Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турысты цярпяць ад расейска-турэцкага прымірэньня


Як адбілася на беларусах аднаўленьне замарожаных стасункаў паміж Расеяй і Турэччынай і чаму Пуцін і Эрдаган наважыліся сябраваць насуперак тэрарыстычнай пагрозе, узровень якой застаецца крытычным? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Ігар Карней.

Карней: Тыдзень таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб скасаваньні санкцыйных абмежаваньняў у дачыненьні да Турэччыны — у тым ліку ў турыстычнай галіне. Адразу ж паўстала пытаньне: як вяртаньне расейцаў на папулярныя курорты паўплывае на беларусаў, якія ў адсутнасьць усходніх канкурэнтаў спраўна карысталіся выгодамі зьніжак, спэцпраграмаў, «гарачых тураў» і г. д.?

Супрацоўнікі буйных турыстычных апэратараў, якія спэцыялізуюцца на турэцкім кірунку, у адзін голас сьцьвярджаюць: наступствы пуцінскага ўказу ўжо адчуваюцца. На навіне аб вяртаньні расейскай кліентуры турэцкія гатэльеры зьмянілі цэнавую палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Так, ад 1 ліпеня зьнятыя спэцыяльныя прапановы, якімі туркі заваблівалі на вакантныя месцы беларусаў. Гэта азначае, што папярэднія разьлікі, зробленыя беларускімі фірмамі на ліпень-жнівень, давядзецца карыгаваць — з адменай спэцпрапановаў цэньнікі на браніраваньне становяцца істотна большыя, прытым у шэрагу выпадкаў — практычна ўдвая.

Экспэрты рынку зазначаюць: раз туркі зацікаўленыя вярнуць вялізную армію расейскіх турыстаў, то найбольш выгадныя прапановы рыхтуюцца найперш для іх. Усе астатнія, у тым ліку і беларусы, будуць ісьці на агульных падставах. Самыя відавочныя наступствы — няма найбольш запатрабаваных «гарачых тураў» і адмысловых прапановаў, на якія разьлічвала значная частка беларускіх кліентаў.

З адменай спэцпрапановаў цэньнікі на браніраваньне становяцца істотна большыя, прытым у шэрагу выпадкаў — практычна ўдвая.

Разам з тым знаёмыя, якія працуюць у турыстычнай індустрыі, лічаць паводзіны турэцкага боку як мінімум непасьлядоўнымі. Шырокамаштабныя антытурэцкія санкцыі былі ўведзеныя пры канцы мінулага году пасьля інцыдэнту са зьбітым расейскім самалётам-зьнішчальнікам, але фармальна датычылі адсутнасьці гарантый бясьпекі ў адносінах да грамадзянаў Расеі. Афіцыйная Анкара адказвала ваяўнічай рыторыкай і здавалася, што справа каціцца да вайны, але ніяк не да замірэньня. Таму нямала зьдзівіла: падпісаньне ўказу аб размарожваньні расейска-турэцкіх дачыненьняў адбылося літаральна праз суткі пасьля выбуху ў стамбульскім аэрапорце імя Атацюрка, ахвярамі якога сталі 45 чалавек і больш за дзьве сотні атрымалі раненьні.

Што стала падставай да такога кроку? Магчыма, адказ хаваецца ў статыстыцы. Да абвяшчэньня санкцый штогод турэцкія курорты наведвалі нешта з 4,5 мільёну расейцаў. Агулам яны пакідалі за сэзон у гэтай краіне ў эквіваленце 5 мільярдаў даляраў. Беларусаў у Турэччыне на парадак меней — лічба не дацягвае нават да 100 тысяч, а траты падчас адпачынку непараўнальныя з размахам расейцаў. Ясна, на чыім баку будуць сымпатыі тамтэйшай турыстычнай індустрыі.

Апроч таго, ня трэба забывацца пра мільярды, якія Турэччына мела ад паставак у Расею садавіны, гародніны, тэкстылю, аўтазапчастак і г. д. Пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый супраць Расеі за агрэсію ва Ўкраіне і контразахадаў у выглядзе сустрэчнага эмбарга Турэччына разам зь Беларусьсю выйшла ў лідэры паводле аб’ёму паставак харчаваньня на расейскі рынак. Спыненьне экспарту ў выніку інцыдэнту з расейскім самалётам-парушальнікам і пачаткам антытурэцкай кампаніі ў Расеі істотна зьнізілі паступленьні ў дзяржаўны скарб Турэччыны.

Да таго ж, за два апошнія гады, пачынаючы ад анэксіі Крыму, Расея да такой ступені пашырыла кола зьнешніх ворагаў, што цяпер трэба неяк даваць задні ход. Вораг у выглядзе такой магутнай краіны як Турэччына ды яшчэ ў зоне стратэгічных інтарэсаў — для Крамля занадта дарагое задавальненьне.

