Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Судзяць 4 актывістаў за акцыю салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам


Пікет у падтрымку Зьмітра Паліенкі

Пікет у падтрымку Зьмітра Паліенкі

Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Менску праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам, якая адбылася каля сьценаў сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага 17 ліпеня.

Пра гэта паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пратаколы правапарушэньня паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) былі складзеныя на каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, актывістак Натальлю Гарачку, Вольгу Маёраву і Вольгу Мікалайчык.

Пачатак судовых працэсаў прызначаны на 9-15 гадзінаў.

Справу Максіма Вінярскага разглядае судзьдзя Тацяна Матыль, Натальлі Гарачкі — судзьдзя Тацяна Пірожнікава, Вольгі Маёравай — судзьдзя Віктар Казак, Вольгі Мікалайчык — судзьдзя Аляксандар Петраш.

29 красавіка на экалягічнай акцыі «Крытычная маса» Паліенка і яшчэ 5 чалавек былі жорстка затрыманыя АМАПаўцамі і зьбітыя. Пазьней супраць двух затрыманых завялі крымінальную справу паводле артыкулу 364 КК РБ — «Гвалт ці пагроза гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі». Аднаго падазраванага — Стаса Канавалава — выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, Зьмітра Паліенку накіравалі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ён цяпер чакае суду.

XS
SM
MD
LG