Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вясельле ў Турэччыне ўзарваў падлетак-сьмяротнік


Выканаўцам тэракту на вясельлі ў Газіянтэпе, у выніку якога загінуў 51 чалавек, быў сьмяротнік 12-14 гадоў. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган.

У выніку выбуху бомбы былі параненыя 69 чалавек, зь іх 17 знаходзяцца ў цяжкім стане. Ахвярамі тэракту сталі госьці вясельля, якія выйшлі на вуліцы гораду. Паводле агенцтва Dogan, сьмяротнік зьмяшаўся з натоўпам, дзе было шмат жанчын і дзяцей, і прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне. Ідзе пошук двух чалавек, якія суправаджалі меркаванага сьмяротніка і ўцяклі пасьля нападу.

У турэцкай пракуратуры пазьней паведамілі, што часткі пояса сьмяротніка былі знойдзеныя ў раёне выбуху. Паводле прэзыдэнта краіны Эрдагана, сьмяротніку было ад 12 да 14 гадоў.

Левая пракурдзкая Дэмакратычная партыя народаў (ДПН) у сваім камюніке адзначае, што гэта было вясельле аднаго зь яе прадстаўнікоў.

Горад Газіянтэпе на паўднёвым усходзе Турэччыны зь пераважна курдзкім насельніцтвам знаходзіцца за 60 кілямэтраў ад мяжы з Сырыяй.

Прэзыдэнт Турэччыны заявіў, што верагодна за выбухам на вясельлі стаіць тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». Эрдаган у сваім камюніке таксама заявіў, што ня бачыць ніякай розьніцы паміж «Ісламскай дзяржавай», Рабочай партыяй Курдыстану і прапаведнікам Фетхулахам Гюленам, якога турэцкія ўлады вінавацяць у арганізацыі спробы ваеннага перавароту.

XS
SM
MD
LG