкую кампанію, якая мела офіс у будынку «Трайпл», пра афшорныя кампаніі. На большасьць пытаньняў Чыж адказвае, што ня памятае ці ня ведае. Пра пагрозы на адрас Казьбека і ягонага бацькі ад расейскага бізнэсмэна Аксенцьева — таксама ня ведае.

«Ня бачыў ніводнага дакумэнта», — гэта адказ на пытаньне, ці ён ведае нешта пра тое, што Казьбек ці Япрынцаў-старэйшы гулялі на «Форэксе».

Казьбек: «Хоць адзін даляр па нашых абавязацельствах „Трайпл“ за нас заплаціў?»

Чыж: «Ня памятаю, удакладню».

Казьбек: «Ці вы што-небудзь ведаеце пра перавод мной ці Арабянам наяўных грошай Маміяшвілі?

Чыж: «Ня ведаю».

Казьбеку абяцалі волю за інфармацыю пра Чыжа

Казьбек: «ЦІ ВЫ ВЕДАЕЦЕ, ШТО ПРАЗ ПАЎГОДА ПАСЬЛЯ АРЫШТУ МЯНЕ ЗАПРАСІЛІ СУПРАЦОЎНІКІ КДБ І ПРАПАНАВАЛІ ВЫЗВАЛЕНЬНЕ ЎЗАМЕН НА ЎСЮ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА ВАШ БІЗНЭС? АЛЕ Я АДМОВІЎСЯ. БО ЁСЬЦЬ РЭЧЫ, ЯКІМІ НЕ ГАНДЛЮЮЦЬ?»

Чыж: «Ня ведаю». (Аплядысмэнты ў зале).

Паводле Чыжа, «Трайпл» перастаў займацца аптовымі пастаўкамі нафтапрадуктаў з 2012-2013 гадоў, бо «былі складанасьці».

Дыялёг на "ты"

Япрынцаў-старэйшы задае пытаньні Чыжу, зьвяртаючыся на «ты»:

«Ты калі-небудзь сам пазычаў грошы, але калі не вяртаў адразу, на цябе пісалі заяву?»

Чыж: «Ці ведаеш ты, што мне вінны іншыя людзі вельмі вялікія грошы? Такога Лазоўскага ведаеш?»

Япрынцаў-старэйшы: «Так». Япрынцаў кажа, што шмат разоў знаходзіў грошы для Трайплу: «Я ніколі іншага бізнэсу ня вёў, на жаль. А ты ведаў, што я падпісваў паперы раней, да таго?»

Чыж: «Не».

Япрынцаў-старэйшы: «Ты ведаў, што я патрапіў у рэанімацыю пасьля падпісаньня дакумэнта аб перадачы маёй долі? А чаму не пазваніў нават?»

Адказ Чыжа: «Навошта было турбаваць...»

Япрынцаў-старэйшы: «А было калі, каб я табе не пазваніў, калі ў цябе праблемы са здароўем былі?»

Чыж: «Навошта пра гэта».

Япрынцаў-старэйшы: «А што такое махлярства? Ты цяпер сусед мой, ты, пэўна, пачытаў? Як у «Трайпле» атрымліваюць дывідэнды?

Чыж: «Праз банк».

Япрынцаў-старэйшы: «У нас была падобная сытуацыя раней?»

Чыж: «Была, так».

Япрынцаў-старэйшы: «І як я тады паводзіў сябе? Я зьбег з краіны ці як?»

Чыж: «Нармальна».

Япрынцаў-старэйшы: «Меў я маральнае права зьвярнуцца да цябе як да сябра, як я тады лічыў?»

Чыж: «Я сказаў, што будзем вырашаць твае праблемы, але цяпер грошай няма».

Япрынцаў-старэйшы: «А колькі мы з табой знаёмыя? Больш за 20 гадоў? Я цябе хоць раз падмануў? Ці былі ў мяне калі фінансавыя адносіны з Маміяшвілі?

Чыж: «Так».

Чыж таксама кажа «ты» Япрынцаву: «Валодзя, давай я табе нагадаю....»

На большасьць пытаньняў Япрынцава-старэйшага Чыж не пасьпявае адказаць, ён нешта кажа, але амаль не чуваць.

Япрынцаў-старэйшы: «Ты ведаеш, што я рабіў 11 жніўня раніцай?» ( тады яго арыштавалі)

Чыж: «Ня ведаю».

Япрынцаў-старэйшы: «А калі аформілі маю долю?»

Чыж: «Можа да арышту, можа пасьля».

Япрынцаў-старэйшы: «Калі было такое, каб Юрый Аляксандравіч Чыж ня ведаў, што адбывалася?»

Чыж: «Я б прасіў не нагнятаць. Ініцыятыва была ад Маміяшвілі».

Япрынцаў-старэйшы: «А якія адносіны былі паміж нашымі сем’ямі?»

Чыж: «Апошнія тры гады радзей сустракаліся».

Япрынцаў-старэйшы: «А апошні дзень народзінаў ты дзе сустракаў?»

Чыж: «У Сочы».

Япрынцаў-старэйшы: «А калі жонка мая да цябе пад’ехала пасьля майго арышту, ты быў з ахоўнікамі, чаму яна ня мела права да цябе падыйсьці?»

Чыж: «Я ня быў з ахоўнікамі».

Япрынцаў: «Была размова пра 40 мільёнаў ад цябе? Што ты сказаў, што калі ён 40 мільёнаў не аддасьць, дык да 70 гадоў ня выйдзе? Так ці не?»

Чыж не адказвае.

Япрынцаў-старэйшы скончыў задаваць пытаньні.

Пацярпелы Юры Савяк на ўдакладненьне адваката Буякевіча кажа, што 30 мільёнаў — гэта ягоныя грошы.

«Калі гэтак, я паеду ў Аўстрыю і буду завадзіць справу на вас. Хочаце скандалу, атрымаеце», — сказаў Савяк. На адрас Казьбека Япрынцава і Арабяна ён сказаў:

«Лепш бы гэтыя саплякі пабіліся і прабачылі адзін аднаму». Пацярпелы абураецца, што ўзьніклі пытаньні адносна паходжаньня грошай, што нібыта гэта не ягоныя грошы.

«Сродкі мае, я нясу за іх адказнасьць. Я перавёў сюды 24 мільёны даляраў. Даваў пра гэта паказаньні».

Пытаньні пацярпелым задаюць у прысутнасьці Юрыя Чыжа. Ён слухае моўчкі, тварам да суду.

У судзе перапынак да заўтра да 10.00.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG