Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не выключаецца паход расейскіх войскаў на Адэсу», — расейскі вайсковы экспэрт пра падзеі ў Крыме


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Цяперашняе абвастрэньне ваенна-палітычнай сытуацыі ў Крыме можа перарасьці ў поўнамаштабную рэгіянальную вайну паміж Украінай і Расеяй.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі ваенны аглядальнік Павал Фэльгенгаўэр.

Павал Фэльгенгаўэр

Павал Фэльгенгаўэр

У сераду 10 жніўня ФСБ Расеі паведаміла, што ў ноч на нядзелю ў раёне памежнага гораду Армянску была затрыманая група дывэрсантаў з 15 чалавек, у перастрэлцы загінуў адзін расейскі сілавік. Паводле дадзеных ФСБ, у ноч на панядзелак адбыліся дзьве спробы прарыву дывэрсійна-выведных групаў празь мяжу з прымяненьнем цяжкога ўзбраеньня. У ведамстве сьцьвярджаюць, што дывэрсантаў рыхтавала непасрэдна Мінабароны Ўкраіны. Афіцыйны Крэмль абвінаваціў Кіеў у «пераходзе да практыкі тэрору».

Кіеў адхіліў абвінавачаньні ў тэрарызьме і зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі ААН.

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка загадаў прывесьці ўкраінскія войскі на Данбасе і каля адміністрацыйнай мяжы з Крымам у поўную баявую гатоўнасьць.

Расейскі вайсковы аглядальнік Павал Фэльгенгаўэр пракамэнтаваў Свабодзе падзеі апошніх дзён у Крыме і даў прагноз датычна магчымай эскаляцыі канфлікту ў рэгіёне.

— Далейшае нарастаньне напружанасьці цалкам магчымае ў цяперашняй сытуацыі. Імаверна, што ваенная эскаляцыя перарасьце ў поўнамаштабную рэгіянальную вайну. Напрыклад, не выключаецца паход расейскіх войскаў на Адэсу з мэтай прабіць сабе калідор у Прыднястроўе.

Як паведамляюць расейскія СМІ, ФСБ затрымала сем чалавек, сярод іх грамадзянін Украіны Яўген Паноў, якога спэцслужба называе кадравым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны і заяўляе, што ён кіраваў дывэрсантамі.

— Складана сказаць, чаму расейскія спэцслужбы абралі менавіта гэтую асобу, але выглядае ўсё непераканаўча. Нейкі чалавек з пабітым тварам кажа, што ён дывэрсант. Я ня веру ў вэрсію ФСБ датычна Панова, — кажа экспэрт.

Паводле Фэльгенгаўэра, імавернасьць будучай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай складае 50 адсоткаў.

— Вялікая небясьпека палягае ў тым, што, у адрозьненьне ад канфлікту на Данбасе, цяпер ідзе непрыхаваная канфрантацыя паміж дзьвюма сувэрэннымі дзяржавамі. Апошнія выказваньні Пуціна на адрас афіцыйнага Кіева сьведчаць пра яго намер зьмяніць там уладу. Усё павінна вырашыцца цягам некалькіх тыдняў. Пасьля кастрычніка Масква наўрад ці будзе распачынаць баявыя дзеяньні.

Ваенны экспэрт лічыць, што для агрэсіі Крамля сёньня склаліся спрыяльныя міжнародныя ўмовы: выбары ў ЗША, Brexit у Вялікай Брытаніі, міграцыйны крызіс у Эўропе.

— Пуцін паспрабуе скарыстаць момант, калі Захад расколаты і фактычна ня здольны ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі. Галоўная мэта застаецца ранейшай — дамагчыся, каб Украіна спыніла працэс эўраінтэграцыі. Дзеля гэтага Пуцін можа ўжыць сілавыя мэтады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG