Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст, які першым расказаў пра інцыдэнт на БелАЭС, атрымаў адказ з Генпракуратуры


Беларуская АЭС у Астраўцы

Беларуская АЭС у Астраўцы

Дэмакратычны актывіст з Астраўца Мікола Ўласевіч, які першым абнародаваў інфармацыю пра няштатную сытуацыю на будаўнічай пляцоўцы Беларускай атамнай электрастанцыі, атрымаў адказ з Генэральнай пракуратуры. Па сутнасьці, ведамства абмежавалася традыцыйнай адпіскай, перанакіраваўшы заяву ў структуру, якая найменей зацікаўленая ў агалошваньні падрабязнасьцяў інцыдэнту.

«Адказ з Генэральнай пракуратуры РБ на электронны зварот у сувязі з падзеньнем корпусу рэактара на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС 10 ліпеня не прымусіў сябе чакаць. І мабыць гэта адзінае суцяшэньне ва ўсёй гэтай гісторыі, — гаворыць Мікола Ўласевіч, удакладняючы. — Ні ўзровень адказу, ні, тым больш, яго зьмест мяне не задавальняюць».

Мікола Ўласевіч

Мікола Ўласевіч

Адказ на зварот Уласевіча, які быў адрасаваны на імя Генэральнага пракурора, падпісаў намесьнік начальніка аддзелу па наглядзе за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў П.П. Елісееў. У ім службовая асоба суха паведаміла, што заява накіраваная на разгляд у Міністэрства энэргетыкі Беларусі. Акурат ведамства, якое толькі 26 ліпеня прызнала: «няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпусу рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці».

У ноч на 10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС адбылося надзвычайнае здарэньне, два тыдні пра якое нічога не паведамлялася. Інфармацыя пра гэта зьявілася толькі 25 ліпеня, і тое ад актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Ўласевіча, які жыве ў суседніх Варнянах і ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі.

Ён напісаў у Фэйсбуку, што ня менш за дзясятак незалежных адна ад адной крыніц на ўмовах ананімнасьці падчас правядзеньня пікетаў па зборы подпісаў пацьвердзілі факт абвальваньня рэактара пры яго транспартаваньні. 330-тонны агрэгат сарваўся і зваліўся ўніз з 4 мэтраў. А некаторыя крыніцы сьцьвярджалі, што вышыня была значна большай — блізу 10 мэтраў. У наступныя дні ведамствы ў Беларусі і Расеі спрабавалі давесьці, што нічога надзвычайнага не адбылося і на корпусе рэактара ўсяго толькі «пашкодзілася фарба». Аднак мінуў месяц, а на пляцоўку не дапушчаны ніводзін журналіст, які мог бы на ўласныя вочы пераканацца ў «надуманасьці» перабольшаньняў.

«Мяркую, што камэнтары тут залішнія, — канстатуе Мікола Ўласевіч. — Зварот-скаргу, у якой я ставіў пытаньне аб прыпыненьні будаўніцтва АЭС, далі правяраць таму, хто ўсяляк прасоўвае ў Беларусі будаўніцтва небясьпечнага аб’екту і хто ў дадзеным выпадку будзе прымяншаць ўвесь цяжар магчымых наступстваў надзвычайнага здарэньня».

XS
SM
MD
LG