Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскі пісьменьнік», які папрасіў прытулку ва Ўкраіне — актывіст Раман Рослаўцаў, вядомы акцыямі ў масцы Пуціна 


Актывіст Раман Рослаўцаў у масцы Пуціна на пікеце супраць артыкулу Крымінальнага кодэксу РФ, які прадугледжвае пакараньне за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях.

Актывіст Раман Рослаўцаў у масцы Пуціна на пікеце супраць артыкулу Крымінальнага кодэксу РФ, які прадугледжвае пакараньне за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях.

Расейскі актывіст Раман Рослаўцаў просіць Украіну даць палітычны прытулак з-за перасьледу з боку ФСБ.

Пра гэта Рослаўцаў паведаміў Грамадзкаму тэлебчаньню.

«Прычына, чаму я вырашыў прасіць прытулку ва Ўкраіне — немагчымасьць працягваць пратэстную дзейнасьць у Расеі. Ля майго дома ў Маскве дзяжурылі работнікі ФСБ, таму ніякіх рэчаў я з сабой ня браў, прыехаў сюды ні з чым», — сказаў ён у камэнтары Грамадзкаму.

Актывіст дадаў, што з афіцыйным зваротам у міграцыйнай службы ён прыйдзе 22 жніўня.

Раман Рослаўцаў 11 разоў выходзіў на пікеты ў масцы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Кожны раз супрацоўнікі паліцыі затрымлівалі яго і адбіралі маску.

У канцы ліпеня Рослаўцаў быў выкрадзены ў цэнтры Масквы. Невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў, прымусілі яго прайсьці ў машыну і паўтары гадзіны вазілі па горадзе, патрабуючы, каб ён больш не праводзіў ніякіх акцыяў.

Раней Памежная служба Ўкраіны паведаміла пра тое, што нейкі расейскі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч папрасіў статус уцекача ў краіне. Пры гэтым імя яго не называлася.

XS
SM
MD
LG