Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з апазыцыйных кандыдатаў спадзяецца, што іх прапусьцяць? Абмяркоўваюць Быкоўскі, Чавусаў, Цыганкоў


Чаму ўлады, нягледзячы на «лібэралізацыю» адносінаў з Захадам, зноў не дапусьцілі прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі? Ці мяняе гэта стратэгію і тактыку дэмакратычных сілаў на парлямэнцкіх выбарах? Хто з апазыцыйных палітыкаў спадзяецца, што іх прапусьцяць у Палату Прадстаўнікоў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабода» адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Чым характарызуецца этап стварэньня выбарчых камісіяў? Як ён выглядае ў параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі? Больш альбо менш стала прадстаўнікоў апазыцыі — якая назіраецца дынаміка?

Чавусаў: Можна сказаць, што ў дачыненьні да тэрытарыяльных камісіяў адкрытасьць да апазыцыі трошкі большая, чым раней. Але трэба глядзець на паўнамоцтвы гэтых камісіяў. Фактычна яны займаюцца толькі разглядам скаргаў і не ўплываюць непасрэдна на падлік галасоў і на рэгістрацыю кандыдатаў.

Прынцыповых зьменаў у фармаваньні камісіяў мы не заўважым. Працэнт вылучэнцаў ад апазыцыйных партыяў, якія пасьпяхова трапілі ў склад камісіяў, застаецца на ранейшым узроўні, прыблізна як у 2012 годзе. Кампанія назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» кажа пра 134 вылучэнцы ад апазыцыі ў акруговыя камісіі, у 2012 годзе было 199, і працэнт уваходжаньня астаўся мізэрным. Адпаведна можна прагназаваць, што тое самае будзе ва ўчастковых камісіях. Калі апазыцыя вылучае туды 200-300 чалавек, а трапляюць туды некалькі дзясяткаў, і гэтыя ўчасткі расьцярушаныя па розных акругах.

Адпаведна, можна казаць, што гэты этап выбараў сьведчыць пра намер уладаў дэ-факта правесьці выбарчую кампанію ў тым самых рэжыме кіраванага працэсу.

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Цыганкоў: Ці стаў для вас адкрыцьцём гэты намер уладаў? Напрыклад, «Гавары праўду» абурана заяўляе пра неўключэньне сваіх кандыдатаў у камісіі. Можа, на фоне «лібэралізацыі» з Захадам некаторыя прадстаўнікі апазыцыі спадзяваліся на нешта іншае?

Быкоўскі: Калі раней было каля 2-3 працэнтаў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у камісіях, то зараз, магчыма, будзе каля 5 працэнтаў. Я ня думаю, што гэта нешта прынцыпова мяняе, улады не баяцца прысутнасьці нават вядомых апазыцыйных асобаў у камісіях.

Мне падалося цікавым, як у Менску праходзіла абмеркаваньне кандыдатураў у выбарчыя камісіі. Яны было, вядома, фармальным, — але прынамсі працэдурна нешта зьмянілася. Але само тое, што органы, якія фарміруюць камісіі, не абавязаныя прымаць кандыдатуры, прапанаваныя палітычнымі партыямі, могуць ім адмовіць — кажа пра тое, што прынцыпова ў фармаваньні выбарчых камісіяў мала што зьмянілася.

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Цыганкоў: Ці зьмяніла такое фармаваньне выбарчых камісіяў стаўленьне з боку апазыцыі да выбараў? Калі чарговы раз стала зразумела, што кантроль над падлікам галасоў улада не адпусьціць — ці мяняе гэта тактыку ўдзелу апазыцыі ў гэтай выбарчай кампаніі?

Чавусаў: Мне падаецца, што асноўныя палітычныя сілы адно толькі знайшлі пацьверджаньне для слушнасьці сваёй стратэгіі і арыентацыі на гэтую кампанію як на магчымасьць выкарыстаць яе для нейкіх агітацыйных мэтаў. Аднак ня ставіць рэальных мэтаў трапіць парлямэнт, бо фактычна выбарчы працэс у Беларусі па-ранейшаму адсутнічае.

Аднак некаторыя сілы, перш за ўсё «Гавары праўду», заяўляюць пра намер сапраўды трапіць у парлямэнт. Мне цяжка сказаць, наколькі сурʼёзна можна расцэньваць гэтыя дэклярацыі. Мне здаецца, гэта хутчэй спроба «адшыхтавацца» ўнутры апазыцыі, заняць нейкую «канструктыўную нішу» на будучыню.

Але наўрад ці самі прадстаўнікі ГП разьлічваюць на праход у заканадаўчую ўлады на гэтым этапе. Пра гэта, на маю думку, сьведчыць нечакана малая колькасьць ініцыятыўных групаў, пра намер рэгістраваць якія заявіла ГП — усяго 29. Хтосьці зь іх ня будзе зарэгістраваны, хтосьці не зьбярэ подпісаў — так што ўсурʼёз ацэньваць гэтую частку апазыцыі ў параўнаньні з традыцыйнымі дэмакратычнымі партыямі (АГП, БНФ. Грамада), на мой погляд, ня варта.

Быкоўскі: Публічных заяваў пра тое, што хтосьці спадзяецца трапіць у парлямэнт, ніхто з апазыцыйных палітыкаў не рабіў. Я мяркую, што большасьць традыцыйных апазыцыйных партыяў разглядаюць кампанію выключна як інструмэнт прасоўваньня сваіх поглядаў у працы з насельніцтвам. Разам з тым ёсьць спадзяваньні, што гэтая кампанія дасьць магчымасьць пашырыць кола сваіх прыхільнікаў, бо ў сёньняшняй крызіснай сытуацыі ў грамадзтве даволі вялікая хваля незадавальненьня ўладамі.

Правацэнтрысцкая кааліцыя здолела стварыць свой адзіны сьпіс. Гэта не здымае канкурэнцыю ў акругах, бо тут розныя сілы ставяць перад сабой розныя задачы, дэманструюць наяўнасьць рознай альтэрнатывы. Большасьць апазыцыйных сілаў ідзе на выбары, але разам з тым разумее, што ня можа кантраляваць падлік галасоў. Усё гэта паказвае, што асноўная задача ставіцца — праявіць сябе, пакарыстацца выбарамі як інструмэнтам для камунікацыі з жыхарамі Беларусі.

Чавусаў: Усё ж акрамя агітацыйнай мэты, пра якую мы ўзгадвалі, — ёсьць яшчэ адзін аспэкт: стаўленьне да выбараў замежных гульцоў. Таму тут прысутнічае і мэта ня даць магчымасьці рэжыму выкарыстаць парлямэнцкія выбары. Гэтак сама, як ён скарыстаў прэзыдэнцкія — прадэманстраваўшы адсутнасьць гвалту на выбарах у якасьці кроку наперад.

Мне падаецца, што гэтая мэта кіруе, напрыклад, Рухам «За свабоду», які нечакана шмат вылучыў прадстаўнікоў у камісіі. Іх не ўключылі, і гэта таксама пакажа сапраўдную сутнасьць кампаніі, каб ня даць магчымасьці уладам працэдурныя моманты выдаць за сутнасныя зьмены.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG