Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд рэспубліканцаў, дзень першы: спроба бунту супраць Трампа правалілася


Драматычна пачаўся Нацыянальны зьезд Рэспубліканскай партыі ў Кліўлэндзе, штат Агаё, 18 ліпеня.

Апанэнты Доналда Трампа пайшлі ў лабавую атаку супраць яго, сабраўшы дастаткова подпісаў дэлегатаў для правядзеньня агульнага галасаваньня, каб зьмяніць правілы зьезду, якія абавязваюць дэлегатаў галасаваць менавіта за Трампа.

Варта адзначыць, што рух Delegates Unbound («Вызваленыя дэлегаты»), а таксама актывісты руху Never Trump («Ніколі Трамп!») шматкроць рабілі спробы перашкодзіць намінацыі Трампа, але ў іх гэта не атрымалася: 16 супернікаў мільярдэра сышлі з дыстанцыі, а ў траўні Трамп быў абвешчаны пераможцам рэспубліканскіх праймэрыз.

«Я прыехаў у Кліўлэнд, каб выратаваць Рэспубліканскую партыю ад самагубства — Голас Амэрыкі цытуе Крыса Гэманда, дэлегата ад Вашынгтону. — Доналд Трамп адштурхоўвае менавіта тыя групы насельніцтва, якія неабходныя партыі для перамогі на наступных выбарах. Рэспубліканскі камітэт апублікаваў даклад пасьля паразы на выбарах 2012 году. У ім гаворыцца, што нам неабходна засяродзіцца на прыцягненьні жанчын, этнічных меншасьцяў і гішпанамоўных выбаршчыкаў. А ў Трампа — жудасны рэйтынг сярод гэтых груп насельніцтва. Нават калі ён выйграе гэтыя выбары, іншы рэспубліканскі кандыдат наступныя выбары выйграць ня зможа, таму што Трамп ператварыў варожае стаўленьне да жанчын і меншасьцяў у брэнд Рэспубліканскай партыі».

У залі, дзе праходзіць зьезд, пачаўся сапраўдны хаос — апанэнты Трампа рабілі заклікі да розуму і сумленьня партыі ды патрабавалі падліку галасоў, прыхільнікі кандыдата крычалі «мы хочам Трампа» і гулі. Старшыня зьезду кангрэсмэн Стыў Ўормак у замяшаньні пакінуў сцэну — пазьней вярнуўся для паўторнага галасаваньня па тым самым пытаньні — і пасьля крыкаў «за» і «супраць» з абодвух бакоў абвясьціў, што дзейныя правілы былі зноў зацьверджаныя галасаваньнем. «Бунт» праваліўся.

Рэджыналд Грант, афраамэрыканскі дэлегат ад штату Тэхас, былы марскі пяхотнік, сказаў расейскай службе Голасу Амэрыкі, што лічыць гэткія ініцыятывы бескарыснымі:

«Доналд Трамп атрымаў на мільёны больш галасоў — любая спроба перашкодзіць гэтаму — контрапрадуктыўная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG