Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма рэспубліканцаў: дапамога Ўкраіне, больш жорсткія санкцыі супраць Расеі


Дэлегаты Нацыянальнага зьезду Рэспубліканскай партыі ў Кліўлэндзе 18 ліпеня прынялі партыйную праграму, якая выказваецца за ўзмацненьне жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Расеі да таго часу, пакуль ня будуць адноўленыя сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласьць Украіны.

Ва ўнутрыпалітычным разьдзеле, як паведамляе Голас Амэрыкі, выкладзеныя даволі традыцыйныя для Рэспубліканскай партыі пастуляты, заснаваныя на памяншэньні ролі фэдэральнага ўраду ўнутры краіны, зьніжэньні падаткаў, скарачэньні асыгнаваньняў на барацьбу з глябальнай зьменай клімату.

У зьнешнепалітычным разьдзеле рэспубліканцы, сярод іншага, крытыкуюць замежную палітыку Барака Абамы ў дачыненьні да Расеі ды надаюць пэўную ўвагу Ўкраіне і іншым постсавецкім дзяржавам.

У праграме пазначана, што з-за дзеяньняў Барака Абамы было прынята рашэньне не разьмяшчаць сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі, а ў падпісанай ім амэрыканска-расейскай дамове аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (New START) няма адэкватных мэханізмаў вэрыфікацыі і кантролю, што прывяло да таго, што стратэгічны арсэнал ЗША скарачаецца, а Расеі — расьце. У праграме таксама адзначаецца, што з-за слабасьці цяперашняй адміністрацыі ЗША Расея акупуе частку тэрыторыі Ўкраіны і пагражае сваім суседзям «ад Балтыі да Каўказу».

«Мы падтрымліваем дзеяньне і, калі неабходна, супольнае з нашымі саюзьнікамі ўзмацненьне жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Расеі да таго часу, пакуль ня будзе цалкам адноўлены сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласьць Украіны. Мы таксама падтрымліваем наданьне неабходнай дапамогі ўзброеным сілам Украіны і большую каардынацыю з НАТО ў галіне нашага абароннага плянаваньня», — гаворыцца ў праграме.

У праграме таксама ўтрымліваецца абяцаньне надаваць больш увагу краінам Эўразіі — «былым часткам Савецкай імпэрыі», якія «заціснутыя паміж двума аўтарытарнымі суседзямі». Аўтары праграмы заклікаюць інтэграваць дзяржавы рэгіёну ў глябальную эканоміку, што дазволіць паменшыць уплыў радыкальных ідэалёгій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG