Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Казлову адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ён падаў скаргу.

Спадар Мікалай хацеў вылучацца па 105-й Старавіленскай выбарчай акрузе ў Менску.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Мікалай Казлоў назваў фармальнымі і дробнымі прычыны адмовы ў рэгістрацыі:

«Мы падалі скаргу ў гарадзкую выбарчую камісію, выправілі тыя фармальныя памылкі, на якія яны ўказалі. Зноў падалі дакумэнты і чакаем, што заўтра яны яе зарэгіструюць. Памылкі былі не істотныя. Напрыклад, чалавек указаў сваё рэальнае месца жыхарства, а ня месца прапіскі. Аднак я мяркую, што мы сваю групу зарэгіструем, нягледзячы на такія дробныя пакасьці. Шкада толькі часу, які мы згубілі, бо ўжо амаль тыдзень маглі б зьбіраць подпісы. А атрымліваецца, што мы тут змагаемся з камісіяй. Прычым па надуманых прычынах».

Камэнтуючы сытуацыю, палітык адзначыў:

«Я лічу, што гэта проста непрыняцьце незалежных, апазыцыйных кандыдатаў. Камісіі нязначна памяняліся па складзе. Людзі прызвычаіліся працаваць у пэўным фармаце. Але я ўжо магу сказаць, што камісіі не зацікаўленыя ў чэсных выбарах».

Апошні дзень падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў — 7 ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG