Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец адмаўляе, што плаціў грамадзянам за подпісы


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец ня згодны з вынесеным яму папярэджаньнем, у якім акруговая выбарчая камісія Сухараўскай выбарчай акругі № 101 сьцьвярджае, што сябры ініцыятыўнай групы Лагвінца раздавалі друкаваныя матэрыялы і плацілі выбарнікам за подпісы.

«Акруговая камісія вырашыла вынесьці папярэджаньне [...] за раздачу друкаваных матэрыялаў выбарнікам падчас збору подпісаў, а таксама за ўзнагароджаньне выбарнікаў за ўнясеньне подпісаў у падпісныя аркушы», — гаворыцца ў рашэньні акруговай камісіі.

Карыстаючыся магчымасьцю аспрэчыць рашэньне ў трохдзённы тэрмін, Алесь Лагвінец падаў скаргу ў Менскую гарадзкую выбарчую камісію.

Палітык сьцьвярджае, што сябры яго ініцыятыўнай групы ніколі не плацілі выбарнікам за подпісы:

«У вынесеным рашэньні АВК адсутнічае спасылка на тое, калі, кім менавіта і ў якім памеры магло ажыцьцяўляцца ўзнагароджаньне грамадзян пры зборы подпісаў, не пазначаная дакладная ці прыкладная колькасьць грамадзянаў, якія нібыта атрымалі адпаведнае ўзнагароджаньне. Я пацьвярджаю, што сябры ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня Лагвінца А.І. кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ніколі не прапаноўвалі і не праводзілі ўзнагароджаньне выбарнікаў за ўнясеньне апошнімі подпісаў у падпісныя аркушы», — піша Лагвінец у скарзе.

Што да раздачы друкаваных матэрыялаў, то Алесь Лагвінец патлумачыў, што на пікетах раздавалі яго візытоўкі — каб выбарнікі маглі патэлефанаваць кандыдату і задаць свае пытаньні. Ён лічыць, што візытоўкі не зьяўляюцца друкаванымі матэрыяламі, забароненымі да раздачы падчас збору подпісаў:

«Пэрыядычна грамадзяне, якія яшчэ дакладна ня вызначыліся, за якога з прэтэндэнтаў у дэпутаты яны хацелі б пакінуць свой подпіс, хацелі асабіста пагутарыць са мною, каб лепш даведацца пра мае прафэсійныя і асабістыя якасьці ня толькі як будучага кандыдата ў дэпутаты, але і як прадстаўніка Праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух „За Cвабоду“. Аднак немагчыма аднаму чалавеку знаходзіцца адначасова на ўсіх пікетах ці абыходзіць усе кватэры. Таму пэрыядычна грамадзянам, якія хацелі асабіста пагутарыць са мною, але ня мелі, на іх вялікі жаль, такой магчымасьці, па іх жа просьбе раздаваліся мае асабістыя візытоўкі з нумарам тэлефона, па якім грамадзяне пазьней маглі патэлефанаваць і асабіста пакамунікаваць, задаўшы пытаньні па самых розных сфэрах дзейнасьці. Раздача асабістых візытовак па просьбах іншых грамадзянаў не зьяўляецца парушэньнем Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам, Алесь Лагвінец просіць Менскую гарадзкую выбарчую камісію адмяніць рашэньне акруговай выбарчай камісіі Сухараўскай выбарчай акругі № 101 аб вынясеньні папярэджаньня, а факты, пакладзеныя ў аснову рашэньня, — прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасьці.

XS
SM
MD
LG