Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над раварыстам Зьмітром Паліенкам адбудзецца ў жніўні


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Пра гэта актывіст паведаміў у лісьце свайму бацьку Аляксандру Паліенку. Той перадае, што пасьля суду Зьміцер спадзяецца выйсьці на волю. Ён упэўнены, што ягоная невінаватасьць будзе даказаная.

«Сын даслаў з „Валадаркі“ ліст. На ўмовы і здароўе ня скардзіцца, піша, што ў жніўні ў яго будзе суд, гэтак яму сказалі сьледчыя, а пасьля суду разьлічвае выйсьці на волю. Зьмітра абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту адносна міліцыянта. Нібыта падчас затрыманьня ён парваў форменную вопратку супрацоўніку ДАІ. Аднак віны сын не прызнае і кажа, што няма гэтаму доказаў. Ёсьць відэа тых падзеяў, на якім відаць, як сын проста спрабаваў дапамагчы сябру», — распавёў Аляксандар Паліенка. Бацька падсьледнага мяркуе, што насамрэч ягонага сына перасьледуюць не за акцыю «Крытычная маса», а за ранейшую актыўнасьць у пратэстным палітычным руху.

Зьміцер Паліенка быў затрыманы падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка. Падчас падобных акцый па вуліцах Менску праяжджае група раварыстаў з мэтай прадэманстраваць, што горад недастаткова прыстасаваны для роварнага руху. 29 красавіка супрацоўнікі ДАІ спынілі акцыю амаль у самым пачатку, затрымліваючы найбольш актыўных удзельнікаў. Усяго было затрымана 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аб аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ. А супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу — «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Станіслава Канавалава сьледчыя выпусьцілі пад падпіску, а Зьмітра Паліенку ўжо другі месяц трымаюць за кратамі. За гэты час актывіст пасьпеў пабываць у СІЗА на Валадарскага, быў пераведзены ў Жодзінскую турму, а цяпер ізноў вернуты на «Валадарку».

Пра ўмовы ўтрыманьня Зьмітра Паліенкі ў СІЗА на Валадарскага амаль нічога невядома. Адвакат, якая рэгулярна наведвае актывіста, адмаўляецца расказваць пра ўмовы ў камэры, дзе трымаюць яе падабароннага. На «Валадарцы» для Зьмітра Паліенкі прымаюць перадачы, у тым ліку кнігі. Бацька актывіста таксама паведаміў, што яму не дазволілі сустрэцца з сынам, прынамсі, да заканчэньня сьледзтва.

XS
SM
MD
LG