Такім чынам, любыя ворагі маюць шанец замірыцца, калі на кон пастаўленыя вялікія грошы. І выглядае, што гэта якраз той выпадак.

Глод: Я, рыхтуючыся да гэтай размовы, прагледзеў, што пішуць расейскія выданьні пра становішча з іхнымі турыстамі на турэцкім кірунку. Галоўнае заключаецца ў двух сказах. Першы — «Попыт на Турэччыну застаўся на словах». Другі — «Запытаў на туры ў Турэччыну шмат, а рэзэрваваньня месцаў у гатэлях мала».

Толькі кожны дваццаты турыст, які цікавіцца падарожжам у Турэччыну, гатовы ўкласьці дамову і загадзя зарэзэрваваць месца. Мне падаецца, гэта чыста псыхалягічны фактар. Турысты чакаюць водгукаў найперш наконт бясьпекі.

Усе ж ведаюць пра тыя выбухі, што грымяць у Турэччыне. Людзі, зразумела, пакуль асьцерагаюцца і толькі прыглядаюцца.

Гэта першая частка пытаньня. Цяпер другая — пра стратэгічныя дачыненьні Расеі і Турэччыны і ролю Беларусі ў гэтай справе. Успомнім, што Лукашэнка раптам пачаў інтэнсіўна сустракацца з прэзыдэнтам Турэччыны. Першы раз гэта было ў Туркмэністане. Апошні — два з паловай месяцы таму. Уласна кажучы, Лукашэнка ў красавіку езьдзіў не асабіста да Эрдагана, а на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які праходзіў у Стамбуле. Некаторыя экспэрты спрабуюць знайсьці такім паводзінам беларускага лідэра рацыянальнае тлумачэньне. Маўляў, Беларусь, знаходзячыся ў цяжкім эканамічным становішчы, шукае новыя рынкі збыту, інвэстараў, крэдыты, усё такое. Гэтую вэрсію можна прыняць.

Лукашэнка паспрабуе замірыць Эрдагана з Пуціным, а пасьля скарыстацца гэтым на сваю карысьць.

Аднак, я думаю, нельга скідваць і палітычны характар кантактаў лідэраў Беларусі і Турэччыны. Пасьля таго, як Лукашэнка атрымаў велізарныя дывідэнды ад «менскай пляцоўкі», ён зусім ня супраць быў атрымаць такую самую выгаду і ад замірэньня прэзыдэнтаў Расеі і Турэччыны. Дзеля гэтага Лукашэнка нават падключаў прэзыдэнта Азэрбайджану Аліева. Але тут нечакана ў справу ўмяшаўся яшчэ адзін прэзыдэнт — Назарбаеў. Ён таксама захацеў заслужыць свае ляўры міратворцы.

Аднак Лукашэнка ня хоча саступаць нікому. З неафіцыйных крыніцаў, я чуў што Эрдаган хутка зьявіцца ў Менску. Нават называюць і дату ягонага прыезду — 29 ліпеня. Фармальная падстава гэтага візыту — удзел кіраўніка Турэччыны ў адкрыцьці найбуйнейшага ў Беларусі мячэту. У выпадку, калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, то, я думаю, Лукашэнка скарыстаецца такой магчымасьцю, каб канчаткова замірыць Эрдагана з Пуціным. А пасьля скарыстацца гэтым на сваю карысьць.

Карбалевіч: Найперш, трэба заўважыць, што калі Лукашэнка сустракаўся з прэзыдэнтам Турэччыны Эрдаганам у Туркмэністане і Стамбуле, падчас паездкі кіраўніка Беларусі на саміт ісламскіх дзяржаў, расейскія мэдыі яго крытыкавалі. Маўляў, Расея ў канфлікце з Турэччынай, а расейскі саюзьнік сябруе з нашым ворагам.

Але вось цяпер, сама Расея нармалізуе адносіны з Анкарой. І на гэтым тле пазыцыя афіцыйнага Менску выглядае па-іншаму.

Але, паводле апошняй інфармацыі, расейскія турысты ў Турэччыну так і не паляцелі, бо пастанова расейскага ўраду аб дазволе ляцець у Турэччыну на адпачынак да транспартных ведамстваў не дайшла.

Беларускіх турыстаў нічым не спужаеш.

арэчы, беларускія турысты езьдзілі ў Турэччыну адпачываць, як і раней. Сапсаваныя адносіны Расеі з Турэччынай ніяк на гэтым не адбіліся. Не напужалі беларусаў і рэгулярныя тэракты на турэцкай тэрыторыі. Беларускіх турыстаў нічым не спужаеш. Некаторыя расейцы падчас забароны ўраду на наведваньне Турэччыны, выкарыстоўвалі Беларусь як транзыт для паездак у Турэччыну. Але гэты працэс ня быў масавым.

Цяпер, калі Турэччына адкрытая для расейскіх турыстаў, цэны на адпачынак у Турэччыне вырастуць. І гэта для беларусаў — дрэнна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG