Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да арыштаванага раварыста Паліенкі цэнзуруюць і затрымліваюць


Дзьмітры Паліенка

Дзьмітры Паліенка

«Зьміцер скардзіцца, што лісты да яго прыходзяць адцэнзураваныя ледзь не напалову, з закрэсьленымі кавалкамі, а некаторыя надоўга затрымліваліся», — паведаміла праваабаронца Наста Лойка.

Актывіста Зьмітра Паліенку ўтрымліваюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Актывіст быў арыштаваны пасьля масавага заезду раварыстаў «Крытычная маса». Зьміцер Паліенка, які заступіўся за аднаго з затрыманых раварыстаў, абвінавачваецца ў нападзе на міліцыянта. Сам ён гэта адмаўляе.

29 красавіка супрацоўнікі ДАІ затрымалі 6 зь некалькіх дзясяткаў раварыстаў — удзельнікаў «Крытычнай масы». Тыя спрабавалі праехаць на роварах па цэнтральных вуліцах Менску, каб прадэманстраваць іх непрыдатнасьць да роварнага руху. Затрыманых раварыстаў моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней чацьвёра зь іх падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аб аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ.

Супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкула Крымінальнага кодэксу — «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Справу расьсьледуюць у Цэнтральным раённым аддзеле Сьледчага камітэту.

Станіслава Канавалава сьледчыя выпусьцілі пад падпіску, а Зьмітра Паліенку трэці месяц трымаюць за кратамі.

«Сын па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым. Кажа, што проста заступіўся, паспрабаваў дапамагчы сябру. Што да сьледзтва, дык ёсьць зьвесткі, што яно хутка скончыцца і ў канцы ліпеня ці пачатку жніўня пачнецца суд», — паведаміў карэспандэнту Свабоды бацька актывіста Аляксандар Паліенка. Паводле бацькі актывіста, на ўмовы ўтрыманьня ў «Валадарцы» Зьміцер Паліенка ня скардзіцца.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» кажуць, што ўважліва адсочваюць справу Зьмітра Паліенкі, бо яна, магчыма, зьвязаная з пратэставай дзейнасьцю актывіста. Калі мае пачацца суд над Паліенкам, праваабаронцы ня ведаюць.

Складана было меркаваць, што Паліенку сапраўды асудзяць да зьняволеньня, бо калі гэтак здарыцца, дык, відавочна, праваабаронцы прызнаюць яго палітвязьнем

«Мы не выключалі, што яго пратрымаюць да 29 ліпеня, калі скончацца 3 месяцы арышту, і вызваляць перад судом. Складана было меркаваць, што Паліенку сапраўды асудзяць да зьняволеньня, бо калі гэтак здарыцца, дык, відавочна, праваабаронцы прызнаюць яго палітвязьнем. А гэта наўрад ці патрэбна беларускім уладам. Але ўжо бачна, што сьледзтва зацягнулася і наш прагноз на вызваленьне ў канцы ліпеня можа ня спраўдзіцца. У нас былі зьвесткі, што сьледчыя ніяк ня могуць правесьці вочную стаўку Паліенкі з супрацоўнікам ДАІ, на якога актывіст нібыта напаў — той супрацоўнік не зьяўляецца. Таму, калі пачнецца суд, цяпер прадказаць цяжка. Але на працэсе будзем уважліва высьвятляць усе акалічнасьці справы», — сказала праваабаронца Наста Лойка.

Былы працаўнік МТЗ Зьміцер Паліенка ня першы год удзельнічае ў пратэставым руху. Яго затрымлівалі на пікетах, штрафавалі і прысуджалі да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

XS
SM
MD
LG